Маладых людзей з акупаваных частак Запарожскай, Херсонскай, Данецкай і Луганскай абласцей Украіны ўпершыню адправілі на тэрміновую службу ва Узброеныя сілы Расіі. Разам з імі ў новы прызыў адправіліся юнакі з анексаванага ў 2014 годзе Крыма, пішуць Важныя гісторыі.
Пра гэта паведамілі кіраўнікі акупацыйных адміністрацый Запарожскай і Херсонскай абласцей Яўген Баліцкі і Уладзімір Сальда, а таксама «Известия» і РІА Навіны.
Цырымоніі адпраўкі ў войскі адбыліся ў Батайску Растоўскай вобласці і ў Сімферопалі.
Чыноўнікі і дзяржСМІ сцвярджаюць, што прызыўнікоў з акупаваных тэрыторый не будуць адпраўляць у зону баявых дзеянняў, а пакінуць служыць у частцы Паўднёвай вайсковай акругі, уключаючы Каўказ і анексаваны Крым. Раней акупацыйны кіраўнік часткі Запарожскай вобласці Баліцкі абяцаў, што жыхароў рэгіёну не будуць мабілізоўваць у армію РФ пяць гадоў з моманту анексіі рэгіёну.
З пачаткам поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе жыхароў «ЛДНР» гвалтоўна забіралі ў падраздзяленні так званай народнай міліцыі непрызнаных рэспублік. Тады байцы без рыштунку і падрыхтоўкі панеслі каласальныя страты ў баях з арміяй Украіны. Неўзабаве з «народных міліцый» пачалі дэмабілізоўваць студэнтаў. З восені 2022 года падраздзяленні «ЛДНР» інтэгравалі ў армію Расіі.
Каментары