Інстытут вывучэння вайны: Вялікі расійскі наступ у Луганскай вобласці пачаўся
У штодзённым бюлетэні вашынгтонскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) канстатуецца, што даўно чаканае вялікае наступленне расійскіх войскаў пачалося на ўчастку Сватава — Крамянная на мяжы Луганскай і Харкаўскай абласцей — там, дзе гэтая арганізацыя і прагназавала гэты наступ у апошнія дні. Усе свае высновы ISW будуе на адкрытых крыніцах.
У наступленні ўдзельнічаюць часткі некалькіх палкоў 144-й і 3-й мотастралковых дывізій (20-я агульнавайсковая армія, Заходняя ваенная акруга) пры падтрымцы часцей 76-й паветрана-дэсантнай дывізіі і неўдакладненых частак Паўднёвай ваеннай акругі.
Яны наступаюць на ўсім участку Сватава — Крамянная, асабліва на паўночны захад ад Сватава — недалёка ад Купянска і на захад ад Крамянной.
Сам факт наступу кажа пра тое, што на гэтым участку расійскае войска перахапіла ініцыятыву, страчаную ў жніўні мінулага года. Аднак тое, што наступ пачаўся, яшчэ не азначае, што ён будзе паспяховым.
Пасля яго кульмінацыі (гэта значыць вычарпання назапашаных рэзерваў жывой сілы і тэхнікі) ва Украіны з'явіцца магчымасць вярнуць ініцыятыву і пачаць контрнаступленне, пішуць эксперты ISW.
Аднак пакуль расійская групоўка яшчэ не дасягнула максімальна магчымага тэмпу і задзейнічала не ўсе рэзервы — так, у бой яшчэ не ўступіла 2-я мотастралковая дывізія 1-й гвардзейскай танкавай арміі Заходняй ваеннай акругі, перакінутая на Луганшчыну пасля перафармавання на тэрыторыі Беларусі ў студзені.
Каментары