Грамадства2424

Дзяржава адбірае ў гаспадароў «Ждановічаў» элегантна прысабечаную зямлю, на якой пабудавалі катэджы 

Былы піянерлагер «Арляня» ў вёсцы Звянячы на беразе Іслачы стаў месцам разборак паміж гаспадарамі рынка «Ждановічы» і чыноўнікамі. Пакуль перамагае мацнейшы — дзяржава.

У 1990—2000-я «Ждановічы» былі адным з самых прыбытковых бізнэсаў краіны. Гіпермаркеты яшчэ толькі нараджаліся, і рынак быў галоўным месцам закупаў для дзясяткаў тысяч мінчукоў, прыносячы сваім уласнікам мільёны даляраў. Гаспадарылі тут Яўген Шыгалаў (памёр у 2014-м) і Міхаіл Пракаповіч (памёр у 2016-м).

У канцы 2000-х на Шыгалава завялі крымінальную справу. Услед наваліліся праблемы са здароўем, і ён патроху перадаў бізнэс дзецям, Сяргею Шыгалаву і Дзіяне Курыла-Шыгалавай, а таксама яе мужу Віталю Курылу.

Аналагічна зрабіў і яго партнёр Пракаповіч — цяпер у ліку топ-бізнэсменаў яго сын Максім Пракаповіч.

Менавіта дзеці апынуліся ў цэнтры скандалу з нерухомасцю.

У 2005 годзе ГД «Ждановічы» на аўкцыёне (іншыя ўдзельнікі аўкцыёну невядомыя, а ўзбуйненне зямлі адбылося згодна з распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі) атрымаў гэты піянерлагер «Арляня» у вёсцы Звянячы. Каля 13 гектараў зямлі дасталася для «абслугоўвання базы адпачынку».

Што адбывалася на зямлі, доўгі час не было вядома. На ўездзе стаіць будка аховы, тэрыторыя агароджаная плотам, на якім вісіць вывеска з ранейшай назвай базы адпачынку «Звянячы бор» (цяпер яна называецца «Фарэлькі»).

Нібыта гэты плот, які перакрывае рэчку, і стаў прычынай скаргі мясцовых жыхароў у пракуратуру.

Цягам разбіральніцтва выявіўся дзіўны лёс мэтавага ўчастка. 

Выявілася, у 2012-м яго частку падзялілі паміж сабой гаспадары «Ждановічаў». Яны нарэзалі участкаў па 25-50 сотак, а Мінскі раённы Савет дэпутатаў падмахнуў дазвол.

За рэгістрацыю наваствораных участкаў гаспадары заплацілі кадастравы кошт — па $16 тысяч, хаця рынкавая цана зямлі за 20 кіламетраў ад Мінска значна вышэйшая.

На скрыншоце паказана, як гэта выглядае: жоўтым колерам пазначана дзяржаўная зямля ў карыстанні ГД «Ждановічы», а ўнутры яе — пяць прыватных участкаў, тып якіх ужо перастаў быць «прыродаахоўным» і «рэкрэацыйным». На гэтай зямлі выраслі багатыя катэджы.

Вось спіс першасных атрымальнікаў падзеленай зямлі — гэта ўсё Пракаповічы і Курыла-Шыгалавы. 

Сёння там адзін дом цалкам абсталяваны для жыцця, ён належыць Дзіяне Курыла-Шыгалавай. 

Фразу «стварэнне рэкрэацыйнай базы для паслуг насельніцтву» бізнесмены зразумелі своеасабліва. 

Тыя, хто там рэальна адпачываў, кажуць пра наяўнасць лазні, тэніснага корта, гасцініцы на 12 нумароў. Астатняе — прыватная ўласнасць бізнэсменаў.

Пракуратуру такі стан рэчаў абурыў, яна пастанавіла прызнаць незаконнымі ранейшыя рашэнні мясцовых уладаў.

Цяпер у судах дзве спрэчкі. Першая — наконт зямлі, якая належыць ГД «Ждановічы». Яе могуць адабраць за немэтавае выкарыстанне. Спрабуюць адабраць у бізнэсменаў і прыватныя катэджы. Ужо адбылося некалькі судоў, але Курыла і яго сваякі яшчэ працягваюць іх апратэстоўваць.

Віталь Курыла: Мы рыхтуемся да падачы апеляцыі ў Вярхоўны суд. Пакуль ёсць рашэнне абласнога суда і суда Мінскага раёна, што ўсе рашэнні выканаўчых органаў з 2011 па 2016 прызнаныя незаконнымі. Гэта зямля ўжо не наша, але мы яшчэ па ёй ходзім. Таму чакаем Вярхоўнага суда і спадзяёмся на цвярозы розум і справядлівасць. Калі адстаім, то будзем выкарыстоўваць як базу адпачынку, здаваць у арэнду. Там жа ёсць тэнісныя корты, лазні, людзі там аздараўліваюцца, праводзяць карпаратывы, ловяць рыбу.

«Наша Ніва»: Але чаму гэту зямлю вы падзялілі паміж сабой?

Віталь Курыла: Ну як яна падзеленая? Вы няправільна паглядзелі! Ёсць рашэнне выканкама пяць участкаў прадаць ва ўласнасць грамадзян, яны там пабудавалі дамы, а дзевяць гектараў — гэта база адпачынку, якая знаходзіцца ў рэкрэацыйнай зоне. Афіцыйная рэгістрацыя, дазвол на будаўніцтва — у нас усё ёсць гэта.

Пазіцыя Курылы такая, што адказнасць мусяць несці чыноўнікі, якія некалі дазволілі правярнуць такую ўгоду, а не ягоная сям'я. 

Каментары24

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі, што гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі, што гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскія беспілотнікі ўначы атакавалі тры расійскія спіртзаводы10

Беларускі сцяганосец на Алімпіядзе ў Токіа стаў рыэлтарам2

Маляваныч расказаў, колькі ў яго скралі тэлефонныя махляры і чаму паверыў ім20

«У ZUS акруглілі вочы: яны ніколі пра такое не чулі». Як беларусы пераводзілі пенсію з Беларусі ў Польшчу4

Зімовую форму мінскіх даішнікаў таксама памянялі ФОТЫ5

«Прадаў маме фіктыўна». Беларусы расказалі, з якой цяжкасцю прадаюць свае кватэры3

На беразе Нарачы з'явіліся «касмічныя» купалы з усімі выгодамі. Што гэта за дзіва?1

У Судане збілі грузавы самалёт з расіянамі на борце4

«Мае сілы скончыліся»: Валярына Кустава расказала, чаму збірае на дапамогу сваёй сям'і33

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі, што гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі, што гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →