«Збег абставінаў». Аварыйны атракцыён у парку Чалюскінцаў абследавалі 25 красавіка
Цяпер улады правядуць дадатковы агляд усіх атракцыёнаў.
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Алег Корзун пракаментаваў надзвычайнае здарэнне з атракцыёнам у парку Чалюскінцаў.
6 ліпеня на атракцыёне «Лебедзі» ўпалі кабінкі з людзьмі, пацярпела як мінімум адно дзіця.
Па словах чыноўніка, усе атракцыёны праходзяць праверку перад адкрыццём паркаў. «Лебедзяў» правяралі 25 красавіка, атракцыёну быў выдадзены дазвол на эксплуатацыю, піша БелТА.
Чыноўнікі тлумачаць надзвычайнае здарэнне так: адбылося рэзкае апусканне атракцыёну з-за парыву (пашкоджання) зварнога завадскога вузла, якое пацягнула паломку гідраўлічнага бака і разрыў гідраўлічных шлангаў.
«Тое, што адбылося ў суботу, з'яўляецца збегам абставінаў. Здарэнне носіць адзінкавы характар», — заявіў Корзун.
Цяпер прынята рашэнне аб дадатковым абследаванні іншых атракцыёнаў.
Каментары