Вось што кажа статыстыка.
Пра поспехі Расіі віцэ-прэм'ерка Таццяна Голікава расказала на форуме «Здаровае грамадства». Чыноўніца адзначыла, што ў Расіі істотна — з 40% да 19% — скарацілася колькасць курцоў. І гэта з улікам вайпаў.
Расіяне таксама на 9% менш сталі есці хлеба. Аднак пры гэтым у іх рацыёне на нізкім узроўні застаецца спажыванне рыбы, садавіны і гародніны.
А самае галоўнае, па словах чыноўніцы, расіяне сталі значна менш піць алкаголю. Калі ў 2009 годзе выпівалі ў сярэднім на аднаго чалавека 14 літраў, то цяпер трохі больш за 8 літраў.
Але тут яна падманула. Насамрэч, па даных Расстата, у 2017 годзе спажыванне алкаголю ў Расіі было на ўзроўні сямі літраў. Па даных таго самага Расстата, у 2023 годзе продажы алкаголю ў Расіі аказаліся рэкордныя за апошнія дзевяць гадоў.
І гэтая тэндэнцыя працягнулася ў 2024 годзе. Так, па інфармацыі Росалкагольтытунькантролю, за першае паўгоддзе гэтага года ў Расіі гэты паказчык вырас на 4,9% у гадавым вымярэнні.
Найбольш моцнага алкаголю куплялі ў пераліку на душу насельніцтва, па даных 2023 года, жыхары Сахаліна, Карэліі, Комі, Магаданскай вобласці і Ненецкай аўтаномнай акругі.
У сваім выступе Голікава расказала і аб працягласці жыцця ў Расіі, гэты паказчык істотна вагаецца ў залежнасці ад рэгіёна. Так, жыхары Каўказа і масквічы ў сярэднім жывуць 79 гадоў. А вось у Чукоцкай аўтаномнай акрузе — толькі 66 з паловай.
Голікава нагадала, што адпаведна нацыянальным мэтам развіцця Расіі да 2030 года чаканая працягласць жыцця мае вырасці да 78 гадоў, а да 2036-га — да 81 года.
Аднак чыноўніца не сказала пра тое, што існуюць вялікія сумневы ў тым, што гэтага атрымаецца дасягнуць. У цэлым па краіне, па інфармацыі Расстата на чэрвень 2024 года, працягласць жыцця склала 73,2 года. Гэты паказчык пасля невялікага росту ў папярэднія гады цяпер апусціўся да ўзроўню 2017 года. Прычыны відавочныя — рост спажывання алкаголю і вайна ва Украіне.
Каментары