Музыка1010

Музыкант Сяргей Пукст: Творчасць лепей, чым аргазм

Музыкант Сяргей Пукст сёлета ўпершыню ў кар’еры афіцыйна стаў «трыумфатарам» – ягоны «Апошні альбом» атрымаў некалькі знагародаў на прэміі Experty.by, у тым ліку як найлепшы альбом 2013 года.

Напярэдадні самага буйнога канцэрта Пукста, які пройдзе 10 красавіка ў клубе Tarantino, «Наша Ніва» сустрэлася з музыкам, каб абмеркаваць беларускі авангард, сацыяльныя сеткі і натхненне, якое можна атрымаць ад гульні футбольнага клуба «Барселона».

Музычнае станаўленне

На мяне паўплывала сям’я. Мае бацькі — выкладчыкі фартэпіяна. З дзядулем (кампазітар Рыгор Пукст — НН) мы, на вялікі жаль, не перасякліся: ён памёр у 1960-м, я нарадзіўся ў 1972-м. На генетычным узроўні, відаць, нешта і перадалося. Аднак я рос у культуры выканаўчай, у ліцэі пры кансерваторыі, дзе я вучыўся, выхоўваюць менавіта выканўцаў, а кампазітарскі складнік музыкі амаль не педаліруецца. На творчым моманце там ніхто ўвагі не завастраў.

У мастацкай вучэльні адбыўся пералом, я пачуў панк — нешта болей жывое і сучаснае моманту, і цяпер, калі мяне называюць рэтра-хуліганам, то пэўная рацыя ў гэтым ёсць.

Да таго я пісаў поп-песні, натхняючыся Queen, любіў ABBA — усялякую меладычную музыку.

У вучэльні ў нас з’явіўся гурт «Кароль пчол», мы дрэнна гралі на інструментах, я трохі лепш, але я граў не на тым інструменце, да якога прызвычаіўся. Гэта была вялікая школа — мая музычная свядомасць проста ламалася. Потым мы гралі з Антонам Крывулем, пры чым без рэпетыцый увогуле: нашы выступы — гэта быў такі момант абсалютнай свабоды, там было шмат знаходак, аднак яны танулі ў астатняй музыцы.

У выніку мы з Антонам прыйшлі да розных рэчаў – ён з’ехаў у Маскву, працягвае там граць вельмі свабодную музыку, я ж прыйшоў да татальнага кантролю над матэрыялам. Мая музыка вельмі паслядоўная, хоць часам і абсурдная.

Музыка і заробак

Я скончыў Лінгвістычны, працую выкладчыкам, бо музыкай зарабляць немагчыма, прынамсі, музыкай у тым сэнсе, у якім я яе разумею.

І мне вельмі падабаецца, што я не вымушаны зарабляць музыкай, бо як толькі пачынаеш зарабляць, то ўзнікае ўзаемны ўплыў, а ў творчасці з’яўляецца «камерцыйная квадратнасць». У мяне гэтага няма.

Я граю толькі неабходнае мне, не выходжу на сцэну, каб «адыграць».

Пра авангард

Я калі пачуў Чарльза Айвза, спаць не мог: мне было страшна крыўдна, што ён сто гадоў таму прыдумаў шмат з таго, да чаго я зараз сам дадумаўся.

Ён тады ўвесь еўрапейскі мадэрнізм падкасіў, у яго ёсць твор «Пытанне без адказу» 1906 года, гэты твор проста «выносіць» увесь авангард, пры гэтым рэч гэта надзвычай асэнсаваная. Для мяне гэта была як трагедыя асабістая. Я імкнуся свядома культываваць унутранае інтэлектуальнае напружанне.

Пры гэтым, мне падаецца, сёння эксплатуецца да бессэнсоўнасці адна музычная фраза, адзін літаратурны прыём, дарэчы, тупы, на які ўсе вядуцца.

Пра Facebook і хлусню

На фэйсбуку немагчыма кагосьці расфрэндзіць ці «дызлайкнуць» адной кнопкай. Атрымліваецца ты ўвесь час усіх хваліш, у цябе шмат «сяброў» – гэта проста візуальная хлусня. Гэта надзвычай непрыемна, мне нядаўна захацелася нешта змяніць, аднак каб даведацца, як тое зрабіць, давялося лезці ў google — адной кнопкай не атрымаецца. То бок гэтая хлусня ў чалавечых стасунках захоўваецца.

Ніякага адрознення паміж фэйсбукам і «Санта-Барбарай» няма: чалавек прыходзіць з працы, дзе ў яго адно жыццё, і пагружаецца ў іншае жыццё, уткнуўшыся ў фэйсбук: пры гэтым кожны паказвае ў ім толькі сваю парадна-фасадную частку асобы. Аднак лаяць фэйсбук — гэта ўсё ж такі дрэнны густ.

Рэакцыя публікі

Неадназначнасць рэакцыі публікі – гэта дрэнна. Абвінавачваць публіку – таксама справа пустая. Публіка, яна заўжды інтуітыўна ловіць самае галоўнае, яе нельга на сто працэнтаў падмануць. Бывае, праўда, чыстая маніпуляцыя – як шансон. А яшчэ ёсць схема: артыст на сцэне, публіка «ў стане канцэрта», а мне заўжды хацелася яе з гэтага стану вывесці, каб канцэрт быў чымсьці іншым, чым «прыйшлі-пахлопалі», і тады ў людзях прачынаецца нешта зусім іншае і ім малавядомае.

Пра працу

Студэнты некаторыя ведаюць пра маю музычную дзейнасць, гэта нават спрыяе папулярнасці заняткаў. Харошая праца – выкладаць англійскую мову. Вы размаўляеце з кімсьці на мове, а ты пры гэтым яшчэ можаш сказаць значна болей, чым твой апанент. (смяецца)

Пра «Апошні альбом»

Гэтая праграма існуе даўно, а запісана была шэсць гадоў таму: увесь астатні час ішла праца над гукам, я паралельна запісаў альбом «Унутранае», а гэтая праграма існавала фонам, часам дастаткова драматычным. Я не геній, у мяне не атрымліваецца за дзве хвіліны стварыць самастойную ідэальную рэч. Саўнд гэтага альбома, магчыма састарэў, хіпстарам не падабаецца, што я такі старпёр з 90-х. На якасць матэрыялу гэта ніяк не ўплывае. У выніку эксперты, людзі, якія даражаць сваім меркаваннем, аддалі перавагу гэтаму альбому.

Пра сучасную музыку

Цяжкая музыка гэта не хэві-метал, гэта музыка, калі трэба варушыць мазгамі, калі слухач гатовы да няпростай музыкі. У хэві-метале ўсё як раз проста. Да сапраўды «цяжкай музыкі» зараз ставяцца паблажліва: маўляў, гэта тваё ўласнае вычварэнне. Пры гэтым самае лепшае, што ёсць на гарызонце – якія-небудзь Depeche Mode у найлепшых сваіх праявах. Бо… White Stripes гэта проста мярзота, хоць ідэя цікавая – толькі барабаны і гітара. Што маем у выніку, як музыку не «мэйнстрымавую» ў разуменні слухача – поп-музыка, якую граюць неяк інакш, з іншым гукам, даючы магчымасць слухачу адчуць сваю «прасунутасць».

Пра музыку ў Беларусі

У Беларусі ёсць выдатныя праекты: той жа Пафнуцій Кузюкян, гэта такі праект у стылі «і што?». Толькі ўнутраная чалавечая годнасць, якая дазваляе захаваць уласны гонар, дапамагае рабіць непростыя рэчы. Гэта і трымае беларускіх музыкаў на пэўнай вышыні. Напрыклад, тое, што робяць Нарушэвіч, Забелаў, Катвіцкая… Гэта вельмі сапраўдныя рэчы, і яны не даносяцца да публікі, аднак гэта не беларуская праблема. Я пытаўся ў жыхароў Літвы, дакладней, у беларусаў, якія туды пераехалі, яны не могуць назваць мясцовых гуртоў. Няўжо нікога няма? Не можа такога быць.

Проста няма механізму, які б выцягваў такую музыку на паверхню. І такое адбываецца паўсюль. У Беларусі ў нас проста скарбонка нейкая - выдатных гуртоў колькі, тая самая «Серебряная свадьба», якія робяць супер-шоу. «Гурзуф» — гэта проста дзіва.

Пра натхненне

Фактычна любы рух чалавечай душы не пакідае абыякавым. Гульня ФК «Барселона» – выдатная па кампазіцыі рэч, асабліва, калі даведаешся, як яна ствараецца: спачатку яны трэніруюцца на насоўках, паступова пышараюць пляцоўку, пачынаюць адчуваць адзін аднаго, вось гэта важны момант, які на творчасць уплывае. З іншага боку любы чалавек, які з півам глядзіць футбол па тэлевізары, таксама раскажа вам масу цікавых дэталяў. Пры тым, што гэта проста 22 чалавекі, з якімі ты ну ніяк не перасякаешся, нічога цябе з імі не звязвае, а ўсё адно глядзіш.

Ці чытаеш Платонава, я не магу яго шмат чытаць — два абзацы, і ты наеўся і абажраўся так, што няма сэнсу даведвацца, чым там скончыцца. Там тканіна тэкста такая насычаная і літаратурная. Ці калі глядзіш фільмы Германа — «Хрусталёў» мяне спачатку вельмі моцна раздражняў, а пасля я зразумеў, што па «харэаграфіі» карціны — гэта цуд, хоць звычайнаму гледачу фільм падаецца вар’яцкім па змесце.

Пра сына

Сева да музыкі імкнецца сам — беларускія паэты дагэтуль, відаць, узгадваюць той паэтычны слэм, дзе ён зрабіў вялікі крок у беларускую літаратуру і значна мадыфікаваў творчасць свайго бацькі (смяецца). Музыку слухае? Канешне, вунь у дзіцячым садку спяваў «Бальзакаўскі ўзрост» Георгія Дабро, добра, што не ўсе словы вымаўляў, а то ўяўляю, як бы ўсе здзівіліся. Мая задача тут — паказаць яму ўсё, што магчыма. Вось хадзілі нядаўна ў Мастацкі музей, аднак ён пакуль не зразумеў, нашто тое трэба. Мясцовая кавярня яго зацікавіла болей.

Пра імкненне да мастацтва

У мяне быў адзін знаёмы бізнэсмен, ён з зайздрасцю на мяне паглядзеў, калі даведаўся, чым я займаюся. У выніку ён раптоўна купіў фарбы і наствараў прац ледзь не на цэлую выставу. А падавалася, гэта чалавек, які ўсяго дабіўся, але ж ёсць у людзей туга па нечым функцыянальна не абумоўленым. Мне падаецца, што наша эпоха матэрыялізму такая з-за выдаткаў галодных 90-х, пакуль яшчэ людзі хочуць як мага болей блісчастых паверхняў вакол сябе, аднак ужо набіраецца тая крытычная маса, якая змяняе прыярытэты.

Нельга займацца толькі тым, што разражняць свае інстынкты задавальнення. У рэшце рэшт, музыка, калі ты яе стварыў, і яна атрымалася, гэта круцей за аргазм, бо гэта застанецца з табой назаўжды.

 

Каментары10

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць8

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы21

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу1

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →