Спорт11

Ламін Ямаль: як школьнік з беднага каталонскага раёна стаў найлепшым распасоўшчыкам Еўра

У матчы з Грузіяй у асноўным складзе іспанцаў на поле выйшаў Ламін Ямаль — наймалодшы гулец у гісторыі Еўра. Ямалю ўсяго 16 гадоў, але ён ужо запальвае за дарослую каманду «Барселоны» і раскатвае футбольных грандаў у гульні за зборную. «Наша Ніва» расказвае гісторыю школьніка — сусветнай зоркі.

Ламін Ямаль. Фота: Quality Sport Images / Getty Images

Ямаль, правы вінгер «Барселоны», нарадзіўся 13 ліпеня 2007-га ў каталонскім гарадку Эсплугес-дэ-Льёбрэгат, што недалёка ад Барселоны. Бацька хлопца — мараканец, а маці — ураджэнка Экватарыяльнай Гвінеі. Ён лічыць сябе патрыётам усіх трох краін — і Іспаніі, і згаданых вышэй афрыканскіх дзяржаў.

У раннім дзяцінстве сям’я Ямаля некалькі разоў пераязджала з аднаго горада ў іншы. Нейкі час яны пражылі ў Ракафондзе, шматкультурным прыгарадзе каталонскага горада Матара, дзе амаль 50% жыхароў знаходзяцца на мяжы беднасці. Там шмат хто памятае яркага хлопчыка, а сам ён аддае павагу свайму раёну, калі святкуе забітыя галы — у такія моманты Ямаль паказвае на пальцах 304, апошнія лічбы паштовага індэксу Ракафонды.

Яшчэ тады ён пачаў граць у футбол. Хлопец згадвае, што ў дзяцінстве яго як самага малога пастаянна ставілі граць у браму: «Часта атрымліваў мячом па твары, але гэта не прыносіла болю. Я не плакаў, хаця заўжды прыходзіў дахаты з сінякамі».

Калі Ламіну было сем, ён трапіў у «Ла Масію» — знакамітую футбольную акадэмію клуба «Барселона», дзе таленавітага гульца хутка заўважылі. У кожнай з каманд «Ла Масіі», дзе толькі гуляў Ламін, ён паказваў выдатныя вынікі. Трэнер Альберт Пуіг, які працаваў з Ямалем у дзвюх дзіцячых камандах, расказваў:

«Больш за ўсё мяне здзівіла не тое, што ён ужо меў нашмат лепшы ўзровень за іншых гульцоў у абедзвюх камандах. Калі прайшоў час, узровень не выраўняўся, як гэта звычайна бывае, а Ламін пачаў вылучацца яшчэ болей».

У «Ла Масіі» звычайна дазваляюць жыць толькі гульцам, якія прыехалі з-за межаў Каталоніі. Але Ламіна ўсё роўна папрасілі пераехаць у акадэмію, каб прыглядаць за асаблівым талентам: кантраляваць яго дыету, трэніроўкі і адпачынак, а таксама дапамагчы яму сканцэнтравацца на гульні. Часткова гэта можна патлумачыць тым, што Ламін разам з бацькам ездзіў у «Ла Масію» на цягніку, і гэта займала багата часу — не лепшыя ўмовы для развіцця.

Сапраўдны прарыў здарыўся з хлопцам пару гадоў таму. У сезоне 2022/2023 Ламін, якому тады было 15, трапіў у юнацкую каманду «Барселоны» (да 19 гадоў), што на некалькі гадоў апярэдзіла яго ўзрост. А ў верасні 2022-га трэнер галоўнай каманды «Барселоны» Хаві паклікаў Ламіна і некаторых іншых гульцоў з юнацкіх каманд трэніравацца з першай камандай. 

Яму не давялося доўга чакаць дэбюту за яе: 29 красавіка 2023 года Ламін выйшаў на поле на замену ў гульні з «Бецісам». 15-гадовы хлопец аказаўся наймалодшым дэбютантам «Барсы» за апошняе стагоддзе! Цяпер ён мае кантракт з «Барсай» да 2026-га, сума магчымага выкупу — 1 мільярд еўра.

Што да іспанскай зборнай, Ламін упершыню выйшаў на поле за дарослую каманду 8 верасня 2023-га і тады забіў гол у матчы з Грузіяй.

20% жыхароў Ракафонды, дзе ён жыў у дзяцінстве, — мараканцы, як і бацька Ямаля. Хлопец меў магчымасць трапіць у зборную Марока замест гульні за Іспанію, і футбольныя федэрацыі абедзвюх краін сур’ёзна за яго змагаліся і ціснулі на юнака. 

Але ж Ямаль абраў мацнейшую зборную, то-бок іспанскую, і пакуль што здолеў у ёй не згубіцца. У гульні з Харватыяй Ламін зрабіў галявы пас, і зноў пабіў рэкорд — стаў наймаладзейшым гульцом у гісторыі Еўра, хто адзначыўся гэтым. І гэта не кажучы пра тое, што Ламін увогуле наймаладзейшы гулец у гісторыі Еўра.

У матчы з Грузіяй Ямаль аддаў яшчэ адну галявую перадачу. З асістэнтамі на сёлетнім Еўра неяк слабавата, таму з дзвюма перадачамі малады іспанец узначальвае рэйтынг найлепшых распасоўшчыкаў. На такім жа ўзроўні, як і ён, трымаецца яшчэ восем футбалістаў. 

За дзень да фіналу сёлетняга Еўра яму споўніцца 17. Паглядзім, ці зможа ён разам з партнёрамі па зборнай забяспечыць сабе самы топавы падарунак — праход у галоўны матч чэмпіянату і чэмпіёнскі кубак.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Acab
    01.07.2024
    Ня так шмат выкупу дзеля эканомікі дзяржавы, можна б ў БАТЭ спадара Ямаля і выкупіць, інвэставаць зь бюджэту ў будучую прамоцыю БССР. Да таго ж частку сумы пакрыў бы продаж адміністрацыйнага будынку прадпрыемства

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу9

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Усе навіны →
Усе навіны

Выязны «Мак.бай» у Маладзечне сабраў вялізныя чэргі. А што з цэнамі?9

Астапеня ацаніў, колькі беларусаў падтрымлівае бел-чырвона-белы сцяг25

Генпракуратура хоча вярнуць у Беларусь Крыж Ефрасінні Полацкай, слуцкія паясы і сані Напалеона14

Дачка падпаліла фіранку: падрабязнасці трагедыі ў Сеніцы, дзе загінулі двое дзетак3

Стане яшчэ халадней. Але дзякуй, што пакуль без снегу2

Выпускнік мінскай беларускамоўнай гімназіі скончыў Гарвардскі ўніверсітэт. Вось дзе ён цяпер працуе21

Трагедыя ў Мінскім раёне: загінулі двое дзяцей

Мужчына, які ўдарыў малатком па сцяне Крамля, аказаўся не беларускім палітвязнем, а яго поўным цёзкай

Змянілі тэрмін уручэння позвы на вайсковыя зборы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу9

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Галоўнае
Усе навіны →