Даныя ўсіх карыстальнікаў Pokemon GO цяпер ператворацца ў глабальную мапу мясцовасці
Стваральнікі мегапапулярнага дадатку для пошуку віртуальных пакемонаў зрабілі рэзанансную і адначасова скандальную заяву — даныя мільёнаў карыстальнікаў Pokemon GO лягуць у аснову стварэння новага глабальнага штучнага інтэлекту, які змадэлюе дэталізаваную мапу ўсіх аб'ектаў свету, якія траплялі ў аб'ектывы камер прылад гульцоў на працягу 8 гадоў.
Амерыканская кампанія Niantic анансавала выпуск «Вялікай геапрасторавай мадэлі» (Large Geospatial Model, LGM), што «стане рэвалюцыяй у разуменні фізічнага свету штучным інтэлектам».
LGM будзе ўяўляць глабальную і мегадэталізаваную сусветную мапу, у аснову якой лягуць даныя сканаванняў мясцовасці з прылад мільёнаў карыстальнікаў гульняў Pokemon Go, Ingress і іншых дадаткаў Niantic, афіцыйна паведаміла кампанія.
«Мадэль штучнага інтэлекту LGM заснавана на велізарным аб’ёме даных — больш за 50 мільёнаў маленькіх нейрасетак апрацоўваюць 150 трыльёнаў параметраў на базе мільярдаў выяў, звязаных з геаграфічнымі каардынатамі і сканаваннямі мясцовасці прыладаў карыстальнікаў нашых дадаткаў, што дапаможа ствараць 3D-рэканструкцыі рэальнага свету з дакладнасцю да сантыметра.
Cістэма LGM адрозніваецца ад усіх астатніх канкурэнтаў тым, што нашы даныя цалкам унікальныя, бо сабраныя менавіта з пешаходнай перспектывы і ў месцах, куды аўтамабілі са сканерамі прасторы проста не здольныя патрапіць.
Гэта робіць тэхналогію асабліва карыснай для такіх задач, як гарадская навігацыя, лагістыка, дызайн транспартных маршрутаў і інтэграцыя лічбавых элементаў у рэальны свет, што вельмі спатрэбіцца распрацоўшчыкам акуляраў віртуальнай рэальнасці і іншых высокатэхналагічных гаджэтаў. Мы імкнемся стварыць тэхналогію, якая цалкам злучыць фізічны і лічбавы свет», — заявілі распрацоўшчыкі Pokemon Go з кампаніі Niantic.
Як адзначаюць незалежныя аналітыкі і эксперты па кібербяспецы, падобныя планы і дзеянні кампаніі Niantic могуць стварыць пагрозу прыватнаму жыццю і бяспецы мільёнаў чалавек па ўсім свеце, бо карыстальнікі лавілі пакемонаў і карысталіся іншымі дадаткамі Niantic у самых розных месцах: ад уласных дамоў і кватэр да дзяржаўных і вайсковых аб'ектаў.
«Ніхто з тых, хто загрузіў Pokemon Go у 2016 годзе, не мог прадказаць, што іх даныя аднойчы стануць асновай для глабальнага і не да канца зразумелага прадукту са штучным інтэлектам», — піша партал 404 Media.
Нагадаем, што два месяцы таму начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы міністэрства абароны Беларусі Аляксандр Іваноў абвінаваціў стваральнікаў Pokemon Go у шпіянажы.
«Давайце возьмем гульню Pokemon Go. Гадоў дзесяць назад яна была вельмі папулярная. Усе падлеткі-дзеці сядзелі на нейкім дадатку — уключаеш камеру, дапоўненая рэальнасць, і шукаеш нейкіх пакемонаў. Рэдкіх збіраеш сабе ў калекцыю.
Дзе было больш за ўсё пакемонаў у той час? На тэрыторыі 50-й авіяцыйнай базы (Мачулішчы), дзе ўзлётна-пасадачная паласа, дзе куча вайсковай тэхнікі. Ці гэта не разведвальніцкая інфармацыя?» — заявіў Іваноў у эфіры дзяржтэлебачання.
Каментары