Культура

Ліі Салавей споўнілася 90 гадоў

Фалькларыстка належыць да плеяды новых класікаў беларускай этнаграфіі.

Лія Салавей. Фота: сацыяльныя сеткі

Лія Салавей нарадзілася 1 верасня 1934 года на хутары каля вёскі Навасёлкі Жаснянскай гміны Пастаўскага павета, якая цяпер уваходзіць у склад Мядзела.

Бацькі Ліі жылі на асобным хутары, адкуль адкрываліся чароўныя далягляды. Тут, на ўзгорках Свянцянскай Грады, у велічны пантэон прыроды арганічна ўлучаюцца астраўкі чалавечага бытавання — вёсачкі і хутары. Цёмна-зялёная готыка хваёвых лясоў на жоўтых пясчаных схілах чаргуецца з яркай зелянінай лугоў і чырвона-карычневымі плямамі разараных земляў.

Прытуліўшыся да цёплай шурпатай сцяны хаты, дзяўчынка любіла назіраць, як мяняюцца колеры, цішэе паветра. Аднойчы, у пошуках цялушкі, дзяўчынка спынілася, уражаная пышным і самотным квіценнем у цішы куста каліны, і гэтая ўражанне «быццам у ёй душа» захавалася назаўжды, пісала пра яе сяброўка.

Сваё даволі незвычайнае старазапаветнае імя Лія атрымала ад мясцовага святара, які ахрысціў гэтым імем амаль палову вёскі. Калі ў Беларусі яшчэ сустрэнеш другую Лію, то яна, відаць, з Навасёлак.

Бацька, Мацей Скурка, быў далёкім сваяком Максіма Танка (сапраўднае імя якога Яўген Скурко).

Маці, Надзея Восіпаўна, паходзіла з роду Чарняўскіх, дзе за стол садзілася да 15 чалавек, а сям’я ў сваім побыце нагадвала сям’ю Якуба Коласа, як яна апісана ў «Новай зямлі». Іншае адгалінаванне гэтага мядзельскага роду дало выдатнага гісторыка Міхася Чарняўскага.

Маці Ліі была майстрыхай, ведала безліч абрадавых песняў, прымавак і жыццёвых апавяданняў. І гэта аказала вялікае ўздзеянне на духоўны свет дачкі. Пазней вырабы яе маці стануць асновай для калекцыі беларускага народнага ткацтва.

Лія Салавей казала, што «навука ніякім чынам не прадугледжвалася ў яе жыцці». Спачатку яна скончыла педагагічнае вучылішча, затым — бібліятэчны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Рана выйшла замуж.

У 1960-х гадах жанчына працавала ў аддзеле старых кніг Брэсцкай абласной бібліятэкі, а ў 1968 годзе, калі ёй было 34 гады, паступіла ў аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР.

Тэмай дысертацыі сталі беларускія народныя балады. «Балады — маё першае каханне ў фальклоры. Я іх сама выбрала сабе, не навязвалі мне», — успамінала Салавей.

Па словах жанчыны, тагачасны дырэктар інстытута народны паэт Беларусі Пятро Глебка хваляваўся, ці хопіць ёй матэрыялу на дысертацыю, на той час гэтая тэма была сапраўднай terra incognita.

Вынікам архіўных пошукаў і шматлікіх экспедыцый стала не толькі паспяховая абарона ў 1974 годзе дысертацыі, але і два тамы (1977—1978 гады) шматтомнага выдання «Беларуская народная творчасць» і манаграфія(1978 год).

У 1980 годзе Салавей падрыхтавала том, прысвечаны валачобным песням, якія з'яўляюцца найбольш архаічнай разнавіднасцю абрадавых вясновых песняў і захаваліся толькі ў рэгіёне рассялення беларусаў, уключаючы Смаленшчыну, Пскоўшчыну, Сакольшчыну. Але іх няма, напрыклад, на Берасцейшчыне і ні ў кога з нашых суседзяў-славян.

Калектыў аўтараў выдання «Беларуская народная творчасць» у 1986 годзе быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.

У пачатку 1990-х гадоў вучоная даследавала абрадавае ігрышча пад назвай «Жаніцьба Цярэшкі», якое захоўвалася на Полаччыне. 

Пасля выйшлі «Міфалогія. Духоўныя вершы» (2003), энцыклапедычны слоўнік «Беларуская міфалогія» (2004) і энцыклапедычны даведнік «Міфалогія беларусаў» (2011). Яна напісала ўступны артыкул да кнігі «Замовы», што выйшла ў 2009 годзе і нарысы для кніг з серыі «Памяць» (Мядзельскі, Нясвіжскі, Верхнядзвінскі раёны).

Лія Салавей — адна з тых сціплых працаўніц, якія ў ХХ стагоддзі стварылі фундаментальныя работы пра беларускі этнас.

У сваім інтэрв'ю Настассі Гулак у 2016 годзе даследчыца адзначала:

«Вывучэнне народнай культуры — гэта як у геалогіі: патрэбна тэарэтычная падрыхтоўка, апаратура для даследаванн слаѐў залягання пароды, хімічны аналіз. А зверху гледзячы, як ты што адрозніш? Калі нават у тваѐй калекцыі метэарыт, як ты яго навобмацак распазнаеш? Патрэбныя веды!»

Каментары

Хто вінаваты, калі матацыклісту не саступаюць дарогу і гэта прыводзіць да смяротнай аварыі? Вось што паказвае практыка

Хто вінаваты, калі матацыклісту не саступаюць дарогу і гэта прыводзіць да смяротнай аварыі? Вось што паказвае практыка

Усе навіны →
Усе навіны

Як Пратасевіч бавіць час у Дубаі? ШМАТ ФОТА30

Былы камандуючы НАТА заклікаў вярнуцца да супрацы з Беларуссю і сказаў, за што апладзіруе Лукашэнку30

У Віцебску за «распаўсюд экстрэмізму» зноў судзілі «Чалавека года Віцебшчыны». Ён такі ўжо пяты

Вядоўца «Белсата» выдаў кнігу пра Дастаеўскага22

Белы дом не будзе мяняць палітыкі ў дачыненні да ўдараў заходняй дальнабойнай зброяй па Расіі8

Быць пераможцамі ці расчэсваць раны ахвярнасці? Справа ў свядомым выбары3

Жыхарам Мінска задарма разашлюць 300 тысяч фота з відамі горада3

Вядомага расійскага аэраразведчыка праз канфлікт з камандзірам адправілі ў мясны штурм. Там ён і загінуў10

Праваабаронцы падлічылі, колькі беларусаў сёлета затрымалі пасля вяртання з-за мяжы3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто вінаваты, калі матацыклісту не саступаюць дарогу і гэта прыводзіць да смяротнай аварыі? Вось што паказвае практыка

Хто вінаваты, калі матацыклісту не саступаюць дарогу і гэта прыводзіць да смяротнай аварыі? Вось што паказвае практыка

Галоўнае
Усе навіны →