Меркаванні

«Толькі дзеянне ратуе». Спыталі ў вядомых беларусаў, як перажыць гэтыя часы

Рэпрэсіі і пандэмія — а цяпер яшчэ і вайна ў суседняй Украіне, спроба новага перадзелу свету. Як перажыць гэтыя часы і за што трымацца? «Трэба не шкадаваць, а рабіць», кажуць вядомыя беларусы.

Жанчына праваджае вайскоўца. Украіна. Фота AP.

«Калі ў той час, як нехта ваюе з аўтаматамі, ты будзеш сядзець на канапе і нічога не рабіць, павядзеш сябе як эгаіст»

Сцяпан Папоў, беларус, чэмпіён свету і Еўропы па самба, падпісант адкрытага ліста спартоўцаў супраць гвалту, уладальнік прыза Fair Play за сумленную барацьбу ў спорце.

«Калі пачалася вайна, я знаходзіўся ў Кіеве. Чытаў навіны, чуў выбухі ўдалечыні і разумеў, што страляюць ужо пад Кіевам. Было ясна, што горад можа апынуцца ў аблозе, могуць быць праблемы з вадой, ежай, і пры гэтым мне, магчыма, трэба будзе доўгі час заставацца ў тым месцы, дзе я быў. Таму зрабіў для сябе запас вады і ежы, а потым звязаўся з сябрамі і мы разам паехалі ў бяспечнае месца, дзе ёсць бамбасховішча. Там пераначаваў, а потым паехаў у Львоў, дзе знаходзіўся некалькі дзён. Тое, дзе цяпер, не хацеў бы афішаваць.

Думаю, цяпер такі час, калі не трэба проста шкадаваць сябе ці іншых. Варта рабіць усё належнае для спынення гэтай вайны і дапамогі яе ахвярам.

Калі ў той час, як нехта ваюе з аўтаматамі, ты будзеш сядзець на канапе і нічога не рабіць, павядзеш сябе як эгаіст.

Таму я за тое, каб кожны чалавек рабіў тое, што ён можа. Можна напісаць пост [у падтрымку Украіны], падыскутаваць з роднымі ці знаёмымі з Расіі, паўдзельнічаць у зборы сродкаў ахвярам вайны. Цяпер адбываецца важная сусветная падзея, мы бачым, як ствараецца гісторыя, і важна стаць яе ўдзельнікам. Удзельнікам у станоўчым плане, бо

тое, што мы цяпер робім, увойдзе ў падручнікі для нашых нашчадкаў, і ад гэтага залежыць будучыня нашых дзяцей.

Цяпер на першым месцы не можа быць спорт ці праца. Перш за ўсё трэба спыніць вайну, гэтую трагедыю, выратаваць жыцці і думаць пра будучыню. Актыўныя дзеянні і максімальная сканцэнтраванасць на вырашэнні гэтай праблемы — залог таго, каб усё гэта перажыць.

Шмат хто думае, што ўся гэтая сітуацыя вырашыцца без нас, але гэта вялікая памылка. Калі гэты крызіс вырашыцца без нас і ў горшы для нас бок, ён дакладна на нас паўплывае

 Усё, што вырашаюць без нас, — дрэнна, балюча і няправільна. Лепей аддаць усе свае сілы і максімальна спрабаваць на нешта паўплываць. Тады, нават калі вынік будзе дрэнны, можна будзе не шкадаваць і смела сказаць сваім дзецям: я зрабіў усё, каб выправіць гэтую сітуацыю і дапамагчы людзям.

Мне дапамагае трымацца, калі бачу, як простыя ўкраінцы, у тым ліку жанчыны, без зброі выходзяць да акупантаў і спрабуюць спакойна з імі гутарыць, паказаць, што не трэба іх «вызваляць». Людзі не з’язджаюць, яны змагаюцца за сваю зямлю. Я сам шмат з кім гутарыў ва Украіне і бачыў, што людзі гатовыя паміраць, толькі не здавацца расійскім акупантам. Яны разумеюць, што калі прыйдзе расійская ўлада, украінскі народ будуць заўсёды ненавідзець.

У нас у жніўні 2020 года былі аналагічныя падзеі, мы таксама змагаліся за нашы правы і волю. Мы не выкарыстоўвалі сілу, таму не здолелі перамагчы. І да чаго мы прыйшлі? Цяпер у нашай краіне жах, закон не дзейнічае, людзей катуюць і забіваюць, і ніхто гэта не расследуе.

Калі Украіна пераможа тырана, яе прыклад дасць і нам вялікі шанс у барацьбе за волю нашай краіны. Я змагаюся за гэта ўжо два гады, хачу дамагчыся перамогі максімальна мірнымі метадамі і дагрукацца да кожнага. Упэўнены, што канец і расійскай, і беларускай дыктатуры ўжо блізка, і хочацца, каб максімум людзей на тым баку гэта зразумелі.

Веру, што гэта здарыцца, і жадаю гэтай верай і надзеяй падзяліцца з кожным. Але, вядома, для такой перамогі трэба і самім нешта рабіць».

«Крок за крокам трэба рухацца наперад, звяраючыся са сваімі арыенцірамі»

Вольга Севярынец, жонка палітвязня і палітычнага дзеяча Паўла Севярынца, маці, уладальніца хрысціянскай анлайн-крамы.

«Такія навіны, як пра пачатак цяперашняй вайны, агаломшваюць, выбіваюць зямлю з-пад ног. Не ведаю, ці можа нехта такую навіну ўспрыняць спакойна і з іншымі пачуццямі. За гэтыя два гады здавалася, што сэрца балець ужо не можа, але баліць зноў і з новай сілай — за родных украінцаў, за сваіх беларусаў, за тое, што з нашай зямлі ляцяць ракеты ў людзей, а ты амаль нічога не можаш зрабіць, каб спыніць іх. Брыдка ад сваёй бездапаможнасці, і раздзірае злосць, што жыццямі мільёнаў людзей дагэтуль кіруе купка злых, эгаістычных, хлуслівых нелюдзяў.

Адзінае, што застаецца, калі сутыкаешся з такімі каласальнымі цяжкасцямі, як вайна — гэта Бог. Трымацца трэба за Госпада. Наша сям’я за апошнія гады таксама праз многае прайшла, і я не ведаю, якая яшчэ сіла можа сапраўды падняць цябе, калі прыходзяць выпрабаванні такога маштабу, як перажывае свет цяпер. Час паказвае, што ў сучасным свеце адзіным верным падмуркам для чалавека застаюцца хрысціянскія каштоўнасці — міласэрнасць, спагада, любоў, ахвярнасць. Толькі гэтыя каштоўнасці змогуць уратаваць зямлю.

Свет вакол можа быць злым, агідным, несправядлівым, але калі ў тваім сэрцы чысціня, дабрыня, розум, любоў, калі ты ведаеш, што паступаеш правільна і за табой няма хлусні, ты зможаш чэрпаць са свайго сэрца сілу, каб рухацца наперад. У табе самім будзе крыніца, з якой зможаш чэрпаць і ты, і людзі вакол цябе

Крок за крокам, павольна, часам праз стому, знямогу трэба рухацца наперад, звяраючыся са сваімі арыенцірамі, рабіць дабро, старацца падтрымаць іншых, а не зняверыць іх яшчэ больш.

Я шмат малюся, гэта адзінае, што дае мне спакой за маіх родных, за майго мужа, за майго сына, за маіх бацькоў, сястру, сяброў, усіх, каго я люблю і каму жадаю шчасця. Малітва, а таксама добрыя справы, якія я стараюся рабіць, падтрымліваюць у маім сэрцы маленькі кволы агеньчык, што ў рэшце рэшт усё будзе добра.

Першы час здаецца, што не дапамагае нічога, але мы, беларусы, ужо крыху спрактыкаваныя ў сітуацыя апакаліпсісаў, таму разумееш, што як бы ні хацелася, каб усё гэта было проста страшным сном, з гэтым прыйдзецца навучыцца жыць. І пачынаеш прадзірацца праз гэты кашмар, проста каб не стаяць на месцы. Праз сілу вяртаешся спачатку да выканання штодзённых размераных абавязкаў, стараешся перавесці ўвагу на клопат пра сям’ю, працуеш да знемажэння.

Каб выратаваць сябе з роспачы, я з 2020 года паступова вывела для сябе формулу — рабіць што мусіш, і няхай будзе што будзе.

Няма чаго ліць слёзы, скардзіцца — гэта ўсё адно не дапамагае. Я задаю сабе пытанне: што мяне мучае і што я магу з гэтым зрабіць. І стараюся рабіць хоць нешта. Малы кволы крок лепш, чым нічога. Ратуе творчасць — хачу выдаць кнігу з казкай, якую Павел напісаў для сына за кратамі. Ратуе сын Францішак — яго дзяцінства вось проста цяпер, і я хачу, каб яно было светлым, прыгожым, нягледзячы ні на што. Ратуе мой дарагі муж, які, будучы два гады за кратамі, усё адно нязменна верыць, што ўсё будзе добра, што Бог усё зло аберне на дабро».

«Абапірайцеся на вопыт тых, хто праз усё гэта прайшоў, на вопыт людзей сумлення»

Аляксандр Ждановіч, акцёр. У 2020 годзе быў звольнены з тэатра імя Максіма Горкага за свае палітычныя погляды, адбыў арышт за ўдзел у пратэстах. Быў вымушаны з’ехаць з краіны.

Фота: TUT.BY.

«За некалькі дзён да пачатку вайны я вымушана перабраўся ў Тбілісі. Прачнуўся раніцай, пачаў сачыць за навінамі — адразу трапілася нейкае прарасійскае СМІ. Зразумеў, што адбылося. Адчуваў жах, боль, некалькі дзён трэсла.

Пражыў ужо даволі вялікае жыццё, але ўсе іншыя войны — той жа Ірак, Чачня, Асеція — былі неяк далёка ад мяне, ды і я быў далёкі ад такіх справаў, толькі пасля 2020 года прачнуўся. А тут я адразу зразумеў, што будзе вайна вялікага маштабу.

Пачаў адразу рабіць у сацсетках эмацыйныя публікацыі, за што адразу атрымаў ад іншых карыстальнікаў. У мяне вельмі шмат сяброў з Расіі, я ведаю стан расійскага грамадства, тое, наколькі там усе абалваненыя. Але не чакаў, што нават цяперашнія падзеі не зменяць пункт гледжання гэтых людзей. Уступаў у нейкія дыялогі, спрабаваў людзям расплюшчыць вочы, але нічога не дапамагае.

Падчас пратэстаў, у жніўні-верасні 2020 года, у мінскіх дварах ладзілі шмат добрых творчых сустрэч. Там былі ў асноўным спевакі, я не спяваю, але дужа хацеў у такім паўдзельнічаць. Як драматычны акцёр, даўно люблю паэтычнае слова, і яшчэ да 2020 года ладзіў паэтычныя сустрэчы. А тут мой рэпертуар стаў папаўняцца нейкімі актуальнымі на той час творамі, і склалася цэлая кампазіцыя. Але здолеў гэта прачытаць толькі ў турме ў Жодзіна хлопцам, з якімі быў у адной камеры.

У тых творах, што я там чытаў, быў адказ на пытанне, як перажываць цяперашнія падзеі. Трэба абапірацца на вопыт тых, хто праз усё гэта прайшоў, на вопыт людзей сумлення, паэтаў, чые імёны захавала гісторыя. Хто цяпер ведае прыстасаванцаў накшталт Сяргея Міхалкова? З іншага боку, ёсць імёны Пушкіна, Мандэльштама, Пастэрнака і іншых сумленных людзей, сярод якіх шмат беларусаў.

Як пісаў Аляксандр Кушнер: «Времена не выбирают, в них живут и умирают…».

Яны ўсе праз гэта праходзілі. Думаю, нічога новага мы не пражываем, гэта нам здаецца, што мы праходзім праз нешта ўнікальнае. Насамрэч, гісторыя ідзе па спіралі, сутыкненне дабра і зла ўжо было, і, на жаль, такое будзе і ў будучыні. Таму трэба абапірацца на вопыт тых, хто прайшоў гэта ўсё, і прайшоў з годнасцю, бо яны — пераможцы. Мандэльштам, якога закатавалі, Пастэрнак, якога шмат чаго пазбавілі — усе яны ў духоўным плане пераможцы.

Чаму паспяховы савецкі драматург Аляксандр Галіч раптам пачынае пісаць тое, што думае? Ці чаму Мандэльштам напісаў той моцны верш «Мы живём, под собою не чуя страны…»? Яны абралі гэта, бо ёсць людзі, якія інакш не могуць.

Згадаем тых сем чалавек, якія выйшлі ў 1968 годзе на Чырвоную плошчу пратэставаць супраць уводу савецкіх танкаў у Чэхаславакію. Сем чалавек з усяго шматмільённага савецкага канцлагера!

Калі ў адной жанчыны спыталі, чаму яна туды выйшла, яна адказала па-дзіўнаму — нібы тое быў абсалютна эгаістычны ўчынак, яна хацела захаваць сваё сумленне чыстым. Цяпер час такога выбару.

Як бы дзіўна гэта ні гучала, я ўдзячны Богу, што дажыў да гэтага часу. Ён балючы, страшны, але гэта час, калі для кожнага нармальнага чалавека вельмі добра бачна белае і чорнае. Калі б мы пайшлі ў вечнасць раней за гэты час, ці здолелі б мы цалкам сфармавацца як асобы, наколькі б мы былі дарослыя? Адказ відавочны. Бог дае кожнаму вынесці тое, што ён можа вынесці, а высновы кожны робіць сам.

І яшчэ вось што важна: будзьце як дзеці. Яны заўсёды знаходзяць нешта такое, чаму можна радавацца.

Я да вайны выкладаў у анлайн-школе для беларускіх дзяцей, якія з'ехалі ва Украіну, а цяпер мяне зноў запрасілі з імі сустракацца. Для мяне гэта тэрапія. Бачу, як гэтыя дзеці, якія шмат перажылі і нядаўна былі зноў вымушаныя з'язджаць (на гэты раз з Украіны), захоўваюць магчымасць радавацца чамусьці простаму. Трэба нешта пазітыўнае, нельга жыць адным негатывам».

Валанцёры раздаюць ежу бежанцам на ўкраінска-польскай мяжы. Крыніца: АР.

«Трэба дапамагчы абараніцца ахвярам вайны»

Вячаслаў Барок, каталіцкі святар, адбыў арышт за сваю палітычную пазіцыю. Быў вымушаны пакінуць краіну.

Фота: svaboda.org.

«Для мяне, як чалавека думаючага, вайна, з аднаго боку, была шокам. Але, тым не менш, гэтая навіна не выклікала здзіўлення. Падзеі, якія папярэднічалі гэтай трагедыі, прадказвалі, што эскалацыя гвалту ў новай фазе вайны будзе непазбежнасцю.

Асабіста я разумеў, што вайна ва Украіне пачалася не два тыдні таму, а восем гадоў таму, калі адбыўся Данбас і мы былі сведкамі падзей у Крыме. Тады ўжо вайна была, а сёння мы маем новую эскалацыю гвалту.

Як гэта можна ўспрымаць? Нармальны чалавек, у якога ёсць яшчэ сумленне і які застаецца чалавекам, не можа рэчаіснасць вайны ўспрымаць спакойна. Вайна — гэта трагедыя, гэта сітуацыя, калі чалавек губляе свой розум. І, вядома, вайну трэба імкнуцца спыніць, спыніць гэтае вар’яцтва.

А што мы можам рабіць?

Хрысціянін разумее, што каб перамагчы зло, трэба рабіць дабро. Зло з’яўляецца там, дзе не хапае дабра.

Вайна і гвалт прыходзяць тады, калі недастаткова было сведчанняў пра любоў, праўду і справядлівасць. Справа не толькі ў малітвах і пастах — калі мы засяродзімся на гэтым, то ніколі не дасягнем міру, мір будуецца не так. Ён будуецца на справядлівасці, на сведчанні пра праўду.

Таму я ўсіх заахвочваю перадусім дапамагаць ахвярам вайны, гэта вельмі важна. Гэта такі добры фронт, калі мы займаемся валанцёрствам і добрымі справамі і праз гэта сеем дабро.

Хацеў бы таксама перасцерагчы ўсіх людзей, але асабліва хрысціянаў, ад спробаў адсядзецца ці схавацца ў час, калі ідзе вайна. Наадварот, трэба браць актыўны ўдзел у падзеях. Але не такі ўдзел, калі ты становішся на бок агрэсара, апраўдваеш яго ці проста моўчкі глядзіш на яго ўчынкі. Трэба дапамагчы абараніцца ахвярам вайны.

Калі ў суседняй краіне адбываецца такая агрэсія, мы не можам спрабаваць адсядзецца ці толькі казаць, што «мы гэтым занепакоіліся», «нам гэта перашкаджае». Гэта фарысейства, у гэтым няма нічога Божага.

Хрысціянін павінен прыняць актыўны ўдзел і адназначна стаць на бок дабра, калі дабро змагаецца са злом.

Для хрысціяніна важна рабіць гэты свет падуладным сабе, імкнуцца кантраляваць сітуацыю. Мы павінны будаваць такое жыццё, калі мы робім усё, што залежыць ад нас. Вось чаму небяспечна хавацца ад вайны, бо гэта пакіне занадта вялікую траўму ў нашым сэрцы, якая будзе нішчыць нашу чалавечнасць. Калі агрэсар забівае чалавека, мы будзем проста думаць, як гэта перажыць? Не, трэба проста ўвязацца ў гэтую вайну, спыніць агрэсара за руку і абараніць ахвяру.

У гэтым плане валанцёрства — добрыя лекі. Калі чалавек такое робіць, ён не адседжваецца ў баку, а спрабуе дапамагчы, займаецца дабрачыннасцю. Тады ты не толькі захоўваеш уласнае жыццё, а і можаш уратаваць іншага чалавека, што яшчэ больш важна. Калі ў нас будзе выпрацоўвацца такая ментальнасць, што жыццё іншага чалавека больш важнае за ўласнае, тады логіка вайны сыдзе ў нябыт».

 Топ культавых антываенных стужак, каб нагадаць сабе, наколькі каштоўны мір

 Наста Кудасава. Дык дай жа ім снегу. Верш

Каментары

Экс-міністр інфармацыі Луцкі стаў весці «Контуры» на канале АНТ — які сам і ўзначальвае2

Экс-міністр інфармацыі Луцкі стаў весці «Контуры» на канале АНТ — які сам і ўзначальвае

Усе навіны →
Усе навіны

Са смерці расійскага генерала ва Украіне робяць гераічную гібель, а ён проста ехаў п'яны5

У ЗША завяршылі падлік галасоў на выбарах прэзідэнта3

Масавая атака дронаў на Маскву, больш за 30 беспілотнікаў збілі1

Алексіевіч у ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць136

«Канстытуцыя не дазваляе». Ва Украіне пракаментавалі прапанову саветніка Трампа развітацца з Крымам12

Дональд Туск: Нас чакаюць цяжкія часы18

У тыктоку знайшлі яшчэ адну 100% прыкмету беларусаў21

Навукоўцы не выявілі сувязі паміж выкарыстаннем сацыяльных сетак і псіхічнымі праблемамі

У цягніку Мінск-Брэст раптоўна памёр італьянец17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Экс-міністр інфармацыі Луцкі стаў весці «Контуры» на канале АНТ — які сам і ўзначальвае2

Экс-міністр інфармацыі Луцкі стаў весці «Контуры» на канале АНТ — які сам і ўзначальвае

Галоўнае
Усе навіны →