Спачатку называлі 5000 еўра, а потым стала 7500. Колькі плацяць беларусы за дастаўку аўто з Клайпеды ў Мінск альтэрнатыўнымі шляхамі
Зразумеўшы, што літоўская мытня не збіраецца ісці на саступкі, беларусы, чые аўтамабілі захраслі ў Клайпедзе, працягваюць вывозіць іх у Беларусь альтэрнатыўнымі шляхамі. Пацікавіліся, колькі каштуе дастаўка транспарту, які знаходзіцца ад Беларусі на адлегласці менш за 400 кіламетраў.
Не толькі праз Грузію
У тэлеграм-чаце, які аб'ядноўвае аўтааматараў, чыя тэхніка захрасла ў Клайпедзе, налічваецца больш за тры тысячы ўдзельнікаў. Сярод іх ёсць як тыя, хто толькі чакае адпраўкі, так і тыя, чыя тэхніка знаходзіцца на шляху або ўжо дабралася да Мінска. Апошнія дзеляцца, колькі заплацілі за дастаўку альтэрнатыўным шляхам.
Самы танны з агучаных варыянтаў — 4700 еўра за дастаўку, плюс 450 еўра за партовыя паслугі ў Клайпедзе.
Такую суму агучвае чалавек, чый аўтамабіль з Клайпеды ў Мінск даставілі праз Нідэрланды (Ротэрдам) і Расію (Санкт-Пецербург).
Іншы карыстальнік у адказ напісаў, што гэта вельмі добрая цана, бо ягоны электрамабіль па тым жа маршруце даставілі ў Мінск за 5700 еўра, хоць пачаткова агучвалі суму ў 5500 еўра.
Мяркуючы па паведамленнях, па маршруце Літва-Нідэрланды-Расія было дастаўлена нямала машын.
Выглядае, што лічба 5500 еўра за дастаўку даволі папулярная, але некаторыя называюць больш высокія лічбы — па 6000 еўра толькі за дастаўку праз Грузію, без уліку прастою ў Літве.
Так, напрыклад, адзін з карыстальнікаў заплаціў за дастаўку BMW x5 праз Грузію ў Мінск 7500 даляраў, плюс прастой у Клайпедзе — 750 еўра.
Апроч расцэнак на дастаўку, карыстальнікі дзеляцца сумамі, якія набеглі за прастой у порце Клайпеды.
Сумы розныя, многім за прастой давялося заплаціць больш за 1000 еўра, а ў некаторых нават каля 1500 еўра.
Некаторыя працягваюць чакаць
Праз тое, што дастаўка альтэрнатыўнымі маршрутамі — гэта дадатковыя 4000-5000 еўра, частка людзей выбірае варыянт пачакаць, пакуль машыне споўніцца 5 гадоў. Тады для афармлення транзіту літоўская мытня перастане патрабаваць дэкларацыю ад вытворцы.
Нагадаем, што цяпер Літва афармляе транзіт і выпускае ў Беларусь толькі тыя аўто з ЗША, якія адпавядаюць наступным крытэрыям:
- машыны з аб'ёмам рухавіка да 1,9 літра незалежна ад узросту аўто;
- старэйшыя за 5 гадоў аўто незалежна ад аб'ёму рухавіка;
- электрамабілі і гібрыды, старэйшыя за 5 гадоў.
Каментары