Адна з іх — электрамеханік па эскалатарах і травалатарах.
У 2024-м у мінскія каледжы паступілі больш за 4,5 тысячы выпускнікоў школ, паведамілі ў камітэце адукацыі Мінгарвыканкама, піша агентцва «Мінск-Навіны».
Самыя вялікія конкурсы склаліся на спецыяльнасцях «электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання», «слесар па рамонце аўтамабіляў», «кухар», «цырульнік», «паштовая справа». Паступіць на гэтыя спецыяльнасці можна было, маючы сярэдні бал дакумента аб адукацыі 7,5 і вышэй.
Сёлета плануюць падрыхтоўку па некаторых інтэграваных прафесіях.
«Напрыклад, настаўнік пачатковых класаў з веданнем англійскай мовы. Такая патрэба сёння ёсць. Мы сочым за рынкам працы — калі з'яўляецца дэфіцыт пэўных кадраў, дзякуючы гнуткай сістэме прафтэхадукацыі можам маментальна рэагаваць. З той жа мэтай у педагагічным каледжы адкрылі падрыхтоўку выкладчыкаў, якія аказваюць прафесійнае суправаджэнне дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці, настаўнікаў фізкультуры ў пачатковай школе», — адзначылі ў Камітэце па адукацыі.
У Мінскім дзяржаўным каледжы тэхнікі і тэхналогій будаўніцтва папулярнасцю карысталіся прафесіі зваршчыка, сантэхніка, спецыяліста па сухім будаўніцтве.
«Акрамя таго, рыхтуем і па дэфіцытных спецыяльнасцях. Напрыклад, электрамеханікаў па ліфтах. Паралельна па просьбе прадпрыемства-заказчыка хлопцы атрымліваюць прафесію вадзіцеля», — кажа дырэктар каледжа Андрэй Ярмолік.
У наступным годзе там плануюць увесці новую спецыяльнасць — «электрамеханік па эскалатарах і травалатарах». Навучаць па ёй будуць не толькі выпускнікоў школ, але і дарослых.
Каментары