Культура77

Як выглядае сусветна вядомая яўрэйская семінарыя ў Валожыне пасля рэстаўрацыі — шмат ФОТА

Валожынскі ешыбот стаў правобразам для навучальных устаноў па ўсім свеце і падарыў плеяду выдатных яўрэйскіх дзеячаў. Сабралі ўсё, што вядома пра рэканструкцыю помніка, і даведаліся, што стала з шыльдамі, у якіх раней адшукалі кучу памылак.

Валожынскі ешыбот пасля рэстаўрацыі. Фота: Мінская праўда

Днямі ў Валожыне пасля двух гадоў рэканструкцыі нарэшце ў сваім першапачатковым выглядзе першых наведвальнікаў сустрэў 200-гадовы ешыбот. Гэта рэдкі прыклад рэстаўрацыі ў Беларусі, калі, здаецца, усё атрымалася як мае быць.

Прыклад для ўсяго свету

Валожынскі ешыбот быў адкрыты ў 1803 годзе рабінам Хаімам Валожынерам, вучнем Віленскага гаона («Віленскага генія»), як першая вышэйшая яўрэйская духоўная семінарыя на тэрыторыі Усходняй Еўропы, якая рыхтавала рабінаў. У перыяд росквіту тут навучалася каля 300 вучняў.

Ініцыятыву падтрымаў граф Юзаф Ігнацы Тышкевіч, які ператварыў Валожын у сваю радавую рэзідэнцыю і перабудаваў горад у стылі класіцызму. 

Будынак, які захаваўся да нашых дзён, быў скончаны ў 1806 годзе. Ён быў рэканструяваны пасля пажару ў 1865 годзе, але быў разбураны буйным пажарам у горадзе, які здарыўся ў 1886 годзе. З 1887 года кіраўнік ешыбота пачынае вялікую працу па пошуку сродкаў на яго аднаўленне. Ахвяраванні рабіліся як іўдзеямі з Расійскай імперыі, так і з Еўропы. У выніку ешыбот разросся да вялікага цэнтра, які размяшчаўся ў комплексе будынкаў.

Валожынскі ешыбот на малюнку В. Тамашэвіча 1897 года. Фота: Wikimedia Commons

У 1896 годзе ешыбот быў закрыты па загадзе царскіх уладаў, бо яго кіраўніцтва адмовілася ўводзіць у навучальную праграму рускую мову і свецкія прадметы. У 1899 годзе ён быў адкрыты зноў, хоць колькасць вучняў значна скарацілася.

Фактычна навучальная ўстанова праіснавала да 1939 года, калі Валожын вярнуўся ў склад Савецкай Беларусі. Апошнія 60 вучняў разам з кіраўніком ешыбота і рабінам былі расстраляныя нацыстамі ў 1941 г. У час вайны будынак моцна пацярпеў.

Валожынскі ешыбот у першай палове XX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады прыстасавалі будынак былога ешыбота пад рэстаран «Колас», потым тут у 1990-я гады працавала кулінарыя.

За савецкім часам будынак, нягледзячы на яго міжнароднае гістарычнае і культурнае значэнне, не быў унесены ў «Збор помнікаў гісторыі і культуры», а значыць не меў ніякага ахоўнага статусу.

Валожынскі ешыбот у пачатку 2000-х гадоў. Фота: Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь

Будынак не быў знесены, але за дзесяцігоддзі моцна дэградаваў, страціўшы амаль усе свае архітэктурныя адметнасці і ператварыўшыся ў безаблічную скрыню ў глыбіні галоўнай плошчы Валожына. Толькі ляпніна з выявай свяшчэннага каўчэга для захоўвання скрутку торы, якая цудам збераглася на тарцовым усходнім фасадзе, нагадвала пра былую багатую гісторыю.

Прызнанне помніка

Валожынскі ешыбот у пачатку 2000-х гадоў. Фота: Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь
Усходні фасад пасля рэстаўрацыі. Фота: skyscrapercity.com

У 1998 годзе падчас візіту ў Валожын былога прэм’ера Ізраіля Шымона Перэса з'явілася дамоўленасць аб рэканструкцыі будынка. Тады ж будынак ешыбота быў прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння. У 2000 г. мясцовыя ўлады перадалі будынак ва ўласнасць Іўдзейскаму рэлігійнаму аб'яднанню ў Беларусі.

Валожынскі ешыбот у пачатку 2000-х гадоў. Фота: Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь

Яўрэйская суполка спачатку планавала аднавіць у будынку ешыбот. Да гэтага праекта праявілі цікаўнасць некаторыя аналагічныя ўстановы ў Ізраілі і ЗША, якія планавалі накіроўваць сюды на лета сваіх вучняў. Але кошт праекта рэканструкцыі дасягаў 400 тысяч даляраў, што значна перавышала магчымасці беларускай абшчыны і спонсараў.

Сваімі сціплымі сіламі суполка ў пачатку 2000-х гадоў пазабівала вокны, паставіла на іх краты, патынкавала і пабяліла сцены, замяніла крыццё даху, што дазволіла зберагчы будынак ад далейшага разбурэння.

У такім малапрыкметным выглядзе Валожынскі ешыбот праіснаваў закансерваваным апошнія 20 гадоў. Фота: Wikimedia Commons

Але гэтага было недастаткова для мясцовых уладаў, якія ў 2007 годзе прыгразілі адабраць у суполкі ешыбот. Чыноўнікі пісалі, што тагачасны стан будынка «ганьба для Валожына» і ён стварае ў турыстаў негатыўнае ўражанне пра горад. Тады пры ўдзеле замежных яўрэйскіх фондаў удалося сабраць $20 000 на аднаўленне будынка. У 2009 годзе архітэктурным бюро «Леоле», якім кіруе Галіна Левіна, дзяячка яўрэйскай меншасці, былі праведзены архітэктурныя абмеры і зандажы помніка, але далей справа не пайшла.

Першыя зрухі

Будынак ешыбота ўсё ж быў перададзены ў 2021 годзе на баланс аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама.

Пачатак работ па рэканструкцыі ешыбота. Фота: sb.by

У пачатку 2022 года кіраўніцтва Мінскага аблвыканкама сустракалася па пытанні аднаўлення будынка ешыбот з паслом Ізраіля. Адначасова пачаліся падрыхтоўчыя працы па рэканструкцыі, заказчыкам якой выступіў Мінскі аблвыканкам.

Навукова-праектным цэнтрам «Рэстабіліс» былі праведзены комплексна-навуковыя пошукі, выкананы зандажы ўнутры і знадворку будынку. Былі сабраныя матэрыялы ў архівах Мінска, Масквы, Вільнюса, Варшавы, Ізраіля.

Праект інтэр'ераў. Фота: sb.by

Над праектам рэканструкцыі пад навуковым кіраўніцтвам мастацтвазнаўца Ігара Духана працаваў калектыў інстытута «Мінскграмадзянпраект», у які ўваходзілі архітэктары Валянціна Цыёнская, Святлана Кудрыцкая і іншыя.

Улетку з археалагічных раскопак, якія праводзіліся пад кіраўніцтвам Сяргея Ліневіча вакол ешыбота, быў сабраны разнастайны матэрыял, які дазволіў лепш раскрыць гісторыю помніка. 

Рэканструкцыя ешыбота ў кастрычніку 2023 года і студзені 2024 года. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Работы па рэканструкцыі будынку пачаліся толькі ў канцы вясны 2023 года. Былі цалкам заменены канструкцыі даху, новыя драўляныя фермы сталі актыўнай часткай новага інтэр'ера. Муроўку часткі сцен давялося рэстаўрыраваць, асабліва моцна яна была разбурана з дваровага фасада, які быў амаль цалкам перароблены. 

Новае начынне для старых сцен

Заходні фасад ешыбота да і пасля рэстаўрацыі. Фота: Мінская праўда

Па старых фотаздымках быў цалкам узноўлены архітэктурны дэкор фасадаў: дэкаратыўныя элементы на пілястрах, ліштвы, сандрыкі, карнізы. Ешыботу быў вернуты арыгінальны бэжавы колер.

На помніку імкнуліся максімальна выкарыстоўваць традыцыйныя матэрыялы і тэхналогіі. У аконныя праёмы замест ужо звыклых пластыкавых запаўненняў паставілі драўляныя рамы з касой раскладкай. Дзверы на ўваходзе таксама зрабілі драўлянымі, з філёнгамі і латуннымі ручкамі. Усё, як мусіла быць век таму. 

Адноўлены дэкор фасадаў ешыбота. Фота: skyscrapercity.com

Новы дах дазволіў зрабіць антрэсоль над уваходам, на якую вядуць дзве лесвіцы на падвесах. Гістарычны дэкор не захаваўся і як ён выглядаў дакладна невядома, таму яго не сталі ўзнаўляць. Адзінае выключэнне — «арон-кадэш», ніша, дзе традыцыйна захоўваецца скрутак Торы і якая збераглася да нашага часу. Вакол яе зрабілі гіпатэтычную рэканструкцыю архітэктурнага порціка, над якім змешчана традыцыйная кампазіцыя — два львы, якія трымаюць скрыжалі Запавету.

Інтэр'ер Валожынскага ешыбота. Фота: Мінская праўда
Порцік, узноўлены вакол нішы, дзе захоўваўся скрутак Торы. Фота: Мінская праўда, valozhin.by

Таксама было вырашана раскрыць некаторыя гістарычныя элементы будынка, каб паказаць узровень будаўніцтва і якасць цаглянай муроўкі.

Астатні інтэр'ер першага паверха фарміруе экспазіцыя культурна-адукацыйнага цэнтра, якая падзелена на тры зоны.

Экспанаванне муроўкі ў інтэр'еры. Фота: valozhin.by

У першай, «Нараджэнне і сталасць Валожынскага ешыбота», экспануюцца прадметы, якія адлюстроўваюць гісторыю навучальнай установы — творы яе заснавальнікаў і «рош-ешыва», то-бок кіраўніка ўстановы, працы Віленскага гаона, які істотна паўплываў на ідэі і праграму ешыбота, прадметы іўдаікі, якія суправаджалі паўсядзённую дзейнасць і святочнае жыццё ешыбота, мастацкая графіка.

Экспанаты экспазіцыі ў ешыбоце. Фота: valozhin.by

Другая зона дэманструе калекцыю знаходак, атрыманых у працэсе археалагічных раскопак перад рэканструкцыяй ешыботы. Калекцыя працягвае першы культурна-гістарычны раздзел і адлюстроўвае розныя перыяды ў гісторыі Валожынскага ешыбота.

Нарэшце трэцяя зона знаёміць з нараджэннем новай культуры ў асяроддзі слухачоў і выдатных выпускнікоў ешыбота, уздзеянне ідэй школы на сусветную культуру XX—XXI стагоддзяў. Тут экспануюцца літаратурныя творы, фота, аўтографы твораў і лістоў, графічныя ілюстрацыі яўрэйскіх дзеячаў.

Валожынскі ешыбот мае два паверхі, але цокальны паверх хавае пагорысты рэльеф горада. Фота: Мінская праўда

Нягледзячы на тое, што будынак выглядае аднапавярховай камяніцай, гэта зусім не так. Ешыбот мае магутны цокальны паверх, які хавае пагорысты валожынскі ландшафт. У час рэканструкцыі цокальны паверх раскрылі больш. Тут размясціліся гасцінічныя нумары з уласнай кухняй. 

Ложак у гасцінічным нумары ў цокальным паверсе. Фота: valozhin.by

Вакол ешыбота і моўныя кур'ёзы

Была добраўпарадкавана таксама навакольная тэрыторыя і гаспадарчыя пабудовы. Замест праезда з паркоўкай перад ешыботам створана плошча.

Тэрасаваны схіл у акне ешыбота. Фота: valozhin.by

У аснову малюнка бруку і лапікаў газона пакладзена форма шасцівугольніка, у бруку можна пабачыць і «зорку Давіда». Схіл каля будынка ешыбота тэрасавалі шырокімі зялёнымі прыступкамі.

Упрыгажэннем плошчы стала скульптурная група «Рабін і Паэт», выкананыя беларускім скульптарам Дзмітрыем Аганавым. Абстрактныя бронзавыя фігуры рабіна і паэта, пакрытыя густой зялёнай пацінай, вядуць паміж сабой дыялог перад ешыботам. 

Скульптурная група «Рабін і Паэт» Дзмітрыя Аганава. Скрыншоты з відэа

З імі звязаны нядаўні кур'ёз: побач паставілі шыльду адразу на чатырох мовах: рускай, беларускай, іўрыце і англійскай. Праўда, тэксты на беларускай мове і іўрыце аказаліся непісьменнымі. Пасля розгаласу, шыльды з памылкамі прыбралі. 

Знак з надпісам «Валожынская іешыва» ў пачатку плошчы. Фота: Мінская праўда

Праўда, памылкі яшчэ засталіся — з боку плошчы паставілі дэкаратыўны знак, які паўтарае выгляд памятнай манеты, прысвечанай Валожынскаму ешыботу з яго выявай на рэверсе. А таксама паўтарае памылку, дапушчаную ў надпісе на манеце — «Валожынская іешыва». Насамрэч, беларускія слоўнікі не фіксуюць варыянт «ешыва», і тым больш «іешыва», а толькі «ешыбот». Зрэшты, з той жа памылковай назвай аб'ект унесены і ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Пабудова, рэканструяваная пад сувенірную краму. Фота: skyscrapercity.com

Недалёка ад ешыбота адрэстаўрыравалі пад сувенірную краму і цагляную гаспадарчую пабудову, у якой захаваліся старыя металічныя акаваныя дзвярніцы.

Аб'ём работ быў такім вялікім, што да абласных «Дажынак», да якіх рыхтавалі адкрыццё ешыбота, не паспявалі ўсё зрабіць у вызначаны тэрмін. Свята працаўнікоў вёскі нават перанеслі на месяц. Нарэшце 19 кастрычніка адноўлены будынак адчыніў свае дзверы перад першымі наведвальнікамі — кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрыем Крутым і старшынёй Мінаблвыканкама Аляксандрам Турчыным. 

Круты і Турчын на адкрыцці ешыбота. Фота: Мінская праўда

Валожынскі ешыбот стаў найрэдкім прыкладам, калі беларуская дзяржава цалкам і якасна аднавіла помнік яўрэйскай спадчыны. У большасці выпадкаў каштоўныя сінагогі і рытуальныя збудаванні імкліва разбураюцца, а інвестары, гатовыя ўкласціся ў іх аднаўленне, адзін за адным з'яўляюцца і знікаюць у медыяпрасторы, не прыносячы карысці. 

На жаль, для Валожына аднаўленне ешыбота не вырашае ўсе праблем з культурнай спадчынай, якія былі створаныя за савецкім часам. Палацава-паркавы комплекс Тышкевічаў, які мог бы стаць сапраўднай турыстычнай жамчужынай краю, сёння падзелены паміж рэжымнымі аб'ектамі — РАУСам і 153-й радыётэхнічнай брыгадай асаблівага прызначэння. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары7

  • Беларус
    23.10.2024
    Адміністрацыю дыктатара напрыканцы артыкула засымсьці назвалі "адміністрацыяй прэзідэнта", а усю ягоную хунту - "беларускай дзяржавай"... Зусім ня бачыце розніцы, ці проста ўсё адно?
    Гішпанскі сорам.
  • Жвір
    23.10.2024
    На чацьвёртым здымку(ад верху) бачна частка горада... Клясыцызмам Тышкевіча так і прэ, прэ й патыхае...
  • Пан
    23.10.2024
    Хоць нейкая добрая навіна з Радзімы!

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі2

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Каля плошчы Бангалор у Мінску перакулілася фура з півам ВІДЭА1

У капліцы пад Смаргонню панішчылі саркафагі і раскідалі чалавечыя парэшткі1

Эксперт ААН: У Беларусі, хутчэй за ўсё, няма ніякай ядзернай зброі. І не будзе

Краінам ЕС дазволілі абмяжоўваць права на прытулак для мігрантаў3

МЗС Беларусі ўручыў Польшчы ноту з-за інцыдэнту з нібыта спробай вярбоўкі дыпламата1

У Расіі вагнеравец задушыў сяброўку дротам ад зарадкі: яму здалося, што яна яго вярбуе на карысць Украіны

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем6

«Не ем пасля шостай і кожны дзень раблю «нажніцы». Сакрэты бадзёрасці і гісторыя жыцця 99-гадовых сясцёр-блізнятак з Ваўкавыска

Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі2

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі

Галоўнае
Усе навіны →