Добра вядомая гісторыя складаных і трагічных адносін Рагнеды са сваім мужам, вялікім князем кіеўскім Уладзімірам Святаславічам, чый сын фактычна адрадзіў дынастыю полацкіх князёў. Але ў гісторыі застаўся яшчэ адзін нечуваны па тых часах прыклад свавольства жонкі рускага князя.
Гарадзенскае княства было вылучана як удзел для Усеваладкі, якога кіеўскі князь Уладзімір Манамах ажаніў са сваёй дачкой Агаф’яй. Удзел Усеваладкі ў вялікім паходзе цесця супраць полацкіх князёў стаў прычынай першай згадкі пра горад Городен.
Ва Усеваладкі нарадзілася трое сыноў — Барыс, Глеб і Мсціслаў, якія пасля ягонай смерці ў 1142 годзе паслядоўна кіравалі Гарадзенскім княствам. Меркавана, у часы Барыса і Глеба ў горадзе пабудаваная знакамітая Каложская царква.
Ва Усеваладкі з Агаф’яй былі яшчэ і дзве дачкі, якія не згадваюцца па імені. Пасля смерці Усеваладкі новы кіеўскі князь Усевалад Ольгавіч, які быў у шлюбе з унучкамі Манамаха, прыстроіў ужо ў 1144 годзе ягоных дачок у добрыя рукі. Адну за тураўскага князя Юрыя, другую за чарнігаўскага князя Уладзіміра Давыдавіча.
Гэта было вялікае ўтварэнне, якое прасціралася ад Чарнігава на захадзе да ваколіц Масквы на ўсходзе і ахоплівала частку сённяшняй Беларусі — Панізоўе з гарадамі Рэчыца і Гомій.
Ужо ў 1146 годзе памірае Усевалад Ольгавіч. Гэтая смерць правакуе чарговую міжусобную вайну на Русі вакол права заняць ягоны сталец. Чарнігаўскі князь у гэтай барацьбе спачатку займае бок Ізяслава Мсціславіча. Аднак ужо хутка займае іншы бок і пасылалі свае дружыны з полаўцамі ваяваць з Ізяславам. У 1151 годзе Уладзімір разам з полаўцамі бярэ ўдзел у бітве на Руце, але гіне.
Сталец Уладзіміра займае ягоны брат, а вось жонка робіць надзвычайны шаг — бяжыць да іншага князя, але не да рускага, а да палавецкага хана Башкорда, з якім бярэ шлюб. Гэта адзіны падобны выпадак ва ўсёй гісторыі Русі.
Шлюбы з полаўцамі
Пагроза са стэпу заўсёды пагражала жыццю Русі. Полаўцы выцеснілі печанежскія орды, якія большую частку X стагоддзя і першыя дзесяцігоддзі XI стагоддзя рабілі набегі на рускія княствы. Але з часам гэтая грозная сіла становіцца не толькі пагрозай існавання і абсалютным злом, якім выстаўлялі рабаўнікоў-язычнікаў хрысціянскія летапісцы, але і інструментам у міжусобнай барацьбе рускіх князёў. Гэткая ж роля была адведзена і для полаўцаў, з якімі рускія князі сутыкнуліся ў другой палове XI стагоддзя.
Але было і істотнае адрозненне: да шлюбаў з печанегамі ў рускіх князёў так і не дайшло, а вось шлюбы з полаўцамі сталі звычайнай практыкай. Шлюбаў з імі было істотна больш, чым з венграмі, чэхамі ды скандынавамі, але блізка да колькасці шлюбаў з польскімі князямі. Шлюбы з полаўцамі ніколі не змяншалі правоў дзяцей ад такіх шлюбаў на спадчыну, наадварот — заўсёды можна было паклікаць на дапамогу ў бясконцых міжусобных войнах сваякоў з полаўцаў. Такія ўзаемаадносіны прывялі да збліжэння дзвюх культур, узаемнага пераймання традыцый і звычаяў.
Але шлюбы з полаўцамі былі асіметрычнымі: рускія князі ахвотна бралі ў жонкі шляхетных палаўчанак, якія славіліся сваёй прыгажосцю, але ніводную мы не ведаем па імені, аднак самі ніколі не аддавалі сваіх дачок замуж за полаўцаў.
Прычына ў канфесійнай прорве паміж хрысціянамі на Русі і язычнікамі-полаўцамі. Хрысціянін мог уступаць у шлюб толькі з ахрышчанымі. Зразумела, што хрышчэнню сваіх княжацкіх нявест полаўцы не заміналі, але самі палавецкія кіраўнікі не імкнуліся прымаць новую веру.
Таму ўцёкі дачкі гарадзенскага князя да полаўцаў і яе саюз з ханам Башкордам — нечуваная падзея для таго часу. Зрэшты, летапісец ніяк на гэтым факце не завастрае ўвагі і ўспрымае гэты саюз як сапраўдны шлюб.
Але як такі шлюб мог адбыцца — дагэтуль застаецца загадкай. Летапісец нічога не паведамляе пра тое, як вырашылася ў гэтым выпадку рэлігійная праблема: або княгіня адышла ад хрысціянскай забароны сумесна жыць з язычнікам, або палавецкі хан прыняў хрышчэнне (хутчэй за ўсё, фармальна) дзеля яе.
Здаецца, нягледзячы на супярэчнасці, шлюб стаў даволі ўдалым і выгадным. Характэрна, што княгіня пры гэтым не губляе сувязі са сваім сынам Святаславам ад першага шлюбу, якому пасля смерці бацькі дастаецца трэцеступенны Ушчыж.
Першы айчым на Русі
Менавіта з гэтым саюзам звязаны адзіны ў гэты перыяд выпадак, калі побач з імем юнага княжыча ў летапісе з'яўляецца слова «айчым».
Рурыкавічы, вядома, наляцелі на юнага князя, які застаўся без бацькі, і паспрабавалі адабраць у яго ўсе княскія ўдзелы. Палавецкі айчым дапамагае ў барацьбе за сталец сваім 20-тысячным войскам не толькі свайму пасербу, але і дзеверу, брату першага мужа сваёй рускай жонкі, адстойваючы дынастычныя інтарэсы яе сваякоў.
Загадка ўдовінай чары
З гісторыяй уцёкаў княгіні да палавецкага хана звязвалася цудоўная срэбная з пазалотай чара, якую ў 1843 годзе адкапаў на Царэўскім гарадзішчы (цяпер Валгаградская вобласць) рускі археолаг Аляксандр Цярэшчанка. Гэтае гарадзішча здаўна лічылася рэшткамі старажытнай сталіцы то скіфаў, то татараў, то Залатой Арды.
Па верхнім краі выяўленай чары быў зроблены чаканны ўладальніцкі надпіс за здароўе:
«Гэта чара князя Уладзіміра Давыдавіча. Хто з яе п'е, таму на здароўе, [і няхай п'е,] хвалячы Бога і свайго гаспадара, вялікага князя».
Князёў з такім імем было няшмат, найбольш вядомы — чарнігаўскі князь Уладзімір Давыдавіч. Па адной з версій, ягоная ўдава прыхапіла чару ў якасці свайго пасагу, калі ўцякла да полаўцаў. Праз палавецкія стэпы чара далей трапіла да татара-манголаў. На гэтай падставе яе датавалі 1136—1151 гадамі.
Першапачаткова чара захоўвалася ў Эрмітажы, адкуль у 1853 годзе была перададзена Зброевую палату Маскоўскага Крамля, у экспазіцыі якой яе можна пабачыць і сёння.
Але даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў адпрэчылі версію з удавой чарнігаўскага князя. Мяркуючы па сукупнасці арфаграфічных і палеаграфічных прыкмет надпісу на чары, яна магла быць створана не раней за другую палову XIII стагоддзя, а найхутчэй яшчэ пазней — у першай палове XIV стагоддзя.
Паводле меркавання гісторыка Сяргея Палехава, згаданы на чары Уладзімір Давыдавіч можа быць князем Гарадка Давыдава, які згаданы ў дакуменце 1433 года. Так, князем з нашага беларускага Давыд-Гарадка.
Уладзімір быў сынам Давыда Дзмітрыевіча і Марыі Альгердаўны, адной з дачок вялікага князя літоўскага. 22 сакавіка 1433 года Уладзімір падпісаў пасланне прыхільнікаў Свідрыгайлы да Базельскага сабору. Вядома, што пасля яго смерці ягоны брат Мітка быў выгнаны з Гарадка Жыгімонтам Кейстутавічам.
Палеаграфічны аналіз чарнавога надпісу на чары, які быў выяўлены гісторыкам Альбінай Медынцавай, па методыцы акадэміка Залізняка дазволіў датаваць яе яшчэ больш познім часам — не раней за 1420 г. Гэтыя звесткі ўскосна пацвярджаюць здагадку Палехава.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬДоўгая дарога да Мінска. Колькі часу займалі падарожжы з Варшавы і Вільні ў XIX стагоддзі?
«Японскіх шпіёнаў» у Беларусі затрымліваюць не першы раз. Праўда, першая аперацыя скончылася смерцю даносчыка
У раскопках на Менцы чарговая сенсацыя: знайшлі могілкі XI стагоддзя
«Гэта сапраўдная сенсацыя». Пры раскопках на Менцы знайшлі зааморфную фігуру, якой 1000 гадоў
Каментары