Колькі сёлета каштуе зрабіць вяселле ў Мінску? Рэальныя лічбы ад тых, хто нядаўна схадзіў у ЗАГС
Паглядзелі, якія сумы і на што трацяць жаніхі і нявесты.
Пра траты на вяселле многія беларусы расказваюць у тыктоку.
Арганізатарка вяселляў Леся Серада ў сваім акаўнце расказвала пра сярэднюю цану вяселля ў Мінску ці побач са сталіцай у жніўні 2024 года. Дзяўчына разлічвала кошт свята на 50 гасцей, якое пройдзе ў суботу (зразумела, што гэта даражэй, чым у будні, але больш зручна для гасцей).
Сума, якая атрымалася ў арганізатаркі, не можа не ўразіць — 15710 даляраў.
Самымі дарагімі ў спісе былі арэнда пляцоўкі (3 тысячы даляраў), кейтэрынг (2860 даляраў) і дэкор (1500 даляраў). На вобразы нявесты і жаніха яна заклала па 750 і 550 даляраў адпаведна (плюс дадаткова арганізатарка палічыла працу стыліста — 200 даляраў), на пярсцёнкі — 500 даляраў.
Акрамя працы фатографа (600 даляраў) і відэамейкера (700 даляраў), у суму уключана праца рылсмейкера — таго, хто здымае відэа для інстаграма (200 даляраў). Цырымоніймайстар, вядучы, дыджэй і кавер-бэнд у разліках сумарна пацягнулі на 1600 даляраў. Сваю працу арганізатарка ацаніла ў 500 даляраў.
Сваё апытанне на вуліцы правёў тыкток-блогер Сяргей Сват. Ён пацікавіўся ў маладых людзей у вясельных строях, колькі каштуе іх свята.
— У нас камернае вяселле на 14 чалавек, без чагосьці там супер, — адказала першая пара. — Патрацілі каля 3-4 тысяч даляраў.
— Дорага, — прызналася іншая нявеста. — Прыкладна 8 тысяч даляраў. Гэта вельмі сціпла калі рабіць. Будзе 50 гасцей у рэстаране ў Мінску.
— Самае мінімальнае — 2 тысячы даляраў, — сказала трэцяя пара. — У Мінску ў рэстаране за гэтыя грошы можна пасядзець.
Чацвёртыя закаханыя таксама рабілі, па іх словах, «мікра-вяселле».
— Нас усяго шэсць чалавек, і гэта прыкладна атрымліваецца 6-7 тысяч.
Пятая нявеста марыла пра вяселле ў італьянскім стылі на прыродзе з самымі блізкімі:
— Мабыць, мінімум 10 тысяч даляраў на гэта трэба.
Дзяўчына, якая вядзе тыкток пад нікам _1kriska3_, расказала ў блогу, што яна з каханым патраціла на вяселле 1970 даляраў. Рэстаран на 16 чалавек пацягнуў прыкладна на 630 даляраў. Вобраз нявесты абышоўся ў 350 даляраў, жаніха — 220. За пярсцёнкі аддалі 545 даляраў.
Пра свае траты на вяселле распавяла і мінская блогерка пад нікам akiiiiiiiiv. Агулам яна з жаніхом патраціла ўсяго 624 даляры. Але трэба адзначыць, што святкавала пара толькі ўдваіх.
Вобраз нявесты каштаваў 216 даляраў, жаніха — каля сотні. Фатографу за паўтары гадзіны працы заплацілі 100 даляраў. На святочны абед маладыя людзі пайшлі ў Mak.by (былы «Макдональдс») і пакінулі там 40 рублёў. А яшчэ яны арандавалі нумар у гатэлі за 550 рублёў (у гэту суму ўваходзіла наведванне СПА, а таксама сняданак і вячэра).
Каментары