«Машына была на глыбіні аднаго метра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага
Былы лідэр спартова-патрыятычнай арганізацыі «Край» Вадзім Кабанчук распавёў Свабодзе, як 18 гадоў таму быў знойдзены аўтамабіль бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, на якім, паводле шэрагу сьведчаньняў, яго разам з палітыкам Віктарам Ганчаром даставілі на месца іх забойства.
У канцы жніўня 2001 году ў Менску распаўсюджвалі відэакасэту з сэнсацыйным матэрыялам. На ёй тагачасныя супрацоўнікі КДБ Генадзь Угляніца і Андрэй Жарнасек сьцьвярджалі, што ведаюць месца забойства і пахаваньня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, якія прапалі ў 1999 годзе.
Супрацоўнік аддзелу абароны канстытуцыйнага ладу і па барацьбе з тэрарызмам Менскага ўпраўленьня КДБ Угляніца і сьледчы таго ж камітэту Жарнасек заявілі, што джып Красоўскага закапаны на тэрыторыі вайсковай базы непадалёк ад Бегамлі, 100 км на поўнач ад Менску. На відэакасэце быў паказаны і ўчастак, дзе нібыта схаваны аўтамабіль. Угляніца і Жарнасек уцяклі зь Беларусі, а МУС заявіла, што ніякай машыны на тэрыторыі часткі няма. Празь некалькі месяцаў, пасьля арышту і хуткага вызваленьня камандзіра спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (СОБР) Унутраных войскаў МУС Беларусі Дзьмітрыя Паўлічэнкі, Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку тагачаснага генэральнага пракурора Алега Бажэлку і кіраўніка КДБ Уладзімера Мацкевіча.
У пошуках аўтамабіля ў 2001 годзе, разам з Угляніцам і Жарнасекам, браў удзел і Вадзім Кабанчук. У другой палове 1990-х ён быў адным з заснавальнікаў спартова-патрыятычнай арганізацыі «Край». У 2002 годзе ён зьехаў у Бэльгію, дзе атрымаў палітычнае прыстанішча. Сёньня ён жыве ва Ўкраіне, удзельнік ваенных дзеяньняў на Данбасе як добраахвотнік на баку Ўкраіны.
— Як вы дазналіся пра Бегамлю як месца, дзе, магчыма, схаваны аўтамабіль Красоўскага?
— У нашай арганізацыі былі свае суполкі ў розных раёнах і гарадах. Я не магу назваць той горад, дзе жыў сьведка, які нам пра гэта сказаў, бо гэта можа пагражаць яго жыцьцю. Ён зьвярнуўся да нас і расказаў, што ягоны сябар служыў у гэтай частцы разам з хлопцамі з «эскадрону сьмерці», як яго потым назвалі. І так мы на яго выйшлі.
— Вы ўзначальвалі спартова-патрыятычную арганізацыю. У яе шэрагах былі людзі, якія называлі сябе нацыяналістамі. Пры чым тут гэтая справа да вас?
— Гэта была сьвежая справа, якая мела грамадзкі рэзананс. Мы ўсьведамлялі, што адбылося злачынства і што яго ўтойваюць. І калі гэтае злачынства зьвязана з рэжымам, то чаму б гэта не праверыць? Хацелася справядлівасьці. Тым больш мы на той час усьведамлялі, што гэты рэжым антыбеларускі, і любыя сродкі, каб яго зьнішчыць, былі добрыя.
— Калі вы пачалі пошук?
— Летам. Было цёпла, дрэвы былі зялёныя. Я ўспамінаю, што мы выкарыстоўвалі элемэнт кансьпірацыі, што нібыта зьбіраем грыбы.
— Значыць, вайсковая частка на той час яшчэ функцыянавала?
— Так. Мы разумелі, у якое месца едзем. Калі б там адбылося нейкае затрыманьне ці пракол, то невядома, чым бы гэтая гісторыя скончылася. Аб’ект знаходзіўся ў лесе, таму мы прадугледзелі пэўныя захады бясьпекі. Калі нашыя хлопцы праводзілі ўсю гэтую рэкагнасцыроўку, побач прабягала ўся гэтая братва Паўлічэнкі, 20 ці 30 чалавек, з аголенымі торсамі. Яны былі літаральна за тры мэтры ад нашых хлопцаў.
— А колькі вас было ў групе?
— Туды выязджала некалькі чалавек. Гэта была кампактная група. Па-першае, больш і ня трэба было. Па-другое, мы не маглі сабе дазволіць уцечкі інфармацыі.
— Тады не было такіх агульнадаступных прыстасаваньняў з GPS, як сёньня. Як вы знайшлі патрэбнае месца?
— Яго нескладана было знайсьці. У нас была пэўная інфармацыя, мы ведалі, як арыентавацца ў лесе, і ведалі, што шукаем. Гэта 5 кілямэтраў ад Бегамлі, зьезд убок шашы. Там быў знак «Уезд забаронены». І там быў гэты аб’ект. Зразумела, што да самога аб’екта ніхто не пад’яжджаў. Частку шляху мы праходзілі пешшу, і там ужо шукалі.
Нас цікавіла паласа перашкод, і мы хацелі пацьвердзіць гэты факт ад сьведкі. Гэта ж магла быць дэзынфармацыя ці ўкід. Але ўжо па тым, як ён гэта казаў і як гэта падавалася, было зразумела на 80%, што гэта праўда. Навошта такое выдумляць? Былі пэўныя абставіны, зь якіх мы ведалі, што гэта не спэктакль і што машына знаходзіцца там. Вайсковая частка была агароджана плотам, і недзе за 50-100 мэтраў ад гэтага плоту была прасека і на ёй стаяла паласа перашкод. Гэта месца з другога боку ад КПП.
— І што вы ведалі пра аб’ект?
— У нас было канкрэтнае апісаньне, што машына знаходзіцца ў яме, што празь яму было перакінутае бервяно, інтэграванае ў паласу перашкод. Знайсьці яму не было праблемаў, яна была вельмі вялікая. У нас было такое апісаньне: край ямы абвалены, таму што туды заяжджаў БТР, якім яны плюшчылі машыну. І мы ўбачылі той край, дзе быў зьезд БТРа.
— А як вы шукалі машыну?
— У нас быў мэталяшукальнік. Мы адбілі ім контур машыны, бо мелі там дэтэктар залежаў мэталу пад зямлёй. То бок гэта быў не звычайны мэталашукальнік, у яго быў экран. Потым, каб пераканацца канчаткова, пракапалі ў двух месцах шурфікі і ўперліся ў мэтал. Машына залягала на глыбіні недзе 1 мэтар. Над машынай была накіданая зямля.
— Адкуль у вас перакананьне, што гэта машына Красоўскага, калі вы яе нават не бачылі? Ці мала што гэта за машына, стары транспарт, часткі ці нешта такое?
— Ну слухайце, шанец, што гэта іншая машына — адзін на мільён. Мы, безумоўна, усю машыну не адкопвалі. Мы плянавалі, што туды павінны прыехаць праваабаронцы, журналісты. Хацелі адразу паказаць гэтае месца, і каб было прынятае рашэньне, што рабіць далей. Мы рабілі ўсё, каб нас не заўважылі, каб не пакінуць сьлядоў. Тыя ямкі мы потым замаскавалі, каб не было відаць, што нехта на гэтым месцы быў.
Потым мы зьвярнуліся і да журналістаў, і да праваабаронцаў. Прапанавалі паехаць і паказаць месца, дзе знаходзіцца машына. Але яны на гэта не пагадзіліся. Адзін з кіраўнікоў праваабарончага цэнтру сказаў: «Хлопцы, я яшчэ хачу жыць». Імя гэтага чалавека я называць ня стану. Калі ён захоча, то пацьвердзіць. Акрамя яго, падчас гэтай размовы быў я і яшчэ адзін хлопец, ён сьведка тых словаў.
— Значыць, пасьля гэтай адмовы вы не шукалі ніякіх выхадаў на іншыя СМІ?
— Я даваў інтэрвію адной журналістцы па мабільным тэлефоне. Тады гэта была яшчэ навінка. І мне проста на хаду адключылі мабільную сувязь і мой тэлефон перастаў працаваць. Яны вялі прамое праслухоўваньне, бо мабільных тэлефонаў тады ў краіне было мала. Уся гэтая апаратура стаяла на кантролі ў спэцслужбаў. І менавіта пасьля таго, калі мы пабачылі, што з праваабаронцамі не выходзіць, Жарнасек і Ўгляніца далі інтэрвію, у якім усё падрабязна расказалі. Пасьля гэтага яны былі вымушаныя зьехаць у эміграцыю.
— То бок, і Жарнасек, і Ўгляніца былі разам з вамі ўсе тыя два разы?
— Па-рознаму. Мы былі там нават больш за два разы. Спачатку мы езьдзілі і проста зьбіралі папярэднюю інфармацыю. Былі пэўныя падрыхтоўчыя работы. І потым у адну з паездак былі непасрэдна Жарнасек і Ўгляніца.
— А ці выйшаў нехта са спэцслужбаў асабіста на вас? Бо вы зьехалі зь Беларусі не адразу.
— Не. У гэтым інтэрвію ў жніўні 2001 году Ўгляніца і Жарнасек сказалі, што на паласе перашкод былі толькі яны. На канфэрэнцыі яны прысутнічалі таксама ўдвох. Я ўсьведамляў, вядома, што можа быць праблема. Але гэта быў 2001 год, выбары, і ўладам раздуваць гэтую справу не было ніякага сэнсу. Калі б яны нас затрымалі, то ясна ўсім, што мы б пра ўсё расказалі, што будзе розгалас. І таму яны нас не чапалі.
Частка журналістаў нам казала: ды хлопцы, вас проста разьвялі і выкарысталі спэцслужбы. Але ўлады сваімі паводзінамі паказалі, што мы кажам праўду. У той лес накіравалі міністра ўнутраных справаў Навумава. Калі прыехаў Навумаў, то яны зрабілі імітацыю раскопак той ямы і заявілі, што там быццам нічога не было. І пачала гуляць гэтая вэрсія, што ў яме нічога не было і што мы гэта ўсё прыдумалі.
— Па сутнасьці, іхнае слова супраць вашага слова. Няўжо вы не зрабілі ніякіх фатаздымкаў?
— Не, ну якія ж здымкі? Мы гэтую машыну нават не плянавалі адкопваць. Мы зьбіраліся прывезьці туды праваабаронцаў. Калі прыехалі людзі з Навумавым, без апазнавальных знакаў, і капалі там, яны прывезьлі з сабою некалькі здымачных групаў. Адна зь іх, БТ ці РТР, не прыгадаю, залезла камэрай у папку сьледчага, і там проста відаць, што ў яго на паперы адбітыя контуры машыны і пазначаныя чырвоным дзьве кропкі, дзе мы капалі рыдлёўкамі. У іх усё гэта было адбіта. Думаю, што той відэасюжэт можна знайсьці, яго паказвалі па тэлевізіі.
Апрача таго, той сьведка расказаў нам, што Паўлічэнка забараніў сваім байцам браць любыя рэчы з гэтага аўтамабіля. Але яны ўсё роўна зьнялі акумулятар, ён быў белага колеру. І потым, калі я сустракаўся ў Эўропе з Ірынай Красоўскай, яна пацьвердзіла, што на іх машыне стаяў менавіта такі акумулятар.
Ну і ўскосна на нашу карысьць сьведчыць факт, што Лукашэнка адправіў у лес цэлага міністра Навумава. Уявіце самі. Нейкія хлопцы, якім па 25 гадоў, кажуць, што яны знайшлі нешта ў лесе, у нейкай яме. Гэта што, справа міністра ўнутраных справаў, ехаць у лес, каб абвяргаць словы гэтых хлопцаў?
— Праз год вы зьехалі ў эміграцыю. Ці быў супраць вас нейкі перасьлед з прычыны гэтай справы? Ці нехта вам яе прыгадваў?
— Я ня жыў жыцьцём звычайнага абываталя. Я прымаў меры бясьпекі. Гэты факт, вядома, быў для мяне важным. Калі я зьехаў у эміграцыю, то атрымаў амаль што адразу статус уцекача ў Бэльгіі. Але там былі і іншыя эпізоды.
— Празь некалькі гадоў вы ўсё ж вярнуліся ў Беларусь. Ці былі нейкія сытуацыі, калі вам прыгадвалі тыя пошукі?
— Аднойчы ў размове з апазыцыйным палітыкам. Як я разумею, у іх ёсьць пэўныя сувязі, ня буду казаць, што з куратарамі, але зь людзьмі адтуль, з улады. Яны намякнулі, што нам гэта ўсё прабачылі, амніставалі, так бы мовіць, і за гэту справу чапаць ня будуць.
— Як вы ацэньваеце факты, якія выклаў у інтэрвію «Дойчэ Вэле» Юры Гараўскі, які выдае сябе за непасрэднага ўдзельніка так званага эскадрону сьмерці?
— На 70% я веру, што ён быў удзельнікам. Гэта ўсё гучыць больш-менш праўдападобна. З другога боку, ёсьць розныя варыянты. Можа, яго проста выкарыстоўвалі, каб ціснуць на Лукашэнку. Я маю на ўвазе Расею, бо ён не дамаўляецца зь імі па-мірнаму. Можна дапускаць, што ім маніпулююць расейскія спэцслужбы. Яны могуць, напрыклад, мець інфармацыю. У іх жа хаваўся генпракурор Алег Бажэлка, які засьвяціўся расьсьледаваньнем гэтай справы. Таму расейцы маюць усю інфармацыю па гэтай справе.
Мы ў свой час называлі цэлы шэраг прозьвішчаў, якія супадаюць з прозьвішчамі, якія агучыў Гараўскі. Усё я цяпер ня ўспомню, справа была 20 год таму, але ў інтэрнэце іх можна знайсьці без праблемаў. Імёны байцоў «эскадрону сьмерці» агучвалі Жарнасек і Ўгляніца. Аднаго я дакладна памятаю, яны называлі яго «Балу», ён фігуруе і ў Гараўскага. Тады мы назвалі 5 ці 7 прозьвішчаў з групы захопу.
— Тым ня менш 30% вы пакідаеце на карысьць вэрсіі, што Гараўскі можа быць і падстаўным?
— Я ўсё ж думаю, што гэта рэальны баец. Першае, што пачынае рабіць сыстэма — гэта абвяргаць, што ён у іх быў. Тое самае было з Угляніцам. Спачатку, пасьля інтэрвію, яны пачалі заяўляць, што такога супрацоўніка ў іх няма, што ён у іх не служыў. Пасьля яны пачалі казаць, што ён не зьяўляецца на працы, што яго ледзь не выкралі і прымусілі гэта казаць. І ўскосна пацьвярджае тое, што Ўгляніца ім нашкодзіў, жорсткае зьбіцьцё навукоўца Радзіма Гарэцкага. Гэта ж цесьць Угляніцы. Гэта было ўжо пасьля таго, як Угляніца зьехаў у эміграцыю. Самі па сабе такія рэчы не адбываюцца.
— А што тады, як вы думаеце, адбылося потым з машынай?
— Відавочна, што яны рабілі нейкія захады, каб узмацніць бясьпеку. Па-другое, яны нешта павінны былі зь ёй зрабіць, каб схаваць сьляды. Гэта ж прамы доказ. Калі Гараўскі згадвае пра спальваньне цела, то значыць, што рэалізоўвалася схема ідэальнага забойства: няма цела — няма справы. Думаю, што з машынай адбылося нешта падобнае.
Але прыгадайце таксама той час, пачатак 2000-х. Яны ж адчувалі сябе багамі, рабілі, што хацелі. Мы неяк пасьля ўсяго гэтага сутыкнуліся на праспэкце ў Менску з Паўлічэнкам, у яго было невялікае ДТЗ. І ён быў на тым самым чырвоным BMW, у якім сачылі за Захаранкам. Гэта вядомы факт. І ён спакойна, у вайсковай форме, езьдзіў так па Менску, на той жа самай машыне. Калі ён нават не захацеў мяняць машыну, якая засьвяцілася пры выкраданьнях, то падумайце самі, кім яны сябе лічылі.
-
Мінчук падышоў да зборшчыкаў за Лукашэнку і выказаў, што пра яго думае. Атрымалася крыміналка
-
Назва ад кінатэатра, выгляд ад аўтара віцебскай піраміды, на верхнім паверсе — дзеці. Што вядома пра гандлёвы цэнтр, які гарэў у Віцебску
-
Бізнэсу аддалі 10-15% ад дапамогі Еўрасаюза Беларусі — Ягораў адказвае на крытыку з боку Латушкі
Каментары