У Полацку раскрылі забойства, здзейсненае ў 2001 годзе. Дапамог недакурак
Але забойцу ўжо пакаралі.
Следчыя раскрылі забойства, якое было здзейснена ў Полацку ў 2001 годзе.
21 красавіка 2001-га цела жанчыны 1927 года нараджэння з прыкметамі гвалтоўнай смерці знайшлі ў яе дома. На месцы здарэння знайшлі недакурак, а на целе — фрагменты пазногцяў. Аднак вылучыць ДНК тады не ўдалося, доказы адправілі на склад.
У 2019 годзе судовыя эксперты прызначылі экспертызу недакурка. Дзякуючы сучасным метадам, удалося вылучыць біяматэрыял мужчыны, генатып якога быў унесены ў базу Дзяржкамітэта судовых экспертыз.
У 2023 годзе было ўстаноўлена супадзенне генатыпу з генатыпам жыхара Полацка 1984 года нараджэння. Дадатковыя экспертызы паказалі, што часткі ногцевых пласцін, выяўленых на целе забітай, належалі менавіта гэтаму мужчыну.
Следчым удалося аднавіць храналогію злачынства. У красавіку 2001 года паміж маладым на той момант чалавекам і жанчынай паўстаў канфлікт. У выніку злачынец моцна збіў жанчыну рукамі, нагамі і прадметамі, якія трапілі пад руку, а затым задушы вяроўкай.
Забойца атрымаў 9,5 года пазбаўлення волі з улікам таго, што ў момант здзяйснення злачынства ён быў непаўналетнім.
Каментары