Брэсцкага журналіста абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве». Яго затрымалі пасля вяртання з Расіі
Падчас паездкі да сваякоў у Даніла Палянскага быў інцыдэнт з супрацоўнікамі ФСБ, піша БАЖ
Журналіст-фрылансер Даніл Палянскі быў затрыманы, найверагодней, 19 верасня пасля вяртання на радзіму з Расіі. Дакладная дата невядомая, але пазней з ім знікла сувязь.
На пачатку верасня Даніл Палянскі ездзіў у Расію да сваякоў. У дарозе здарыўся інцыдэнт з расійскімі сілавікамі. Яго аўтамабіль спынілі супрацоўнікі ФСБ і пасля звінавацілі ў адміністрацыйным парушэнні за непадпарадкаванне — нібыта ён адмовіўся паказваць дакументы.
«Даніл казаў, што на той момант яго пашпарт быў у руках расійскага сілавіка, — распавядае адзін са знаёмых Палянскага. — Пазней, калі ён вярнуўся ў Брэст, яго затрымалі супрацоўнікі КДБ».
Ад пачатку меркавалася, што затрымалі за нейкае адміністрацыйнае правапарушэнне. Але днямі стала вядома пра распачатую крымінальную справу. Данілу Палянскаму інкрымінуюць артыкул 356 Крымінальнага кодэкса РБ — «Здрада дзяржаве». Яго змясцілі пад варту ў СІЗА.
Данілу Палянскаму 53 гады. У якасці відэааператара ў свой час супрацоўнічаў з дзяржаўнымі і камерцыйнымі тэлеканаламі, а таксама з незалежнымі рэгіянальнымі сайтамі. У апошнія гады быў вядомы ў Брэсце як валанцёр пошукава-выратавальнага атрада «Анёл».
Каментары