Культура5252

Алексіевіч: Ёсць прадчуванне новай вялікай вайны

16 верасня ў творчай прасторы ЦЭХ у Мінску прайшла сустрэча з беларускай пісьменніцай Святланай Алексіевіч.

Мерапрыемства было арганізаванае пры дапамозе Пасольства Германіі ў Мінску і Інстытута імя Гётэ. Падчас сустрэчы пісьменніца распавяла пра сваё адчуванне сучаснага чалавека і чалавека мінулага, і таксама — пра сваё прадчуванне новай вялікай вайны.

Учора я паўгадзіны плакала

«Учора я увайшла ў Інтэрнэт і паўгадзіны плакала, пабачыўшы ролік, дзе па ўкраінскіх вёсках ідзе калона, якая вязе загінулых салдат. Паўсюль людзі сустракалі яго, стоячы на каленях — гэтыя грузныя савецкія людзі: вялікія мужыкі, па якіх відаць, што яны п’юць, жанчыны, па якіх відаць, што яны цягнуць усё на сабе, дзеці… І я глядзела на гэтае, глядзела на гэтыя твары і падумала, што не, чырвоны чалавек яшчэ не сышоў. Развітанне з ім будзе вельмі доўгім».

Прадчуванне вайны

«Адзін італьянскі рэстаратар вывесіў аб’яву «Рускіх не абслугоўваем». Гэта добрая метафара. Сення свет зноў пачынае баяцца: што там ў гэтай яме, у гэтай бездані, якая мае ядзерную зброю, шалёныя геапалітычныя ідэі і не валодае паняццямі аб міжнародным праве?

Я, насамрэч, жыву з пачуццем паразы

Рамантыка 90-х, пачуцце, што хутка пачнецца новае дзіўнае жыццё – адкуль мы гэта ўзялі? Мы не ведалі свету, не ведалі нічога аб людзях… І ўсё адбылося не так, як мы ўяўлялі. Я была ў Маскве і адчула моцнае ўзрушэнне. Разумныя інтэлектуалы, пісьменнікі падзяляюць гэтую нянавісць, патрыятычны чад… Гэта страшна. Наогул, мне здаецца, чытач на Захадзе хоча зразумець. А тут я часта чую, што мая творчасць прыніжае і абражае Расію. Як казаў Лімонаў: «У нас была вялікая эпоха!» Але ж мае кнігі абсалютна аб іншым. У нас была крывавая эпоха. Мы выйшлі з гэтай крыві, вылезлі з ямы. І мы, напэўна, усе яшчэ хворыя.

Увогуле, мне здаецца, будзе вялікая вайна. Я думаю, што імперыя яшчэ не сышла.

І асабіста ў мяне вельмі трывожнае адчуванне, што без крыві яна не сыдзе. Тое, што вайна будзе ва Украіне, — гэта несумненна. І тое перамір’е, пра якое дамовіліся ў Мінску, — яно ненадоўга».

Чалавек Спрабуючы

«Мы яшчэ не сучаснае грамадства. Зараз ідзе такі вульгарны перыяд, калі сфармаваўся толькі Чалавек Спрабуючы. Ён спрабуе шмат рэчаў, якіх не меў і не ведаў. Ездзіць па свеце, каштуе новыя краіны, уражанні, стравы. Каб гэтае перажыць і прыйсці да пэўных культурных каштоўнасцей, патрэбен час. Але сёння нашыя дамы мне падабаюцца больш, чым псіхалогія нашых людзей».

Не сказаць праўду, а зразумець яе

«Праўда ў кожнага свая. Чалавек проста дае мне сваю версію. У сваёй творчасці я хачу зрабіць партрэт менавіта гэтых людзей, з гэтага перыяду. Стварыць вобраз часу. А сказаць абсалютную праўду немагчыма, яе можна толькі зразумець».

Каханне даецца чалавеку, каб не так страшна было паміраць

«Цяпер я пішу кнігу пра каханне. І калі я размаўляю з людзьмі пра каханне, мне не цікава, як і дзе яны жывуць. Мне цікава, ці вядомыя ім гэтыя дрыжыкі, трапятанне таямніцы. Бо каханне — гэта таямніца. Прычым, няма розніцы, шчаслівае каханне ці няшчаснае. Галоўнае, каб яно было. Бо я лічу, што каханне даецца чалавеку, каб не так страшна было паміраць. У мяне, дарэчы, даўно была думка напісаць такую кнігу, але раней людзі былі настолькі задушаныя гэтымі Ідэямі, што каханне, атрымлівалася, было не галоўнай падзеяй у жыцці. Але ж мы народжаны не для таго, каб згарэць пад Данецкам у танку. Усе ж для чагосьці іншага. І сёння з людзьмі ўжо можна размаўляць пра каханне, і сення з імі на гэтую тэму гутарыць цікавей». 

Ва Украіне сёння адбываецца нешта галоўнае для ўсіх нас

«Украіна сёння — прыклад для ўсіх нас. Іх жаданне развітацца з мінулым канчаткова — вартае павагі. У нас існуе такая неабуджанасць у людзей. А там, ва Украіне, была ўзрушанасць. Яны прачнуліся нібыта. Ва Украіне сёння адбываецца штосьці галоўнае для ўсіх нас, галоўны адказ на нейкія пытанні, на якія ў нас не хапала сіл, ні інтэлектуальных, ні народных. А яны гэта зрабілі, хаця ім дорага гэта абышлося, яны гэта зрабілі».

Я хварэю за беларускую мову

20 гадоў мне задаюць адно і тое ж пытанне… Я вельмі хварэю за беларускую мову і культуру і вельмі хацела, каб гэта была асобная незалежная краіна і каб яна ацалела ў гэтым жаху, які насоўваецца, і мы нічога не можам зрабіць.

Але я нарадзілася ў той час, калі была гэтая ўтопія, я ішла за ёю, і ўтопія размаўляла на расійскай мове. Зрабіць тое, што я зрабіла, на беларускай мове было немагчыма. Я займалася цэлым агромістым савецкім светам.

Інтэлектуалаў у нас няма

«Мы бярэм словы з Захаду, і нам здаецца, што яны напоўненыя сэнсам, напрыклад, «інтэлектуалы»…

Хацела б я пабачыць гэтых паўтара інтэлектуала, што мы маем. Насамрэч, іх у нас няма, нам проста хочацца пераапрануцца ў гэтае адзенне. У нас ёсць невялікі слой інтэлігенцыі.

Гэта захоўвае культурны слой нашага жыцця. Я кажу аб вясковай інтэлігенцыі, сапраўдных святарах… Нашую нацыянальную самасвдомасць утрымлівае не столькі моладзь, якая займаецца нейкімі там «браджэннямі». Усё ўтрымлівае гэты тонкі слой людзей, якія працуюць за капейкі».

Чалавека ў сабе трэба вартаваць

«З майго вопыту, я магу сказаць, што самае складанае — застацца чалавекам. Не пусціць у сябе звера.

Як выдатна сказаў расійскі святар Кураеў: калі дазволіць чалавеку пабыць свіннёй, то шмат хто захоча ёю пабыць. Чалавека ў сабе трэба вартаваць. Можа, увогуле, гэта і ёсць нашая галоўная справа. Бо саслізнуць у нейкі іншы стан – надзвычай проста».

Каментары52

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць8

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы21

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →