Маладзечанец прывёз пад радзільню піяніна, каб павіншаваць жонку з нараджэннем дачкі ВІДЭА
Днямі ў маладзечанцаў Дзмітрыя і Святланы Яфіменкаў нарадзілася другая дачка. З радзільні муж забраў жонку з музыкай. Пад уласны акампанемент разам з сябрамі-музыкантамі проста перад уваходам у радзільню Дзмітрый праспяваў Святлане песню, напісаную для яе восем год таму, падчас знаёмства, піша Рэгіянальная газета.
— Ведаючы мяне, жонка, канешне, здагадвалася, што я ўчыню нешта падобнае. Першую дачку Данаю я таксама забіраў з музыкай. Адзінае, пра што прасіла Святлана, каб я не цягнуў шмат народу, бо яна ў мяне спакойная і не публічная, — расказаў малады тата журналісту.
У выніку ў дзень выпіскі на прычэпе пад радзільню прывезлі піяніна, далучыліся сябры Дзімы з іншымі музычнымі інструментамі.
Саксафаніст спецыяльна прыехаў з Мінска, а барабаншчык прыйшоў з працы падчас свайго абеду, пайграў, а пасля зноў пабег на працу.
Песню, якую праспяваў Дзмітрый Святлане, была напісаная для яе восем год таму, калі маладыя людзі толькі пазнаёміліся.
— На кожную важную для нашай сям’і дату я спяваў гэтую песню і проста дадаваў новы куплет. На гэты раз праспяваў пра тое, што ў нас нарадзіліся дзве дачкі.
Па словах мужчыны, людзі, якія выпадкова аказаліся побач падчас выпіскі, рэагавалі вельмі пазітыўна. Шмат хто назіраў за ўсім праз вокны.
— Я хваляваўся, што не дадуць у будынку жаночай кансультацыі разетку, каб падключыць апаратуру, але загадчыца сказала, што яны любяць такія мерапрыемствы, і дазволіла. А таксама мне далі крэсла, — расказаў Дзмітрый.
… Цяпер у сям’і гадуюцца дзве дачушкі — Даная, якой год і дзесяць месяцаў, і нованароджаная Дарына.
-
Мужчына ў Кітаі застрахаваў жонку на вялікую суму і забіў яе, каб атрымаць кампенсацыю і разлічыцца з прастытуткамі
-
Дзе ў Еўропе навагоднія елкі прэтэндуюць на званне самай высокай?
-
Канал «Россия» расказаў, як сямейная пара расейцаў з тату на твары пакутуе ў Польшчы. А гэта беларусы, і ў іх усё добра
Каментары