Роўна 34 гады таму ў Беларусі быў зроблены першы вялікі крок да незалежнасці
27 ліпеня 1990 года была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце.
27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі абсалютнай большасцю галасоў, амаль аднагалосна, прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Беларусы пайшлі за прыкладам іншых рэспублік імперыі, а найперш — украінцаў, якія прынялі сваю дэкларацыю 16 ліпеня.
Дэкларацыя не змяніла рэальнага стану краіны як часткі СССР, але стварыла грунт для абвяшчэння незалежнасці ў 1991. Тады ў жніўні парламент надаў Дэкларацыі 1990 года статус канстытуцыйнага акта.
У многіх іншых краінах Еўропы даты прыняцця такіх актаў сталі дзяржаўнымі святамі, Днямі незалежнасці.
У Беларусі 27 ліпеня было дзяржаўным святам, выхадным днём у 1991—1996 гадах, пакуль Аляксандр Лукашэнка не замяніў яго датай з савецкай гісторыі — 3 ліпеня.
У 1990-я і на пачатку 2000-х дату працягвалі святкаваць дэманстрацыямі ў сталіцы, аж пакуль улады не абмежавалі свабоду сходаў.
Каментары