Твор класіка, які ўздымаў пытанне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў у пачатку XX стагоддзя, цяпер забаронены ў Беларусі.
У пачатку года незаўважаным прайшло рашэнне суда Барысаўскага раёна Мінскай вобласці ад 26 студзеня 2024 года: прызнаць экстрэмісцкай прадукцыяй відэакліп і тэкст песні «Не быць скотам» гурта «Ляпіс Трубяцкі».
Тэкст песні цалкам скампіляваны з радкоў верша Янкі Купалы «Хто ты гэткі?», напісанага будучым класікам у час нацыянальнага абуджэння, калі беларусы стаялі на раздарожжы гісторыі і шукалі адказу, хто яны ёсць і якое іх месца ў гэтым свеце. Упершыню верш быў надрукаваны ў № 3 газеты «Наша Ніва» за 1908 год, рэдактарам якой Купала стане ўвосень таго ж года па запрашэнні братоў Івана і Антона Луцкевічаў.
Хто ты гэткі?
— Свой, тутэйшы.
Чаго хочаш?
— Долі лепшай.
Якой долі?
— Хлеба, солі.
А што болей?
— Зямлі, волі.
Дзе радзіўся?
— Ў сваёй вёсцы.
Дзе хрысціўся?
— Пры дарожцы.
Чым асвенчан?
— Кроўю, потам.
Чым быць хочаш?
— Не быць скотам…
Такім чынам разам з песняй «Ляпісаў» быў забаронены і купалаўскі твор. Адрозненне паміж тэкстам толькі адно: замест «Дзе радзіўся?» у песні гучыць «Дзе нарадзіўся?» — гэтага адрознення наўрад ці будзе дастаткова, каб не патрапіць пад адказнасць за выкарыстанне верша Янкі Купалы.
У жніўні 2023 года ГУБАЗіК ужо прымусіў мужчыну звесці татуіроўку з радком «Не быць скотам», патлумачыўшы гэта тым, што хоць выраз і не забаронены, але «з відавочным пратэсным душком з памыйнай творчасці аднаго збеглага наркамана», яўна не маючы ўяўленне пра творчасць класіка беларускай літаратуры. Цяпер выраз, як частка тэксту песні, забаронены афіцыйна.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары