Даведаліся, што зараз з топавай візажысткай Вольгай Томінай, якую затрымалі
Штодзень робіць зарадку, 200 прысяданняў і 200 прэсу, малюе ўсім у камеры стрэлкі і вусны — даведаліся, што зараз з топавай візажысткай Вольгай Томінай і ў чым яе абвінавачваюць.
Вольгу Томіну затрымалі 9 сакавіка. Неўзабаве на тэлеграм-канале сілавікоў з’явілася відэа з яе допытам, а ў яе інстаграме з больш чым 500 тысячамі падпісантаў — пост, дзе было напісана: «Чысціце стужку, паважаныя. Аказалася, гэта не гульня. Інста — зло».
Жанчына стала падазраванай у межах «народнага» 342-га артыкула КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і пасля Акрэсціна апынулася ў СІЗА на Валадарцы, дзе знаходзіцца і па сёння.
У відэа на тэлеграм-канале, што звязаны з беларускімі сілавікамі, жанчына пракаментавала, што хадзіла на мітынгі дзеля праўды, бо ёй было крыўдна, што збіваюць людзей.
«Нашай Ніве» распавялі, што затрымлівалі Вольгу груба, але не больш за тое: «Прыйшлі раніцай з панятымі, правялі ператрус».
На Акрэсціна дзяўчына адчувала сябе дрэнна і фізічна, і эмацыйна.
«Першы дзень у ІЧУ трэсла. Не магла сабрацца з думкамі. У СІЗА ўсё намнога прасцей, як бы гэта ні гучала. У мяне ёсць свой «ложак» на другім паверсе, кнігі, грабянец і нават… крэм! Жартую, што ў параўнанні з ІЧУ тут столькі ўсяго, што гэта месца падаецца санаторыем», — піша жанчына ў лістах.
«На Валадарцы ёй лепш, адчувае сябе добра, бадзёра і духам не падае. І па традыцыі дорыць свой пазітыў і цеплыню сукамерніцам. Воля яна такая, яе немагчыма не любіць», — кажуць знаёмыя.
Вольга прызнана палітвязнем.
У Вольгі трое дзяцей — дочкам 13 год, сыну — 11. Яны ведаюць, што маці ў турме, але як і сваякі, і адвакат, пакуль не прагназуюць, калі і чым гэта гісторыя скончыцца.
Вольга Томіна — вядомая візажыстка і стылістка, б’юці-блогерка і бізнэс-ледзі, заснавальніца студыі і школы макіяжу ANATOMIA. Яе майстар-класы праходзілі па ўсім свеце. Да таго як стаць візажыстам, скончыла эканамічны факультэт і вывучылася на графічнага дызайнера.
Адна з прац Вольгі
Адрас для лістоў: Вользе Аляксандраўне Томінай, СІЗА №1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030
Каментары