Чыноўнік патлумачыў, што здарылася з атракцыёнам у парку Чалюскінцаў, адкуль сарваліся людзі
Нагадаем, увечары 6 ліпеня ў парку Чалюскінцаў у Мінску зламаўся атракцыён з лебедзямі. З-за абрыву трасоў кабінкі з людзьмі ўпалі на зямлю з вышыні 3-4 метры.
Намеснік кіраўніка службы эксплуатацыі і рамонту атракцыёнаў прадпрыемства «Мінскзелянбуд» Аляксандр Хомчык выказаўся пра прычыны інцыдэнту.
«На гэтым атракцыёне разбурылася апорная канструкцыя восі. Разбурылася канкрэтна зварное злучэнне двух элементаў. Прычыны высвятляе следства, якім займаецца Следчы камітэт», — паведаміў ён у эфіры АНТ.
Людзі, якія ў момант падзення кабінкі каталіся на атракцыёне, па словах чыноўніка, абышліся лёгкімі ўдарамі і ранкамі. Цяжка пацярпелых няма, шпіталізацыя нікому не спатрэбілася.
Раней у адміністрацыі Першамайскага раёна тлумачылі, што зламаўся механізм уздыму/апускання кабінак.
«Пацярпелі не менш за чатыры чалавекі, уключаючы дзяцей. Яны дастаўленыя ў шпіталь хуткай дапамогі чатырма экіпажамі», — паведамілі ў адміністрацыі.
Каментары