Высветлілася сапраўдная прычына анамальных нападаў зграй касатак на раскошныя яхты ў еўрапейскіх водах
«Калі выказвацца простай мовай, у касатак нешта падобнае на тыкток-чэлендж».
Навукоўцы і чыноўнікі з некалькіх краін пры ўдзеле Міжнароднай кітабойнай камісіі праз 4 гады анамальных нападаў касатак на яхты і іншыя судны каля берагоў Еўропы нарэшце даведаліся сапраўдную прычыну такіх паводзін жывёл.
Касаткі робяць усё гэта проста дзеля забавы, піша партал New Atlas.
«Шматгадовыя даследаванні паказалі, што ўсплёск нападаў касатак на яхты, што прыводзіла да іх патапленняў — наступства жадання жывёл пацешыцца.
Рабілі гэта пераважна маладыя асобіны: дзіцяняты, падлеткі і іншыя касаткі ўзросту да 25 гадоў. Самкі, старэйшыя за 25 гадоў, прысутнічалі падчас нападаў, каб сачыць за бяспекай дзяцей, а дарослыя самцы ўвогуле не ўдзельнічалі», — перадае партал.
Адной з прычын такой цікавасці касатак да нападаў, паводле навукоўцаў, з'яўляюцца змены клімату, якія прывялі да павелічэння ў Міжземным моры папуляцыі блакітнага тунца, якім актыўна харчуюцца касаткі.
Гэта ў сваю чаргу знізіла ў жывёлаў неабходнасць траціць шмат часу на паляванне, дазволіўшы ім больш адпачываць і тым самым займаць сябе рознымі забавамі, адзначаюць навукоўцы.
Яны параўналі такія паводзіны касатак з часовым тыкток-чэленджам, мяркуючы, што ў недалёкай будучыні гэтая тэндэнцыя пойдзе на спад.
Нагадаем, што з 2020 па 2024 гады быў зарэгістраваны анамальны ўсплёск нападаў касатак на яхты ў Міжземным моры. Такіх выпадкаў ужо адбылося больш за 650.
Напады ў асноўным былі накіраваныя на ветразевыя лодкі, а самі жывёлы дзейнічаюць па такой схеме: набліжаюцца з кармы, каб ударыць па падводным рулі, а як толькі лодка спыняецца ці ламаецца стырно — адплываюць.
Раней навукоўцы меркавалі, што адна з прычын нападаў — посттраўматычны сіндром адной з касатак, якая ў мінулым магла перажыць сутыкненне з лодкай, альбо магла трапіць у пастку падчас незаконнай ці звычайнай лоўлі рыбы. Гэтая асобіна, паводле ранейшых разважанняў навукоўцаў, магла пачаць навучаць іншых касатак тараніць лодкі.
Каментары