Ціханоўская апублікавала артыкул у самай папулярнай газеце Нарвегіі. Піша пра поўную неабароненасць працоўных у Беларусі
«Беларусы чакаюць больш канкрэтных дзеянняў ад кампаніі Yara», — піша Святлана Ціханоўская.
Супраца Yara з «Беларуськаліем» дае мінскаму рэжыму грошы на ўтрыманне рэпрэсіўнай машыны, піша лідарка беларускага руху за свабодныя выбары ў выданні VG, самым тыражным выданні скандынаўскай краіны.
Яна нагадвае, што Yara абяцала перагледзець сваю прысутнасць у Беларусі, улічваючы сітуацыю з правамі чалавека. А яна толькі пагоршала. Ціханоўская нагадвае, што яе муж, Сяргей Ціханоўскі, быў асуджаны на 18 гадоў турэмнага зняволення.
Яна таксама піша пра поўную неабароненасць працоўнага чалавека ў Беларусі. Арыштаваныя 9 з 12 лідараў «Рабочага руху», звольненыя прыкладна 130 супрацоўнікаў «Беларуськалія», расказвае Ціханоўская.
«Агулам на сёння вядома пра прыкладна 1000 палітвязняў», — піша Ціханоўская.
«Відавочна, што партнёрства «Беларуськалія» і Yara — частка апоры рэпрэсіўнага рэжыму. А фінансаванне рэжыму раўназначнае фінансаванню рэпрэсій».
Ціханоўская заклікае Yara дзейнічаць па прыкладзе 32 іншых міжнародных кампаній, сярод якіх Rolls Royce, Scandia Steel і British American Tobacco, і адмовіцца ад супрацоўніцтва з лукашэнкаўцамі.
«Ранейшых намаганняў Yara, скіраваных на дасягненне перамен да лепшага, недастаткова. Цяпер патрэбныя канкрэтныя дзеянні.
Мы хацелі б бачыць Yara партнёрам у будучыні, — падкрэслівае Ціханоўская. — Але цяпер для Yara час спыніць супрацоўніцтва і не спансараваць рэжым».
Каментары