Грамадства3030

«Гэта было выключна дзеля абароны ўласных інтарэсаў». Былы палітвязень прызнаўся, што быў даносчыкам у калоніі

19 ліпеня экс-палітвязень Яўген Чарвінскі звярнуў на сябе ўвагу, калі выклаў у інстаграм відэа, як спальвае свой пратэрмінаваны беларускі пашпарт — на сёння ролік мае больш за 600 тысяч праглядаў. Гэтым відэа ён спрабаваў сабраць грошы сабе на жыццё, паставіўшы рэквізіты карткі пад допіс. Але такая папулярнасць хлопца прымусіла выказацца яго былых суседзяў па калоніі. Яны сцвярджаюць, што Яўген меў за кратамі рэпутацыю даносчыка.

Яўген Чарвінскі пасля вызвалення, студзень 2023-га. Ён атрымаў два з паловай гады зняволення за тое, што ў ноч пасля інаўгурацыі Лукашэнкі распыліў газавы пярцовы балончык на амапаўцаў, уцякаючы ад іх. Цалкам адбыў прызначаны тэрмін. Фота: spring96.org

«Збіраць данаты пасля таго, як чалавек рабіў такія ўчынкі? Мяне гэта вельмі абурае»

Былы палітвязень Андрэй (імя змененае) адбываў тэрмін у калоніі №3 «Віцьба» разам з Яўгенам. Ён расказвае, што як толькі трапіў у калонію, атрымаў папярэджанне ад іншых вязняў — маўляў, з Чарвінскім трэба паводзіць сябе асцярожна.

Андрэй не хацеў адразу ж верыць чуткам, але пазней сам убачыў шмат таго, што дазваляе яму абвінавачваць Яўгена ў супрацоўніцтве з адміністрацыяй калоніі:

«Ты ж аднадумца, таксама за палітыку сядзіш. Нас, палітычных, там было няшмат, здаецца, мы мусім падтрымліваць адзін аднаго! А ён супрацоўнічаў з адміністрацыяй і здаваў палітычных з розных нагодаў. Напрыклад, адзін з вязняў пазбавіўся доўгатэрміновага спаткання менавіта праз Яўгена.

Мяркую, што ў калоніі стучыць шмат людзей. Але калі ты не ўпэўнены, сцвярджаць так — гэта клеймаваць чалавека. Гэта і на волі не варта рабіць, а ў тых месцах за такія абвінавачванні, калі яны пустыя, увогуле вялікая адказнасць.

Але ўсе, хто перасякаўся з Яўгенам, ведаюць, хто ён. Бачылі, як ён перашэптваецца з адміністрацыяй, а пасля гэтага супрацоўнікі складаюць рапарты за «парушэнні».

Іншы экс-палітвязень з «Віцьбы», Віталь (імя змененае), узгадвае канкрэтны выпадак.

Палітвязням забаранілі займацца спортам, таму яны сабралі з аднаго з цэхаў металічныя дэталі, зрабілі сабе трэнажор. Натуральна, старанна яго хавалі. А потым шмат хто бачыў, як Яўген паказвае супрацоўніку калоніі, дзе ляжыць той забаронены трэнажор і іншы інвентар. Усё гэта ў хлопцаў адразу забралі.

«Часам Чарвінскі мог справакаваць на канфлікт. А па правілах тых устаноў, калі нешта такое адбываецца, то ніхто не высвятляе, хто больш вінаваты — абодва чалавекі адразу ідуць у ШІЗА. Але я ўпэўнены, што калі б нехта ўдарыў Жэню, то Чарвінскі б не трапіў у ШІЗА, бо ў яго быў заступнік-аператыўнік. Я гутарыў з гэтым операм, і той са смехам казаў, як загадаў Жэню больш да яго не хадзіць. Але той усё адно бегаў з рознай непатрэбнай інфармацыяй.

У тых месцах ёсць словы, якія нельга ўжываць да іншых вязняў. А калі ты гэта зробіш, мусіш за гэта адказваць. І я неаднаразова бачыў, як Чарвінскі правакаваў іншых, то-бок пасылаў іх на тры літары ці звяртаўся ў духу «давай, бі мяне!» На волі здаецца, што гэта дробязь, але за кратамі гэта відавочная правакацыя, і ўсе пра гэта ведаюць», — тлумачыць Віталь.

Андрэю расказвалі яшчэ пра іншы выпадак. Па правілах унутранага раскладу ў калоніі нельга раскладваць пасцель і класціся спаць раней за пэўны час. Неяк увечары ў пакой зайшлі правяральнікі: нехта з палітычных тады чытаў кнігу, нехта — пісаў ліст, а Яўген увогуле спаў. Рапарт атрымалі ўсе, акрамя Чарвінскага.

«Там жа знаходзіўся чалавек, які быў сукамернікам Жэні на Валадарцы. Ён расказвае, што Чарвінскага вельмі моцна збілі пры затрыманні. Той чалавек спытаў у яго: «Як ты можаш супрацоўнічаць з адміністрацыяй пасля таго, што з табой зрабіла гэтая сістэма?» А Чарвінскі адказваў, што пражывае жыццё так, як лічыць патрэбным. 

Каб ён жыў ціха — то калі ласка. Але збіраць данаты пасля таго, як рабіў такія ўчынкі? Мяне гэта вельмі абурае», — не хавае эмоцый Андрэй.

«Рабіў усё гэта выключна дзеля абароны ўласных інтарэсаў»

У размове з «Нашай Нівай» Яўген Чарвінскі пацвярджае абвінавачванні ў свой бок:

«Магу сказаць, што [даносніцтва] было выключна дзеля абароны ўласных інтарэсаў.

Людзі там часта губляюцца, і трэба ставіць іх на месца. Паверце, яны зрабілі б з вамі гэтаксама, калі не горш. Там кожны думае толькі пра сябе, і калі інтарэсы іншых людзей ішлі супраць маіх, мянты маглі гэта ўрэгуляваць найбольш эфектыўна і небалюча, бо іншы варыянт — бойка».

Як супрацоўнікі адміністрацыі маглі ўрэгуляваць? 

«Калі чалавек не разумеў, як яму трэба сябе паводзіць, з ім спачатку проста гаварылі, а калі ён і далей не разумеў, наступствы былі горшыя. Але я рабіў усё гэта выключна дзеля абароны ўласных інтарэсаў, бо хацеў спакойна адседзець, выйсці і забыць пра гэта.

Уся справа ў палітвязнях — там з імі ўсё выглядае не так, як у ружовых марах.

Калі людзі трапляюць на зону, яны праз нейкі час пачынаюць думаць толькі пра сябе, інтарэсы іншых людзей для іх ужо нічога не значаць. І калі нехта пераходзіў мне дарогу ці хацеў зрабіць мне нешта дрэннае, гэта [даносніцтва] было адзіным спосабам нармальна ўрэгуляваць сітуацыю», — кажа Чарвінскі.

Яўген сцвярджае, што ў той калоніі з адміністрацыяй супрацоўнічае «кожны трэці, калі не кожны другі». Ён дадае, што сам быў ініцыятарам таго, каб даносіць на іншых палітвязняў. І гэта, па словах хлопца, далёка не горшы варыянт. 

Яўген нават не хоча думаць, што магло быць у выпадку, калі б не даносіў:

«Гэта такая зона, там мянты вырашаюць усе пытанні. Калі табе нехта пагражае ці яшчэ нешта здарылася, ты ідзеш і гаворыш усё мянтам, і яны імкнуцца гэта ўрэгуляваць. Хаця я іх і ненавіджу, але так гэта працуе».

Абвінавачванні ў здзейсненых правакацыях Яўген абвяргае.

Чарвінскі размяшчаў відэа са спальваннем пашпарта ў інстаграме, у тым жа допісе ён апублікаваў нумары рахункаў, аформленыя на жаночае імя. Ён патлумачыў «Нашай Ніве», што не хацеў пазначаць свой нумар карткі, таму скарыстаўся данымі яго дзяўчыны-палячкі — расказвае, што ў дзяўчыны цяжкі лёс і ён ёй дапамагае. 

Але матывацыя для збору ў Яўгена іншая:

«Я вельмі хачу грошай, і яны ў мяне ёсць. Я гэта не хаваю, няхай усе ведаюць. У мяне такая рэдкая хвароба, што мне трэба купляць усё самае дарагое. Таму я і размясціў даныя для пераводу, каб калі нехта хоча мяне падтрымаць, ён бы мог гэта зрабіць такім чынам. 

Я прымаю любыя сумы. Калі камусьці спадабалася ідэя з пашпартам, можна мяне падтрымаць, і будзе шоу яшчэ далей».

«Опер прыйдзе і сядзе нага за нагу, а гэты чалавек будзе бегаць вакол опера»

Праваабаронца Леанід Судаленка правёў у сценах калоніі № 3 паўтара года. Ён кажа, што сярод вязняў той калоніі насамрэч шмат даносчыкаў, але гэта не тычыцца палітвязняў — палітычныя рэдка робяцца даносчыкамі.

Тым не менш, Леанід і сам быў сведкам таго, як палітвязень (гаворка не пра Чарвінскага) пайшоў на супрацоўніцтва з тамтэйшымі аператыўнікамі — гэты чалавек пагадзіўся на пасаду днявальнага ў атрадзе.

Асноўная задача днявальнага — сядзець на ўваходзе ў атрад і сустракаць афіцэра ці іншага супрацоўніка, калі той будзе заходзіць у будынак.

Судаленка тлумачыць, што днявальны — найбліжэйшы памочнік аператыўніка сярод асуджаных, які выканае любы загад. Можа падкінуць нешта забароненае, каб павесіць зняволенаму парушэнне. «Такі чалавек будзе аператыўніку каву рабіць і выціраць пыл з ботаў», — кажа праваабаронца. 

У днявальных лепшае жыццё, чым у звычайных вязняў: у іх не кантралююцца званкі, да іх амаль штомесяц прыязджаюць родныя, калі не адмовіліся ад іх, днявальныя маюць палепшаныя ўмовы ўтрымання, у іх не абмяжоўваецца колькасць грошай, якія можна выдаткаваць на атаварцы.

На такія пасады звычайна прызначаюць людзей з вялікімі тэрмінамі. Напрыклад, чалавек атрымаў 14 гадоў за забойства — ідэальная кандыдатура. Сядзець яму доўга, і ён будзе паслухмяны.

Калі чалавек пагаджаецца ісці днявальным, у расійскіх турмах ён адразу робіцца невітальным. У Беларусі ўсе турмы кантралююцца адміністрацыяй, таму да такіх людзей там ставяцца больш-менш нармальна.

«У маім атрадзе, калі я вызваляўся, было 28 палітвязняў. І сярод нас рэдка хто пагаджаўся на днявальнага — як там кажуць, гэта зашквар. Але такі чалавек быў у іншым атрадзе. Ён мог бы адмовіцца, але ён гэтага не зрабіў.

Леанід тлумачыць, што і сярод 28 палітвязняў у ягоным атрадзе, безумоўна, былі даносчыкі, але гэта схаванае супрацоўніцтва. А вось днявальны — чалавек, які адкрыта ўзяў на сябе пасаду, на якой з вялікай верагоднасцю будзе ствараць праблемы для іншых:

«Уявіце, сто мужыкоў у адным бараку, у любым выпадку паміж імі будуць канфлікты. Павысіў нехта голас, здарыўся мардабой — днявальны абавязаны тут жа дакладваць, ён робіць гэта публічна. Не паспелі адзін аднаму па галаве даць, як ужо бягуць кантралёры. Калі днявальны гэтага не зробіць, яго заўтра памяняюць і ён пойдзе ў халодны цэх разам з Леанідам Судаленкам пілавінне падмятаць ці драты рваць. А замест гэтага ён у 20-градусны мароз глядзіць кіно і п’е цёплую гарбату».

Праваабаронца мяркуе: можна знайсці тысячу прычын, каб стаць даносчыкам, але кожны сам вырашае, ці ісці на гэта. Судаленка пры жаданні таксама мог знайсці прычыны пачаць супрацоўнічаць з адміністрацыяй — у яго тры сыны, жонка і састарэлая маці. Але ён гэтага не зрабіў:

«Я вытрымаў усё гэта. Адседзеў без адзінага спаткання, не атрымаў ніводнага відэазванка, сядзеў без права перапіскі, мне ўтрая знізілі суму грошай на атаварку. Сядзеў са статусам злоснага парушальніка і не верыў да апошняга дня, што мяне выпусцяць. У першы дзень вызвалення выйшаў за КПП і думаў, што зараз да мяне прыедуць і забяруць, як гэта было ў Змітра Дашкевіча.

Мне нецікавы лёс гэтага чалавека, і калі б я яго сустрэў на волі, я б яму рукі не падаў. Для мяне гэта чырвоная лінія. А гэты чалавек перайшоў яе і пайшоў працаваць да аператыўнікаў. Для мяне яго няма».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары30

  • Н
    28.07.2024
    Чамусьці іншыя вязьні, як бы цяжка ім не было, годна прайшлі ўсе жахі, катаванні і нікога не здалі
  • Свабодны чалавек
    28.07.2024
    дык ён яшчэ і не вельмі разумны, мяркуючы па каментары. Мда...
  • Айяйяй
    28.07.2024
    Калі я пакінуў камэнтары пра гэтага хлопца пад мінулай навіной з спаленым пашпартам, рэдакцыя яго выдаліла. Гэта значыць заткнула мне рот

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»7

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»

Усе навіны →
Усе навіны

«Асад паў. Не бойцеся». Як вызваляюць вязняў сумна вядомых турмаў Сірыі6

Пастаянны прадстаўнік РФ аб сітуацыі з Асадам: Расія застаецца вернай сваім сябрам у бядзе9

Асад быў здзіўлены, як дзейнічала яго армія3

Міліцыя будзе ўзмоцнена правяраць вакзалы і цягнікі3

Лесніка са Свіслачы судзяць за каментары ў тэлеграме па шасці крымінальных артыкулах. Яму пагражае да 12 гадоў1

«Не падайце духам, паручык Шпакоўскі». Як беларускія прапагандысты і аналітыкі рэагуюць на падзеі ў Сірыі15

Мінабароны: Беларусь не плануе ствараць наступальных груповак войскаў6

У турме Асада выявілі сакрэтную турму, якая ідзе пад зямлю на чатыры паверхі3

ЗША нанеслі ўдары па аб’ектах Ісламскай дзяржавы ў Сірыі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»7

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»

Галоўнае
Усе навіны →