Спорт88

Як беларускія фанаты перайшлі ад імперскага расійскага да бел-чырвона-белага сцяга – і ў выніку пакінулі стадыёны

У 2020-м беларускія футбольныя фанаты масава падтрымалі народ — гаворка і пра ўдзел у пратэстах, і пра байкот матчаў, што цягнецца дагэтуль. «Наша Ніва» прасачыла шлях айчыннага заўзятарства да прыкладаў патрыятызму, які некаторым беларускім фанатам каштаваў жыцця.

Вытокі

Мікалай шмат гадоў заўзеў за адзін з буйных беларускіх клубаў: прыйшоў у рух у 2005-м і заставаўся ў ім да 2020-га, калі пасля выбараў беларускія фанаты абвясцілі байкот і сышлі з сектараў — яны дагэтуль туды не вярнуліся. 

На яго думку, самым яркім часам беларускага фанацтва быў канец нулявых — пачатак дзясятых: «Тады можна было больш-менш свабодна ездзіць на выезды, ладзіць перформансы. Быў і ваколфутбол, былі бойкі — і за гэта максімум можна было сесці на суткі. 

У той час колькасць фан-сектароў была максімальная, шматлікія фан-рухі добра збіралі людзей на хатнім і выязным сектарах. Мінскае «Дынама» тады магло збіраць на хатнія гульні паўтары тысячы фанатаў, цяпер гэта немагчыма ўявіць».

Беларускі нацыянальны сцяг у фанатаў, Масква, 1990-я. Фота: «Трыбуна»

Сярэдзіна нулявых была часам, калі беларускае фанацтва часам раўнялася на расійскіх калег — Мікалай расказвае, што на некаторых сектарах тады вісеў расійскі імперскі сцяг з чорнай, жоўтай і белай палосак.

Якія расійскія рухі найбольш цікавілі беларусаў? Паводле словаў Мікалая, гэта былі маскоўскія і піцерскія топы — «Дынама», «Спартак», ЦСКА, «Зеніт», але і з рэгіянальнымі рухамі таксама былі адносіны: напрыклад, фанаты «Нёмана» часам кантактавалі з «Кубанню». Што да беларускай геаграфіі, то больш прарасійскія фанаты заўсёды былі на ўсходзе краіны. 

«Магілёўскі і бабруйскі рухі былі самыя прарасійскія — проста рускі мір, для іх маскоўскі «Спартак» быў усім. Заходняя Беларусь і сталіца больш глядзелі ў бок Украіны і Польшчы. Мінскія дынамаўцы мелі адносіны і з кіеўскім «Дынама», і з маскоўскім ЦСКА. Але назваць іх прарасійскім рухам няправільна, бо на гэты момант у палку Каліноўскага з фанатаў больш за ўсё менавіта дынамаўскіх.

Мінскія дынамаўцы сябравалі з ЦСКА, з маскоўскім «Дынама». Але рускія заўжды ставіліся да нашых пагардліва, як старэйшыя браты — напэўна, не было рухаў, якія б сябравалі з імі на роўных. З палякамі і ўкраінцамі пазней было зусім па-іншаму», — адзначае Мікалай.

Іншы наш суразмоўца з былых фанатаў, назавем яго Кастусём, упэўнены, што называць магілёўскіх ды гомельскіх фанатаў прарасійскімі няправільна — можна хіба што казаць пра сімбіёз настрояў: 

«У Магілёве з 1990-х была беларускамоўная крычалка «Трэба гол!», яе зараджалі ўсім сектарам у сотні чалавек. Дый проста не прыпомню там рускага міру. Іхні лідар, Злыдзень, першы пачаў арганізоўваць выезды на матчы зборнай, і ў той час усё канкрэтна пасунулася ў бок беларускага патрыятызму. Што да гомельскіх фанатаў, асабіста ведаў там людзей нацыяналістычных поглядаў, проста ніхто не любіў беларускую апазіцыю.

Прарасійскае насамрэч было, але не паўсюль. Перш за ўсё гэта рух Lads 82, фанаты мінскага «Дынама» на чале з Дзмітрыем Лемяшонкам і іншыя рухі накшталт фанатаў БАТЭ. Але ў барысаўскіх я ніколі не бачыў імперскіх сцягоў, і яны потым хутка сталі беларускімі патрыётамі». 

Мікалай запэўнівае, што беларусы не ўзносілі да нябёсаў расійскую фан-сцэну. Гэта перагукаецца са словамі Віталя «Пумы», вядомага фаната мінскага «Дынама». Некалі ён расказваў, што «імперку» на дынамаўскі сектар прынеслі тыя фанаты, якія прылічалі сябе да субкультуры скінхэдаў — маўляў, яны прынялі гэты сцяг за сцяг субкультуры:

«Быў стэрэатып, што з БЧБ хадзілі адны нейкія «валасатыя», быццам ворагі. Я шчыра кажу, што ніякай ідэалогіі ў вывешванні імперскага сцяга тады проста не было! Не было і нянавісці да беларускага».

Недзе ў тыя часы ўзнік сектар Б-12 — фан-сектар беларускай зборнай, і фанатызм стаў змяняцца ў больш патрыятычны бок. Мікалай згадвае, што ўжо ў 2010-х на банэрнай лініі ў фан-сектара была «Пагоня», а на самім сектары — БЧБ-сцягі. Ён разважае: напэўна, першымі нацыянальную сімволіку прынеслі на сектар зборнай прадстаўнікі буйных рухаў — магчыма, мінскія ці брэсцкія дынамаўцы. Потым іншыя рухі таксама пачалі актыўна выкарыстоўваць нацыянальныя сімвалы. Прыносілі і чырвона-зялёныя сцягі, ніхто не забараняў, але іх было не больш за два-тры на сектар.

Кастусь успамінае, што на момант з’яўлення сектара зборнай беларускае фанацтва ўжо пачало змяняцца ў больш патрыятычны бок: «Раней імперкі былі толькі ў «Дынама» і ў такога клуба, як «Мінск», за што апошнія люта атрымлівалі ад фанатаў мінскага «Тарпеда». Дый у «Дынама» ўсё гэта потым сышло, свая ж дынамаўская моладзь за імперкі і іншую лухту выгнала Лемяшонка з сектара, бо нікому гэта не было цікава.

Проста ў «Дынама» тады аснова руху была прарасійская, і ўвесь рух пайшоў за імі, рыба гніе з галавы».

Ужо ў канцы 1990-х, калі беларуская зборная гуляла ў Кіеве, там хапала БЧБ-сцягаў, ды і ў 2008-м, калі фанаты ў Львове падтрымлівалі зборную, увесь сектар быў у нацыянальнай сімволіцы. Гэта прыйшло вельмі хутка, і яно не магло не прыйсці, лічыць Кастусь, бо футбольныя фанаты заўжды ўключаліся ў палітыку.

Кастусь згадвае выпадак, калі заўзятараў з БЧБ выгналі з сектара, але кажа, што справа была не ў сцягах: «Мінскае «Дынама» ў той час гуляла на выездзе ў еўракубках, і на сектар прыйшлі таварышы з БЧБ-сцягамі, дык іх і выгналі з сектара. «Дынамікі» потым патлумачылі, што праблема была ў людзях, бо на сектар прыйшлі незнаёмыя людзі, якія ніяк не былі звязаныя ні з клубам, ні з фанацкім рухам».

«Сядзець 5-6 гадоў за пару хвілін адрэналіну — так сабе задавальненне»

«Неяк мы вырулілі з расійскага ўплыву. Адны рухі сябравалі з украінскімі фанатамі, іншыя — з польскімі. А калі ва Украіне здарыўся еўрамайдан і пачалася вайна, мы зусім згубілі стасункі з расійскай фан-сцэнай.

Амаль усе ўкраінскія ультрас падтрымалі ў 2014-м Майдан, так і амаль усе беларускія фанаты падтрымалі пратэсты ў 2020-м, мы заўжды былі супраць рэжыму. А пра расійскіх фанатаў усё зразумела — яны паехалі ва Украіну забіваць сваіх калег», — кажа Мікалай.

У нулявыя патрыятызм не перашкаджаў беларускім фанатам біцца з украінскімі фанатамі. Але ў сярэдзіне 2010-х, пасля Майдана і пачатку вайны на Данбасе, беларускія заўзятары канчаткова пасябравалі з украінскімі — дапамагло спачуванне ўкраінцам і захапленне падзеямі на Майдане.

2014-ты Мікалай называе страшным годам. З аднаго боку, гэта быў час свабоды, калі ўкраінскія фанаты масава падтрымалі Еўрамайдан. А з іншага — той год паклаў пачатак ціску на беларускія фан-рухі:

«Мы захапляліся тым, што робяць нашы ўкраінскія калегі, тым больш што многія беларускія рухі ў той час ужо сябравалі з імі. А мы ў тым годзе на сабе адчулі, што такое прэс, тады нашы сілавікі пачалі актыўна закручваць гайкі.

Тады пайшлі рэпрэсіі, турэмныя тэрміны, тады пачалі забіваць беларускі фанацкі рух. Канчаткова ён быў забіты ў 2020-м годзе. Людзі атрымлівалі тэрміны ў 5-6 гадоў за выезды, бойкі, апошніх у той час ужо амаль і не было. Сядзець столькі часу за 2-3 хвіліны адрэналіну — так сабе задавальненне».

Прыклад такіх рэпрэсій — арышт у 2016-м Віталя «Пумы», знакамітага фаната мінскага «Дынама». Да Віталя прыйшлі губазікаўцы — нагодай было тое, што ён быццам бы ваяваў ва Украіне. Доказаў гэтага не знайшлі, але заўважылі ў профілі Пумы «Укантакце» рэкламны ролік пра неабходнасць абароненага сэксу. Гэты ролік палічылі распаўсюдам парнаграфіі. За яго, а таксама за іншыя відэа ў акаўнце, прызнаныя экстрэмісцкімі, «Пума» атрымаў тэрмін — 2 гады 4 месяцы зняволення.

Звычайныя 10-15 сутак адміністратыўкі, кажа Мікалай, тады атрымлівалі ўсе фанаты.

«Праз гэта шмат хто пачаў пакідаць рухі, бо не хацелася ні за што атрымліваць тэрмін у плечы. Таму ў 2020-м нас зусім не здзівіў узровень тэрору. Хіба раней мы думалі, што сілавікі не настолькі жорсткія, але не, іх нішто не спыніць», — тлумачыць былы фанат.

«Фанаты заўжды былі льдом пад нагамі маёра, таму нас дзяржава ніколі не любіла», — падсумоўвае Кастусь.

«Прапаганда заўсёды апісвала нас як дэгенератаў, але большасць з нас — нармальныя адукаваныя людзі»

Беларускі фанатызм у 2020-м? Раздроблены, кажа Мікалай, хіба найслабейшы за ўвесь час існавання, з малымі сектарамі:

«Хто хацеў, яшчэ хадзіў на гульні па інэрцыі, але ранейшай рамантыкі ўжо не было — гэта як параўнаць сэкс з жывой і з гумовай жанчынай.

Усе фанацкія рухі, якія ў 2020-м былі на нешта здольныя, падтрымалі перамены. Фанаты заўжды былі патрыётамі, прыхільнікамі дэмакратыі. Мы прабівалі за зборную выезды ў Еўрасаюз, бачылі іншыя краіны, ведалі, як жывуць людзі. Мы жылі не так, мне цяжка згадаць краіну, дзе б людзі жылі горш па ўзроўні жыцця, стаўленні да сваёй нацыі.

Прапаганда заўсёды апісвала нас як дэгенератаў, якім галоўнае — напіцца і накурыцца. Але насамрэч пераважная большасць з нас — нармальныя адукаваныя людзі, якія маюць файныя прафесіі і нармальна зарабляюць, у якіх ёсць сем’і і самасвядомасць. Часам на фанацкім сектары сустрэнеш больш людзей з добрай адукацыяй, чым сярод тых, хто сочыць за правапарадкам у Беларусі».

У 2020-м рухі найбуйнейшых футбольных клубаў краіны абвясцілі байкот матчаў сваіх каманд праз палітычную сітуацыю ў Беларусі. Ідэю падтрымалі фанаты больш чым 10 клубаў вышэйшай лігі — з 16, якія ўдзельнічаюць у спаборніцтве.

Тое, што фанаты ў 2020-м падтрымалі народ, заканамерная рэч, кажа Мікалай. Фанаты — людзі, якія любяць свабоду, і наўрад ці пасля рэпрэсій 2010-х сапраўднае беларускае фанацтва можа добра ставіцца да рэжыму.

Падтрымка беларускай зборнай у 2021-м. Фота: Instagram / belultras

А вось як матывацыю фанатаў у 2020-м характарызуе Кастусь: «Паглядзелі на Майдан і ў 2020-м падумалі — а раптам атрымаецца? Але фанаты выходзілі за народ, а не за нейкіх там лідараў».

Мікалай схіляецца да думкі, што цяпер жывым беларускае фанацтва не назавеш: «Насамрэч мы ёсць — нехта жывы, нехта сядзіць, а кагосьці ў 2020-м забілі (гаворка пра фаната «Маладзечна» Мікіту Крыўцова — «НН»). Калі няма актыўнай фазы, рух не можа развівацца. Хлопцы, якія раней гадамі хадзілі на сектар, цяпер сустракаюцца па-за яго межамі, а фанатызм цяпер закансерваваны».

Ужо чатыры гады фанацкія сектары ў Беларусі пустыя. Вярнуць усё на стары ўзровень будзе вельмі цяжка, дый калі Беларусь стане вольнай, трэба будзе займацца іншымі рэчамі, кажа Мікалай.

«У 2014-м, калі нашы сілавікі пабачылі Майдан, яны паступілі з намі граматна. Брытанскіх фанатаў некалі задушыла Маргарэт Тэтчар, а нас задушыў Лукашэнка. Але былі класныя і кайфовыя часы, успамінаю іх з цеплынёй. Гэтая субкультура нікому не пагражала, але нас закляймілі.

Хацелася б у вольнай Беларусі яшчэ хаця б пару разоў пашызець. Але цяжка будзе, трэба будзе падымаць у краіне эканоміку, спорт, культуру. І ўсё роўна не пасыпаем галаву попелам, усё заканчваецца», — падсумоўвае былы фанат.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары8

  • Так
    13.06.2024
    масава падтрымалі народ
    Ці варта карыстацца такімі абстрактнымі фразамі?

    Некаторыя можа і далей вераць у міф "мы уже победили", "🫶" "97%" і падобныя ружовыя глупствы, але народ - гэта вельмі шырокая група, сярод якой і прыхільнікі зменаў (розных), і нацыянальнага накінурку, і прарасейскага як антылукашэнкаўскага, так і пралукашэнкаўскага.

    Так што лепш канкрэтызаваць, а не карыстацца такімі шаблонамі.
  • барадзед
    13.06.2024
    161,яны ніколі ні імперкі ні бчб не выкарыстоўвалі, на б-12 іх ніколі не было, так што трохі не ў тэму
    хаця безумоўна тое што яны далучыліся і да пратэстаў і да падтрымкі Украіны разам з ідэалагічнымі супернікамі тэма цікавая
  • Тутэйшы
    13.06.2024
    барадзед, а тое , што МТЗ давалі люлей за імперкі ты забыў ? Здымалі футболкі з пуціным , зрывалі імпрэзы "румола"? А наконт таго , што Дынама зараз пішуць пра тое , што быццам бы яны не асоба прамаскоўскія былі , ну гэта проста смешна)) таму што большую частку сваёй гісторыі як фан двіжа , яны сябравалі і з цска і са спартаком і ездзілі да іх у госці кожны год ! А на 9 мая зрабілі для сваіх маскоўскіх сяброў падарунак , забіліся с хуліганамі МТЗ на ўмовах , што гэта будзе выключна маладняк да 19 год і назіраць за гэтым ьудзе лемешонак і аператар А па факце прывялі туды кодлу маскалей і па ўзросце старэйшых за 19. У выніку хлопцы з МТЗ паехалі ў лякарню. Тое што хлопцы з Дынама зараз ваююць мо і добра , але тое , што яны піздяць , гэта ўжо іх справа ! Спытайце ў Віталіка пумы колькі разоў ён быў у Маскве і колькі ў яго там было сяброў

Васкрасенскі: Трэба, каб Сікорскі прывёз падарунак Лукашэнку. А Бяляцкі і 20 завадатараў выйдуць апошнімі26

Васкрасенскі: Трэба, каб Сікорскі прывёз падарунак Лукашэнку. А Бяляцкі і 20 завадатараў выйдуць апошнімі

Усе навіны →
Усе навіны

Офіс Ціханоўскай падрыхтаваў спіс краін, бяспечных для падарожжаў беларускіх актывістаў5

57-гадовага віцебскага байкера будуць судзіць па палітычнай крыміналцы за данаты1

«Гучыць як нейкая камедыя». Што беларусы Падляшша думаюць пра «карту беларуса»4

У Літве на палігоне знайшлі метэазонд з прычэпленай чорнай скрыняй

13 чалавек у Расіі атрымалі ад чатырох да 23 гадоў па справе аб дыверсіях2

У Мінскай вобласці таксама пачалі ўключаць ацяпленне

У Мінску з'явіўся першы ў краіне бульбамат

Латвія размясціла на ўсходзе краіны баявыя групы з ракетамі супрацьпаветранай абароны2

Адключылі арганізацыю, якая даймала беларусаў званкамі з рэкламай1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Васкрасенскі: Трэба, каб Сікорскі прывёз падарунак Лукашэнку. А Бяляцкі і 20 завадатараў выйдуць апошнімі26

Васкрасенскі: Трэба, каб Сікорскі прывёз падарунак Лукашэнку. А Бяляцкі і 20 завадатараў выйдуць апошнімі

Галоўнае
Усе навіны →