У Мінску людзі ўначы выстройваюцца ў чэргі, каб купіць рэдкія манеты
Калекцыянеры і, магчыма, перакупы выстройваюцца ў чаргу ў касы Нацбанка ў Мінску на вуліцы Талстога, 6, каб купіць рэдкія і незвычайныя манеты. Гэта заўважыла Tochka.by. «Люстэрка» паглядзела, што сабой уяўляе «тавар», па які стаяць людзі.
Гаворка ідзе пра калекцыйную манету наміналам 50 рублёў «Легенда аб Менеску» серыі «Легенды гарадоў Беларусі». Гэта даволі рэдкая манета — агульны наклад срэбнай, што мае намінал 50 рублёў, — усяго 1200 штук. А медна-нікелевая наміналам 1 рубель — 1500 штук. Нацбанк увёў іх у абарачэнне 18 снежня 2023 года.
У продаж першая з іх паступіла толькі ў пятніцу, 15 лістапада (другую, якая на 1 рубель, пакуль яшчэ не прадаюць). Прадаюць яе ў касе Нацбанка па адрасе: Талстога, 6 у Мінску. Кошт — 350 рублёў, гаворыцца на сайце рэгулятара.
Ля будынка Нацбанка ў Мінску ўжо некалькіх дзён выстройваецца чарга. Перад закрыццём касы людзі ладзілі пераклічкі і нават прызначалі дзяжурных на ноч. Не абыходзіцца без перакупаў, «каруселяў», куплі-продажу чаргі паміж людзьмі вузкага кола.
Адна з асаблівасцяў манеты ў тым, што яна мае нестандартную форму з няроўнымі краямі, то-бок стылізаваная пад старадаўнія грошы.
Хоць прадаваць яе сталі нядаўна, ужо можна знайсці прапановы ад перакупаў. Цана адрозніваецца ў разы. Так, «Белнумізматыка» прапануе яе за 865,4 рубля.
Нядаўна на анлайн-аўкцыёне яе прадалі за 395 рублёў. Іншыя прадаўцы прапануюць па цане ад 400 рублёў.
У нашых суграмадзян можа быць яшчэ адна нагода пастаяць у чарзе ля касы Нацбанка. Да 31 снежня гэтага года там можна памяняць старыя беларускія рублі (узору 2000 года). Абмен старых грашовых знакаў на актуальныя банкноты і манеты праводзяць у суадносінах 10 000:1. Гэта значыць, што калі ў вас ёсць старая купюра на 50 тыс. рублёў, то цяпер яна роўная 5 рублям.
Каментары