У Польшчы нарадзіліся чатыры вельмі рэдкія суматранскія тыграняты ФОТАФАКТ
Ва Уроцлаўскім заапарку ў Польшчы нарадзілася чацвёра суматранскіх тыгранят: тры самцы і адна самачка. Іх від вымірае.
«Нараджэнне чатырох асобін — гэта амаль феномен. У такіх шматлікіх памётах часта не ўсе тыграняты дасягаюць дарослага ўзросту. Таму тым больш радасна, што тыграняты развіваюцца здаровымі, актыўнымі, хочуць есці і гуляць адзін з адным і са сваімі бацькамі», — паведамляе заапарк. Там адзначылі, што бацька тыгранятаў быў з імі з самага пачатку, што для тыгра рэдкасць, паведамляе Расійская служба Радыё «Свабода».
Дзіцяняты нарадзіліся яшчэ ў ліпені, але заапарк вырашыў не паведамляць пра гэта, пакуль яны не адужэюць і не пройдуць вакцынацыю.
Імёны тыгранятам пакуль не далі — заапарк падумвае даць гэтую магчымасць наведвальнікам.
У дзікай прыродзе засталося ўсяго каля 400 асобін суматранскага тыгра. Від знаходзіцца на мяжы поўнага знікнення па віне чалавека.
Арэал пасялення тыграў істотна скараціўся з-за пашырэння пальмавых плантацый, а на саміх жывёл палююць браканьеры — у тым ліку дзеля віна з тыгровых костак (багатыя кітайцы вераць, што яно надзеліць іх рысамі тыгра).
Каментары