Меркаванне: Ніколі яшчэ ў Беларусі не было такога зручнага моманту, каб пераарыентавацца на Захад, як цяпер
Як Захад змяняе сваю палітыку адносна нашай краіны, калі і каму працягнуць руку дапамогі і чаму Еўропа ў 2015 годзе паставіць на Лукашэнку.
Сітуацыю адмыслова для Intex-press патлумачыў Лукаш Ясіна, польскі аналітык, шэф ўсходнееўрапейскага аддзела інтэрнэт-часопіса Kultura Liberalna, адзіны, хто на польскіх прэзідэнцкіх выбарах спрагназаваў і паразу дзеючага прэзідэнта Камароўскага, калі яго рэйтынг быў яшчэ больш за 70%.
На думку Лукаша, змена польскага кіраўніцтва ніяк не адаб’ецца на адносінах паміж Польшчай і Беларуссю.
Зрэшты, па яго словах, для шмат каго з заходніх палітыкаў Беларусь патрэбна толькі як буфер паміж Польшчай і Расіяй.
– Вайна ва Украіне змяніла стаўленне Еўропы да шмат якіх праблем, – кажа польскі эксперт. – Самае важнае для ЕС цяпер – стабільнасць, а галоўная праблема – Пуцін. Таму ўсе, хто хоць неяк могуць супрацьстаяць яму, будуць падтрыманыя. Хаця, зразумела, ніхто з заходніх палітыкаў адкрыта не падтрымае Лукашэнку да кастрычніка.
Цяпер Еўропе лепш мець стасункі з прэзідэнтам Беларусі Лукашэнкам, чым з нейкім губернатарам Паўднёва-Заходняга краю Расіі, лічыць Ясіна.
Спробы нешта змяніць на Беларусі могуць прывесці да крымскага сцэнару, таму падтрымка беларускай апазіцыі будзе змяншацца. Магчыма, застануцца толькі нейкія праекты па навучанні ў Еўропе беларускай моладзі, якая ў будучыні, атрымаўшы добрую адукацыю, будзе займацца палітыкай і эканомікай у Беларусі.
– На мой погляд, Лукашэнка цяпер падобны да Ярузэльскага ў 1980-х гадах, – тлумачыць аналітык. – Калі той ўвёў ваенны стан, ад яго адвярнуўся Захад, пачаліся санкцыі. Аднак з 1985 года сувязі пачалі аднаўляцца, а ўладу польскі камуністычны рэжым згубіў з-за кепскай эканамічнай сітуацыіі, а не палітычнага ціску.
Таму, на думку Ясіны, ніхто не прынясе беларусам пераменаў, пакуль яны самі гэтага не захочуць.
Ніхто б на Захадзе не падтрымаў Украіну, калі б яе народ сам не паўстаў, пратэстуючы супраць змены Януковічам кірунку палітычнага супрацоўніцтва.
– Калі Лукашэнка зробіць некалькі крокаў насустрач ЕС, Еўропа падтрымае яго і не будзе рушыць створаную ім сістэму. Заходнім палітыкам не трэба цяпер нестабільная Беларусь. Там разумеюць, што нават калі Лукашэнка заўтра сыдзе, застанецца эліта, якую стварыў ён. Трэба казаць праўду: сучасную Беларусь зрабілі не Мілінкевіч ці Шушкевіч, а зрабіў Лукашэнка. Сістэма будзе працаваць і пасля яго.
Еўрапейскія палітыкі цяпер ўжо баяцца любой змены ўлады ў краінах – апошні вопыт Лівіі ці Украіны гэта паказаў, мяркуе Лукаш Ясіна. Трэба чакаць, што Еўропа неўзабаве пакажа Лукашэнку, што падтрымае яго, калі ён не будзе абапірацца на Расію.
Ніхто яго ўжо не будзе звяргаць. Усё цяпер залежыць ад беларускага лідара – ці пойдзе ён на еўратрансфармацыю.
– Нам не патрэбныя рускія танкі ў Белавежскай пушчы, – тлумачыць польскі эксперт. – Ніхто не ведае, хто прыйдзе пасля «бацькі» – празаходні палітык ці прамаскоўскі стаўленнік.
Таму, на яго думку, для Еўропы Лукашэнка цяпер больш выгадны, бо яго ўжо ведаюць. Магчыма, гэта будзе падобна да супрацы ЕС з рэжымамі Аліева ці Назарбаева.
– Я б цяпер параіў беларусам звяртаць больш ўвагі не на палітыку, а на эканоміку, – кажа Ясіна. – Крыніца, якая жывіла Беларусь, вычэрпваецца. Ваш ўрад мяркуе, што нафта ізноў падаражае, а санкцыі з РФ здымуць. Але гэта малаверагодна ў бліжэйшыя гады. Вам патрэбны рэформы. Вы самі бачыце, што Лукашэнка ўжо цяпер спрабуе неяк змяніць сітуацыю, аднак эканоміка, а не апазіцыя прымушае яго гэтым займацца.
На думку польскага аналітыка, ніколі не было такога зручнага моманту для Беларусі, каб пераарыентавацца на Захад, як цяпер.
– Калі Лукашэнка пойдзе на збліжэнне, дык ЗША і ЕС зробяць для вашай краіны ўсё, каб дапамагчы выйсці з эканамічнага крызісу! Інакш Беларусь проста зацягне ў віхуру абвалу эканомікі Расіі.
Каментары