«Страшна, што можа апусціцца жалезная заслона». Мінскія падлеткі расказалі пра сваё жыццё ў цяперашняй Беларусі
CityDog.io вырашыў даведацца, як адчуваюць сябе сённяшнія тынэйджары ў Беларусі, пра што яны мараць, чаго баяцца і якую будучыню бачаць для сябе і навакольных. Журналісты пагаварылі з мінскімі школьнікамі пра тое, што з імі адбываецца проста цяпер.
Сафія (17 гадоў): «Са школьных забаў — патрыятычны клуб, дзе можна навучыцца маршыраваць і страляць»
«Цяпер я заканчваю 11-ы клас, здаю экзамены. Далей планую паступаць у БДТУ на выдавецкую справу: хачу працягваць справу Францыска Скарыны.
Мне здаецца, беларуская літаратура вельмі шматгранная, мне сумна ад таго, што ў Беларусі яна не карыстаецца попытам. У будучыні хацелася б папулярызаваць беларускія кнігі.
Злуюся, што ў Мінску бывае складана знайсці нешта канкрэтнае з друкаваных выданняў. Часта даводзіцца выкручвацца, шукаць анлайн-фармат.
Часам яшчэ вокладкі ў твораў класічнай беларускай літаратуры эстэтычна непрывабныя: гэта моцна адштурхвае ад іх куплі. Думаю, калі мы хочам прыцягнуць падлеткаў да чытання, то дызайн трэба рабіць больш сучасным.
На самай справе ў мяне няма вялікай і выразнай мэты ў жыцці. Нават выдавецкая справа — гэта хутчэй прыкладны план, які ў моманце дапамагае арыентавацца. Доўгі час я перажывала з-за гэтага. Глядзела на сваіх сяброў і знаёмых, якія, здаецца, нарадзіліся ўжо з жаданнем быць кімсьці канкрэтным: архітэктарам, настаўнікам, праграмістам. У мяне такога ніколі не было.
Цяпер гэты перыяд прайшоў. Да пытання пра будучыню стаўлюся спакойна. Лічу, што жыццё мяне сама прывядзе, куды трэба.
Пра рэпрэсіі ў Беларусі мне складана казаць. Ні мае бацькі, ні я не былі асабліва ўцягнутыя ў 2020 годзе ў пратэсты, таму на мяне гэтыя падзеі асабліва не паўплывалі. Большасць маіх аднакласнікаў застаюцца ў Беларусі.
Праўда, калі мы абмяркоўваем гэтую тэму, я разумею, што не ўсе выбіраюць беларускія ВНУ па сваім жаданні. Цяпер складана паступіць за мяжу, асабліва ў Польшчу. Дырэктар можа проста не падпісаць патрэбныя паперы. Такія выпадкі ў маёй школе ўжо былі.
Што тычыцца школьнага распарадку, то многае за апошнія гады змянілася. Часцей пачалі дадаваць у праграму пазакласныя гадзіны пра Вялікую Айчынную вайну і генацыд. Гэтага стала занадта шмат.
І наадварот, стала менш актыўнасцяў, дзе можна праявіць сябе творча: школьныя канцэрты, пастаноўкі, пазакласныя івэнты — гэта ўсё пад кантролем адміністрацыі. Затое можна ўступіць у патрыятычны клуб, навучыцца маршыраваць і страляць. Вось такія забавы цяпер у беларускіх школьнікаў (усміхаецца).
З добрага: апошнім часам вакол стала нашмат больш беларускай мовы. Я вяду амаль усе сацсеткі на беларускай мове, стараюся, каб яе было як мага больш у маім жыцці. Часта мы з сябрамі ладзім дні, калі цалкам пераходзім на беларускую мову.
У тыктоку таксама апошнім часам шмат кантэнту на беларускай, прычым не заўсёды ад дарослага пакалення. Гэта радуе».
Надзя (15 гадоў): «У будучыні я хачу жыць спакойна, не баючыся нічога і нікога»
«У 2020 годзе мне было 12 гадоў. Усе падзеі таго перыяду памятаю як цяпер. На мяне яны зрабілі моцнае ўражанне. Бацькі заўсёды расказвалі мне абсалютна ўсё, што адбываецца. Не было такога, што ад мяне хавалі інфармацыю толькі таму, што я «маленькая». У нас у сям'і так не прынята.
Памятаю, калі 9 жніўня адключылі інтэрнэт, бацькі вырашылі падключыць на ўсе тэлефоны проксі. Чамусьці ён працаваў толькі ў мяне, таму мы ўсёй сям'ёй да позняй ночы гарталі маю навінавую стужку ў тэлеграме і маніторылі тое, што адбываецца ў Мінску. Было страшна. Супакойвала толькі прысутнасць бацькоў і сястры побач.
У школе мы тэму 2020 года не падымаем. Амаль ва ўсіх маіх сяброў бацькі працуюць на дзяржаву, таму я з імі мала што хачу абмяркоўваць. Яны ў цэлым мала ведаюць пра рэпрэсіі ў Беларусі. Маіх аднакласнікаў яны не тычыліся.
Вакол шмат магчымасцяў, але часцей яны даволі стромныя. Напрыклад, лёгка можна дастаць наркотыкі. Нават калі ты першакласнік. Пункты продажу і правераныя схемы перадаюць ад прыяцеля да прыяцеля. Усё проста, калі ты разумееш, што канкрэтна хочаш, і ведаеш патрэбных людзей. Мяне такое не цікавіць, але я ўсё роўна ў курсе таго, што адбываецца.
У школе таксама асабліва не выявіш свае здольнасці. Я б хацела дапамагаць настаўнікам і быць з імі на адной хвалі. Але гэта месца ўжо занялі тыя, хто спявае на лінейках гімн і ўсюды махае сцяжкамі.
Настаўніца па гісторыі Беларусі адкрыта кажа, што дасць спісаць на экзамене тым, хто актыўна ўдзельнічае ў грамадзянска-патрыятычных івэнтах. Жадання карыстацца такімі «выгодамі» ў мяне асабліва не ўзнікае.
Ды і ў прынцыпе свабоды, па адчуваннях, становіцца менш. Часам пасля лінеек ідуць вымовы тым, хто не спяваў гімн. На дыскатэках і канцэртах нельга спяваць «забароненае», нават земляка Каржа. Усе плэй-лісты да пачатку канцэрта праглядаюць і ўхваляюць. Хутчэй могуць прайсці песні з мацюкамі, чым з забароненымі артыстамі.
Пакуль не ведаю, што буду рабіць пасля школы. Магчымасцяў у плане паступлення шмат, але мяне мала што прыцягвае. Не разумею, застануся я ў Беларусі ці паступлю за мяжу. У будучыні я хачу проста жыць спакойна, не баючыся нічога і нікога».
Паша (17 гадоў): «Планую паступіць у беларускі ўнівер, а потым адправіцца за мяжу на стажыроўку»
«Мне здаецца, што жыццё беларускіх падлеткаў асабліва не змянілася за апошнія пару гадоў. Многія сумяшчаюць вучобу і забавы, шукаюць сябе. Здаецца, так было заўсёды, ва ўсіх пакаленняў.
Не думаю, што свабоды стала менш. Магчыма, праўда, я так успрымаю ўсё, таму што вучоба адбірае занадта шмат часу і сіл. На дадатковы аналіз таго, што адбываецца, рэсурсу асабліва не застаецца.
Аднак я нават з такой загружанасцю не магу цалкам ігнараваць змены, якія адбываюцца ў Беларусі. Шмат маіх знаёмых і сяброў пасля 2020 года разам са сваімі бацькамі з'ехалі альбо ў Літву, альбо ў Польшчу.
Я б таксама хацеў з'ехаць, але не праз палітыку, а таму што мне цікавыя іншыя краіны. Мяне прыцягвае ўсё новае, мне падабаецца вывучаць мовы і іншыя культуры.
Аднак цяпер лягчэй за ўсё паступіць у беларускую ВНУ, таму па плане ў мяне — добра здаць экзамены, трапіць у мясцовы ўнівер. Я б вельмі хацеў, каб мне падвярнулася цікавая праграма па абмене, па якой я паеду далей куды-небудзь вучыцца.
Больш за ўсё я баюся, што ў Беларусі апусціцца жалезная заслона. Апошнім часам узмацняецца кантроль межаў і становіцца складаней атрымліваць візы ў іншыя краіны. Я люблю сваю краіну, але хачу мець магчымасць бачыць свет. Страшна, што праз нейкі час я магу пазбавіцца гэтага».
Сяргей (17 гадоў): «У Беларусі ўсё кантралюецца стражэй, чым у Расіі, але нярэдка гэта апраўдана»
«Некаторы час я жыў у Маскве, затым пераехаў назад у Мінск. Апошнія два гады жыву ў Беларусі.
У 2020 годзе я перыядычна прыязджаў у Беларусь з бацькамі, але не магу сказаць, што рэпрэсіі на нас неяк паўплывалі. Маіх аднагодкаў яны таксама ніяк не закранулі.
Праўда, пасля вяртання ў Беларусь я са здзіўленнем пабачыў, што кантроль пасля падзей 2020 года ва ўсіх сферах стаў нашмат большым. Мне гэта не вельмі падабаецца, але думаю, што гэта апраўданыя змены. Ніякая ўлада не хоча, каб на яе тэрыторыі рабіліся беспарадкі. Напэўна, гэта нармальна.
У Беларусі ўсё стражэй, чым у Расіі. Напрыклад, тут існуе школьная форма, а класныя гадзіны настаўнікі павінны весці строга па праграме. У Маскве настаўніца рускай магла 30% школьнай праграмы мяняць на свае творы. Дзякуючы гэтаму мой клас разабраў «451° па Фарэнгейту», «Эфект матылька» і іншыя кнігі з сусветнай класікі. У Мінску ў мяне склалася адчуванне, што калі настаўнік адыдзе ад праграмы, то яго адразу звольняць.
Некалькі разоў я, алімпіяднік па інфарматыцы, раіў свайму настаўніку, як можна зацікавіць малодшыя класы праграмаваннем. Выкладчык быў не супраць, аднак нічога з гэтага ўсё адно не дадалі ў практыку, таму што метадычка гэтага не дазваляе.
Несправядліва і крыўдна. Мне здаецца, трэба дазваляць настаўнікам з добрым вопытам адхіляцца ад прапісаных правілаў, тады выхлап ад працэсу навучання будзе большы.
Што тычыцца будучыні, то я планую паступаць у БДУ на ФПМІ або ў БДУІР. Хачу звязаць сваё жыццё з праграмаваннем.
Дзе я буду жыць праз пару гадоў, пакуль не вырашыў. Думаю, з патрэбнымі ведамі і належнай упартасцю можна добра ўладкавацца і ў Беларусі. Аднак калі давядзецца пераязджаць, то я не буду супраць. Мы шмат разоў мянялі з бацькамі месца жыхарства, і я не бачу ў гэтым праблем».
Каментары