Брава, «Дынама»! Мінскі клуб асфальтавым катком прайшоўся па балгарах
«Дынама» (Беларусь) — «Чорнае мора» (Балгарыя) — 4:0.
Мінскае «Дынама» бліскуча выканала задачу выхаду ў трэці кваліфікацыйны раўнд Лігі Еўропы. Сёння на стадыёне «Трактар» беларускі клуб катком прайшоўся па балгарскім «Чорным моры».
Сёння ўдзень у Мінску крыху дажджыла, мабыць, праз гэтую акалічнасць на трыбунах не далічыліся колькі сотняў, а то і тысяч заўзятараў. Падалося, што на стадыёне сабралася тысяч 6-7 гледачоў. А вось фанатаў «Дынама» не было зусім. Яны абвесцілі байкот гульняў з прычыны занадта шчыльнага надгляду. З сонечнай Варны ў Мінск прыехала шасцёра хлопцаў і дзяўчат. Рэспект!
Матч тыднёвай даўніны скончыўся ўнічыю 1:1. Гэта давала стратэгічную перавагу мінчукам, дзякуючы голу на чужым полі. Калі казаць шчыра, то хвілін семдзясят матча ў Балгарыі «Чорнае мора» вазіла дынамаўцаў. Пасля матча ў Мінску зусім незразумела, як такое магло здарыцца.
І трэнер, і гульцы «Чорнага мора» самаўпэўнена казалі, што едуць у Беларусь толькі за перамогай. Маўляў, «Дынама» нічым не ўразіла, можна і нават патрэбна перамагаць. Гулец «Дынама» Ненад Адамавіч пасля гэтай гульні прызнаўся, што такія словы закраналі яго за жывое.
Трэнер мінчукоў Вук Рашавіч зрабіў некалькі замен у параўнанні з першым матчам. У паўабароне замест Быкава і Едзігарана выйшлі лівіец Мунір і Уладзімір Карыцька. Менавіта апошні, 36-гадовы ветэран беларускага футбола, стаў героем сустрэчы.
Гэта менавіта Карыцька распячатаў вароты Аляксандра Чанавіча (некалі ён гуляў у мінскім «Дынама») са штрафнога на 41-ай хвіліне. Гэта быў першы з ключавых момантаў сустрэчы. Другі адбыўся праз пяць хвілін, калі за другую жоўтую картку быў выдалены гулец балгарскай каманды Паланкаў. Увогуле ўкраінскі арбітр не саромееўся лезці ў кішэню за папярэджанне. За матч ён прадэманстраваў аж 9 картак!
У другім тайме, маючы колькасную перавагу, «Дынама» не пакінула ад «чарнаморцаў» каменя на камені. Асабліва шыкоўным быў гол Ненада Адамавіча, які адважыўся на ўдар метраў з 27! У брамніка балгар дастаць мяч не было ніводнага шанцу.
Пасля гэтага «Чорнае мора» пасыпалася. Занадта вялікім разрывы сталі паміж абаронай і атакай. Мінчукі яшчэ двойчы змаглі скарыстацца гэтымі пустэчамі. Абодва мячы на рахунку чарнагорца Фатаса Бечырая, абодва разы яму пасаваў Уладзімір Карыцька — 4:0.
Трэнер «Дынама» Вук Рашавіч адзначыў, што яго клуб мог забіць яшчэ столькі ж. І гэта праўда! Да супрацьстаяння з «Цюрыхам» «Дынама» падыходзіць у добрым настроі.
Супернікам «Дынама» ў 3-м раўндзе будзе «Цюрых», 12-разовы чэмпіён Швейцарыі.
У мінулым годзе «Цюрых» у швейцарскай Суперлізе фінішаваў 3-м, чэмпіянат 2015-2016 толькі стартаваў. У першым туры «Цюрых» згуляў унічыю з «Янг Бойзам» — 1:1.
Матчы пройдуць 30 ліпеня і 6 жніўня. Прычым «Дынама» свой хатні матч правядзе ў Брэсце 6 жніўня. Стадыён «Трактар» не адпавядае ўмовам правядзення 3-га раўнду.
Нагадаем, што год таму мінчукі прабіліся ў групавы раўнд Лігі Еўропы. Але каб паўтарыць поспех, трэба прайсці не толькі 3-і раўнд, але і плэй-оф кваліфікацыі.
Сёння вечарам салігорскі «Шахцёр» згуляе ў гасцях з аўстрыйскім «Вольфсбергам» (пачатак у 21:30). Тыдзень таму салігорцы прайгралі на сваім полі з лікам 0:1.
Каментары