«Воспа малпаў — гэта не новы кавід». Ці будзе ўведзены ў Еўропе каранцін?
Эксперты сур'ёзна занепакоеныя новым штамам mpox (ранейшая назва «воспа малпаў»), які даволі хутка распаўсюджваецца па свеце — ад Дэмакратычнай Рэспублікі Конга да Швецыі, але заяўляюць, што, у адрозненне ад сітуацыі з Covid-19, ведаюць, як яго кантраляваць.
Па словах дырэктара еўрапейскага кірунку Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Ханса Клюге, спыніць распаўсюджванне mpox і не дапусціць панікі можна сумеснымі і своечасовымі намаганнямі, у прыватнасці, дастаўкай вакцын у найбольш уразлівыя рэгіёны, піша BBC.
Успышка штаму, які атрымаў назву Clade Ib, адбылася некалькі месяцаў таму ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, дзе ад захворвання ўжо памерлі сама меней 500 чалавек.
На канец чэрвеня выпадкі заражэнняў былі зафіксаваны ў 116 краінах, уключаючы Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку, Бурундзі, Кенію і Руанду. У пачатку жніўня штам быў выяўлены ў Швецыі, аб колькасці хворых не паведамляецца.
Эксперты заяўляюць, што распаўсюджванне віруса непазбежна, калі не будуць прынятыя глабальныя меры.
Іншы штам воспы малпаў — Clade II — стаў прычынай успышкі захворвання ў 2022 годзе. Тады ачаг узнік у Еўропе, перакінуўся на краіны Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі і асобныя краіны іншых кантынентаў.
У выніку ў 110 краінах на воспу малпаў у 2022 годзе перахварэлі 87 тысяч чалавек, 112 хворых памерлі. Па словах эксперта СААЗ Ханса Клюге, любы штам віруса mpox паддаецца кантролю пры ўмове недыскрымінацыйных эпідэміялагічных мер і даступнасці вакцыны.
Вірус выклікае дрыжыкі, ліхаманку, сып і іншыя паразы скуры, і перадаецца пры цялесным кантакце, уключаючы сэкс.
Вакцына — так, маскі — не
Па словах Клюге, рызыка заражэння для насельніцтва ў цэлым застаецца нізкай.
«Ці збіраемся мы ўводзіць каранцін у еўрапейскім рэгіёне СААЗ, ці маем мы справу яшчэ з адным Covid-19? Адназначна — не», — запэўнівае ён.
«Два гады таму мы ўзялі пад кантроль mpox у Еўропе дзякуючы прамому ўзаемадзеянню з найбольш закранутымі супольнасцямі мужчын, якія маюць палавыя кантакты з мужчынамі», — нагадаў ён.
Паводле слоў Клюге, цяпер у еўрапейскім рэгіёне штомесяц рэгіструецца каля 100 новых выпадкаў захворвання групы II.
Падарожнікам, якія наведваюць пацярпелыя раёны Афрыкі, рэкамендуецца разгледзець магчымасць вакцынацыі.
Прадстаўнік СААЗ Тарык Ясарэвіч заявіў, што ў выпадку ў mpox СААЗ не рэкамендуе масавую вакцынацыю, але настойліва раіць вакцынаваць вялікія групы групы людзей у зонах рызыкі. Па словах Ясарэвіча, выкарыстанне масак таксама не з'яўляецца рэкамендацыяй СААЗ.
Каментары
PS/ а ведь это многомиллиардные затраты. На барки в том числе Шведов кореных.