Культура2424

800-годдзе Рэчыцы: Вітаўт размаўляў па-расійску, рыцары прасілі грошай на трасянцы, а сцяг вісеў дагары нагамі

У Рэчыцы з размахам прайшлі святкаванні 800-годдзя горада.

У першы дзень святаў былі адкрытыя помнікі ветэранам лакальных войнаў, музей Паветрана-дэсантных войскаў і бюст галоўнакамандуючага ПДВ СССР В. Маргелава, а таксама пажарная машына як помнік ліквідатарам наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Асноўныя ўрачыстасці прыпалі на суботу. Яны пачаліся на Цэнтральнай плошчы горада з афіцыйнага адкрыцця памятнага знака — каменя, на якім па-расійску напісана «Речица 800 лет». Традыцыйным шэсцем, якое засталося ў спадчыну ад савецкіх дэманстрацый і без якога не абыходзіцца ніводнае гарадское свята, прайшліся працоўныя калектывы. А потым адбылася ўрачыстая дзея з тэатралізаваным паказам гісторыі горада. Усё, што ладзілася на сцэне і перад ёю, гучала па-расійску. І толькі выступ старшыні Рэчыцкага райвыканкама Віталя Панчанкі моцным беларускім акцэнтам выдаваў, што падзеі ўсё ж адбываюцца ў беларускім горадзе. Яшчэ не зусім «ідэалагічна вытрыманай» аказалася ўступная харэаграфічная кампазіцыя, калі дзяўчынкі ў белым і чырвоным адзенні ўтварылі бел-чырвона-белыя палоскі перад сцэнай.

Большая частка гісторыі Рэчыцы прайшла ў тыя часы, калі тут панавала старабеларуская мова. Але мясцовыя тэатралізатары выклалі ўсю гісторыю горада ў расійскім варыянце. Нават князь Вітаўт, які валодаў горадам у XIV стагоддзі, мовіў чамусьці, седзячы на белым кані: «Повелеваю в этом граде замок построить!» Потым і кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ таксама выдаў расійскамоўны прывілей на наданне Рэчыцы Магдэбурскага права.

Тэатралізацыя 500-гадовай гісторыі знаходжання Рэчыцы ў складзе ВКЛ заняла значна менш часу, чым аповед пра 200 гадоў знаходжання горада пад расійскай уладай. Тут невядома якім ветрам занесла на святкаванне расійскіх цароў з царыцамі, у падрабязнасцях была разыграная «ярмарка», дзе аднекуль з-пад Масквы ў Рэчыцу прыскакалі аж два Пятрушкі, а Другая сусветная вайна, як звычайна, сталася адзіным шчымлівым момантам з гісторыі, калі Рэчыца панесла нейкія чалавечыя страты. Імклівы кліп пад песню «Пока течет белорусская нефть» і выхад прадстаўнікоў асноўных прадпрыемстваў на сцэну, падчас якога найбольш эфектна прадэманстравалі сябе два хлапцы з Рэчыцкага метызнага завода, паказаўшыя народу свае блішчастыя балты, завяршыў афіцыйную цырымонію адкрыцця свята.

Увогуле, беларускую мову ў вонкавым аздабленні свята я знайшоў толькі на гандлёвым намёце Лоеўскага райспажыўтаварыства. Нават сярод сувеніраў з выявамі, прысвечанымі юбілею, што прадаваліся гандлярамі так званага «Горада майстроў», па-беларуску былі аздобленыя лічаныя адзінкі. Затое паміж столікамі з глінянымі глечыкамі ды шкарпэткамі з вярблюджае воўны давялося ўбачыць жанчыну, якая гандлявала… малебнамі перад святымі абразамі. Праўда, пачуўшы маю беларускую мову, называць цану сваіх паслуг яна адмовілася, сказаўшы, каб я ішоў адсюль… У нядзелю святкаванні працягнуліся выступамі самадзейных калектываў Рэчыцы і раёна на сцэне амфітэатра на Дняпры, а ўвечары месцічаў весяліў ансамбль «Песняры».

Каля амфітэатра, на сцэне якога падчас святкаваня юбілею горада выступалі многія калектывы, афіцыйны чырвона-зялёны сцяг РБ, спяшаючыся, павесілі дагары нагамі — так ён усе канцэрты і правісеў. На новаўсталяванай дзіцячай пляцоўцы я доўга ўглядаўся ў нейкую драўляную скульптуру і не мог пазнаць, што гэта за такі цуд для дзяцей там выдзяўблі. Аказалася — дэльфін. Нешта пасля сваіх першапачатковых здагадак я сябе адчуваў нейкім разбэшчаным! А сябры мясцовага расійскамоўнага клуба гістарычнай рэканструкцыі «Тэра» выклалі на сваім стале з прыладамі аб’яўку, дзе распавялі, што за фоткі з рыцарамі трэба плаціць. Праўда хацелі яны, мусіць, пакрэатывіць, але атрымалася проста смешна — трасянка ў жыцці…

Каментары24

Губазікі спынілі аўто ў Брэсце, кіроўца спрабаваў уцячы і наехаў на аднаго з іх

Губазікі спынілі аўто ў Брэсце, кіроўца спрабаваў уцячы і наехаў на аднаго з іх

Усе навіны →
Усе навіны

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу3

Міліцыянтка, якая выконвае песні нявесткі Лукашэнкі, — былая жонка палітвязня5

У Мінску адкрыўся яшчэ адзін кінатэатр — за 20 метраў ад метро і з шэзлонгамі3

Абуранаму кіроўцу, чый аўтобус дзеці загадзілі пасля экскурсіі, давялося выдаліць відэа — каб не нагнятаць4

Уладальнік расійскага судна, якое ішло ў Сірыю і затанула, заявіў, што гэта тэракт

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў8

Ядзерныя міжкантынентальныя балістычныя ракеты робяцца непрыдатнымі нашмат хутчэй, чым лічылася раней10

Праезд па МКАД падумваюць зрабіць платным

Што будзе з заробкамі ў 2025-м? І ці адключаць ютуб? Адказвае Чалы6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Губазікі спынілі аўто ў Брэсце, кіроўца спрабаваў уцячы і наехаў на аднаго з іх

Губазікі спынілі аўто ў Брэсце, кіроўца спрабаваў уцячы і наехаў на аднаго з іх

Галоўнае
Усе навіны →