Здароўе

Медыкі папярэджваюць пра нізкую эфектыўнасць біядабавак з вітамінамі

Лепш з'есці натуральны прадукт, чым праглынуць таблетку.

Фота: vecteezy

У сучасным свеце мы прывыклі шукаць хуткія і зручныя рашэнні для паляпшэння здароўя, да іх адносяцца і вітаміны з мікраэлементамі ў выглядзе дабавак. Аднак спецыялісты сцвярджаюць, што іх эфектыўнасць значна саступае натуральным крыніцам, такім, як садавіна, гародніна і крупы.

Горшае засваенне характэрнае для розных сінтэтычных прэпаратаў, незалежна ад таго, якія злучэнні яны ўтрымліваюць.

Да таго ж не для ўсіх вітамінаў і мінералаў існуюць сінтэтычныя эквіваленты. Да іх адносіцца куркумін — актыўнае рэчыва, якое ўтрымліваецца ў корані куркумы і вядомае сваімі супрацьзапаленчымі і антыаксідантнымі ўласцівасцямі. 

Іншы прыклад — рэсвератрол, поліфенол з магутнымі антыаксідантнымі ўласцівасцямі. Найбольш яго ўтрымліваецца ў скурцы вінаграду. Даследаванні паказалі, што ён запавольвае працэсы старэння, нейтралізуючы свабодныя радыкалы, якія могуць пашкодзіць клеткі, і стымулюючы работу ферментаў, якія дапамагаюць арганізму эфектыўна змагацца з акісляльным стрэсам.

Аднак спецыялісты заўважаюць, што ніводзін прэпарат, які цяпер прысутнічае на рынку, не ўтрымлівае дозы рэсвератролу, эквівалентнай той, якая прысутнічае ў натуральных прадуктах. Тэарэтычна такая сінтэтычная дабаўка можа быць распрацаваная, але яе кошт будзе вельмі высокі.

Яшчэ адзін прыклад — коэнзім Q10 (убіхінон), які ў апошнія гады называюць цудадзейным сродкам, які садзейнічае ўтварэнню клеткавай энергіі, дазваляе павысіць працаздольнасць, фізічную вытрываласць і справіцца з хранічнай стомленасцю.

Аднак спецыялісты адзначаюць, што коэнзім з'яўляецца толькі звяном у складаным ланцужку рэакцый, якія адбываюцца ў клетцы. У гэтых рэакцыях задзейнічаныя многія мікраэлементы і злучэнні, таму прыём толькі аднаго гэтага рэчыва малаэфектыўны. Коэнзім не здольны паўплываць на метабалізм без узаемадзеяння з іншымі рэчывамі.

Эксперты звяртаюць увагу, што навуковыя даследаванні не змаглі даказаць эфектыўнасці вітаміну C, які мы прымаем пры прастудах. Аднак калі мы цвёрда ўпэўненыя, што ён нам дапаможа, то больш карысці будзе ад спажывання прадуктаў, якія ім багатыя.

Нават вітамін D3, прыём якога рэкамендуецца кожнаму чалавеку ў нашай кліматычнай зоне восенню і зімою, на самой справе лепш засвойваецца з натуральных крыніц, у асноўным з тлустай марской рыбы. Там ён утрымліваецца ў спалучэнні з адпаведнымі камбінацыямі тлушчаў, якія павялічваюць яго засваенне.

Аднак з-за таго, што каля 90% насельніцтва ўсё ж пакутуе ад недахопу гэтага вітаміну, дактары рэкамендуюць прымаць яго дадаткова. Пры гэтым яны раяць выбіраць лекавыя прэпараты, а не дыетычныя дабаўкі, паколькі ў леках дазіроўкі кантралююцца больш дакладна. Эксперты таксама папярэджваюць, што для нашага арганізма існуе вельмі вузкая мяжа паміж карыснай і таксічнай дозай. Прыём празмерных колькасцяў вітаміна D3 без медыцынскага кантролю можа прывесці да таксічных эфектаў.

Тое самае можа адбыцца і з магніем. З-за таго, што ён уваходзіць у склад розных вітамінных прэпаратаў, мы, самі таго не ведаючы, можам прымаць гэты мікраэлемент у празмерных колькасцях. У той жа час, у адрозненне ад дабавак, магній з прыродных крыніц цяжка перадазаваць, бо арганізм засвойвае толькі неабходную колькасць, а лішак выводзіць натуральным шляхам.

Па словах экспертаў, забяспечыць дзённую норму магнію лёгка можна з дапамогай прадуктаў. Напрыклад, дастаткова з'ядаць кожны дзень крыху горкага шакаладу і 3-5 бразільскіх арэхаў. Такое спалучэнне не толькі каларыйнае і карыснае, але і цалкам пакрывае запатрабаванне арганізма ў магніі.

Фота: vecteezy

Чаму натуральныя вітаміны лепшыя за таблетачныя 

Эксперты тлумачаць, што адрозненні ў засваенні вітамінаў і мікраэлементаў з прыродных і сінтэтычных крыніц у першую чаргу звязаныя з тым, што ў прадуктах гэтыя рэчывы знаходзяцца ў камбінацыі з іншымі злучэннямі, якія паляпшаюць іх засваенне. Сінтэтычныя дабаўкі не здольныя забяспечыць такое ўзаемадзеянне.

Часам на ўпакоўцы біядабавак пазначаецца, што прадукт пакрывае 100% сутачнай патрэбы ў пэўным інгрэдыенце. Аднак, паводле слоў экспертаў, на практыцы можа засвойвацца толькі каля 1% гэтай дозы. Стварэнне эфектыўнай дабаўкі — задача складаная.

Наадварот, ужываючы натуральныя прадукты, якія змяшчаюць мноства розных вітамінаў і мікраэлементаў, чалавек атрымлівае значна лепшае засваенне і больш дабратворны ўплыў на арганізм. Гэта адбываецца дзякуючы таму, што вітаміны і мікраэлементы ў натуральных крыніцах узаемадзейнічаюць адзін з адным.

Эксперты таксама звяртаюць увагу на важнае адрозненне паміж БАДамі і лекавымі сродкамі. Першыя з'яўляюцца прадуктамі харчавання і не падлягаюць строгаму фармацэўтычнаму кантролю. Гэта значыць, што для іх не праводзяцца клінічныя выпрабаванні, і няма гарантыі, што на ўпакоўцы пазначаныя дакладныя колькасці актыўных рэчываў.

Эксперты рэкамендуюць замест прыёму дабавак ужываць натуральныя прадукты, бо яны змяшчаюць карысныя рэчывы, якія арганізм засвойвае гарманічна і без рызыкі перагрузкі. Сінтэтычныя прэпараты варта разглядаць толькі як дадатак да здаровага харчавання, а не як яго асноўны складнік.

Каментары

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Усе навіны →
Усе навіны

Лідарам па спажыванні трафіку ў Беларусі з'яўляецца чацвер4

Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з кірмашу ў Польшчы45

Трамп паабяцаў «жорсткую расплату» ХАМАС, калі ізраільскія закладнікі не будуць адпушчаныя да ўступлення яго на пасаду2

Абвінавачанне ў атручванні чацвярых дзяцей у Краснаярскім краі выставілі іх бацьку2

Устанавілі тарыфы на платны прыём дактарамі3

«Будзе двоеўладдзе: Зурабішвілі паспрабуе перападпарадкаваць сабе дзяржапарат». Якія перспектывы пратэстаў у Грузіі3

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

Чым цяпер жыве доктар Мартаў?6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Галоўнае
Усе навіны →