Культура1212

Маладзечанскія ўлады вырашылі знесці 200-гадовы касцёл. Вось чым гэта скончылася

Каталіцкаму Касцёлу храм аказаўся не патрэбны, але за яго заступілася настаўніца. 

Касцёл у Дубраве Маладзечанскага раёна, які быў унесены ў спіс на знос. Фота: Наша Ніва

Гісторыю, якая развярнулася вакол руінаў старога храма, распавяла газета «Звязда». 

У канцы 2023 года настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Гарадоцкай базавай школы Таццяна Шумель заўважыла, што на сайце Маладзечанскага райвыканкама ў пераліку будынкаў, якія падлягаюць зносу ў найбліжэйшыя гады, аказаўся Дубраўскі касцёл. Гэты пералік можна адшукаць і сёння.

Касцёл у Дубраве ў раённым пераліку аб'ектаў, якія падлягаюць зносу. 

Фундатарам касцёла, як і мураванага палаца ў Сёмкаве, быў апошні менскі ваявода Адам Хмара. Мураваны храм быў узведзены ў ​​1796-1805 гадах. 

«Цікава, што пераемнасць паміж двума населенымі пунктамі не толькі існавала, але і працягвае існаваць. У Дубраве Адам Хмара замаўляў пліту памяці бацькоў, якая неверагодным чынам была знойдзена ля сцен палаца ў Сёмкаве ў 2012 годзе. Туды ж, у Дубраву, апошні менскі ваявода некалькі дзён, пышнай працэсіяй ехаў на вечны спачын, дзе потым у сутарэннях касцёла былі пахаваны два пакаленні Хмараў…

Адам ахвяраваў Дубраўскаму касцёлу абраз Маці Божай (канец XVIII ст.), які проста неверагодным чынам быў выратаваны ад вывазу за мяжу, трапіў да мастака, рэстаўратара, калекцыянера і мецэната Ігара Сурмачэўскага і, як паведамляе майстар, пасля рэстаўрацыі будзе перададзены ў наш касцёл Святога Піо парафіі Святога Казіміра ў Маладзечне!» — заўважыла дзіўныя супадзенні ў гісторыі храма настаўніца. 

Руіны касцёла ў Дубраве і настаўніца Таццяна Шумель. Фота: «Звязда»

Пасля вызвольнага паўстання 1863 года касцёл быў адабраны ў каталікоў. У 1868 годзе яго перарабілі ў праваслаўную царкву Раства Багародзіцы.

З прыходам палякаў у 1919 годзе касцёл у Дубраве быў вернуты каталікам. Да яго рэстаўрацыі прыступілі ў 1926 годзе, працэс заняў каля 4 гадоў.

Касцёл быў закрыты камуністамі ў 1948 годзе і з тае пары выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах. Як расказваюць мясцовыя жыхары, у 1980-я студэнты, што прыехалі на бульбу, вырашылі развесці на яго даху вогнішча. Пачаўся пажар, скляпенні абваліліся. Храм застаўся без даху і вокнаў, а ўнутры храм зарос дрэвамі, якія ніхто не высякае. 

Яшчэ адзін цікавы факт пра вёску — дбаннем мясцовых людзей усе вуліцы тут носяць беларускія і мясцовыя назвы — Кастуся Каліноўскага, Скарыны, Максіма Танка, Бенедыкта Дыбоўскага (гэты навуковец нарадзіўся побач на хутары Адамарын), Дзявочая Горка.

Перабудаваны пад царкву касцёл на здымку пачатку XX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

З пытаннем, якім чынам помнік архітэктуры трапіў у гэты спіс, настаўніца Таццяна Шумель звярнулася да мясцовых уладаў, якія мусяць ахоўваць гісторыка-культурную спадчыну.

У райвыканкаме ён растлумачылі, што Дубраўскі касцёл, нягледзячы на багатую гісторыю, не ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а значыць, нічым не адрозніваецца па статусе ад кароўніка, які ішоў пад знос паводле таго ж пераліку.

Неабходнасць знішчэння помніка гісторыі і турыстычнай славутасці жанчыне патлумачылі небяспекай для дзяцей і турыстаў.

Стан сцен касцёла. Фота: Наша Ніва

Сёння касцёл стаіць без даху і дзвярэй, замкнуць яго нельга. Калі б руіны абваліліся на кагосьці, у мясцовых чыноўнікаў былі б праблемы. Раённыя ўлады пастаянна ездзяць па вёсках, глядзяць усе будынкі, якія знаходзяцца ў дрэнным стане, каб вырашыць іх лёс. Вырашаюць, звычайна, у бок зносу.

Падаваць руіны на атрыманне ахоўнага статусу мясцовыя ўлады, якія надзеленыя на гэта правам, таксама не вельмі хацелі — гэта яшчэ большая адказнасць. Дый прыватныя асобы з такой прапановай не звярталіся.

Але паколькі гэта быў храм, то Ганне Фурс, старшыні Аляхновіцкага сельсавета, на тэрыторыі якога ён знаходзіўся, усё ж даручылі знайсці гаспадара, які б захацеў узяць сабе на баланс руіны. Мясцовы ксёндз Павел Шылак палічыў, што ягоная маленькая парафія не пацягне такі вялікі будынак у аварыйным стане. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія двойчы праігнаравала лісты з сельсавета. 

Бакавы фасад касцёла. Фота: Wikimedia Commons

Прэс-сакратар архідыяцэзіі Юрый Санько, з якім звязаліся журналісты газеты, толькі выказаў шкадаванне, што шукаць гаспадара трэба было раней, а сёння касцёльныя ўлады наўрад ці возьмуцца за гэты будынак.

«Мы не супраць кансервацыі руін, захавання спадчыны для нашчадкаў. Але пытанне ўпіраецца ў грошы. Таму што справа кансервавання таксама няпростая: гэта і абследаванне тэхнічнага стану, і праектная дакументацыя. Сёння шмат аб'ектаў рэспубліканскага маштабу, якія мы павінны аднаўляць…» — патлумачыў пазіцыю Санько. 

Праз Дубраву праходзяць і пілігрымы, якія ідуць на фэст у Будслаў. Каля касцёла яны заўсёды спыняюцца, адпачываюць. Папулярны аб’ект і сярод турыстаў. Акрамя таго тут здымалі фільм па рамане Караткевіча «Чорны замак Альшанскі».

Магіла ксяндза, кроў якога пралілася восенню 1942 года. Фота: Наша Ніва

Мясцовая верніца Аліна Шыдлоўская кажа, што ўсе парафіяне за храм гарой: 

«Гэта ж святыня наша. Чуткі, што рэшткі касцёла збіраюцца зносіць, ходзяць ужо даўно. Як можна іх руйнаваць? Пад гэтым касцёлам людзі пахаваныя, побач — магілы двух ксяндзоў. Я так скажу: пакуль ёсць гэты помнік архітэктуры, дык і вёска наша цікавая».

У Міністэрстве культуры цікаўнасць мясцовай настаўніцы да Дубраўскага касцёла нарэшце зразумелі. Аказалася, што яшчэ ў лістападзе мінулага года супрацоўнікі ведамства падымалі гэтае пытанне ў час нарады з чыноўнікамі вобласці. Яны звярнулі ўвагу мясцовых уладаў, што касцёл, які ўключаны ў турыстычны маршрут Міншчыны, нельга зносіць, што патрэбна рыхтаваць дакументы на наданне яму статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, бо аб'ект сапраўды знакавы.

«Але нейкіх канкрэтных дзеянняў за два месяцы мы не ўбачылі. Прыйшлося рэагаваць больш настойліва, браць ініцыятыву ў свае рукі», — адзначыў кансультант упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Генадзь Ходар.

У пачатку студзеня 2024 года супрацоўнікі міністэрства накіравалі на адрас Мінаблвыканкама і Маладзечанскага райвыканкама ліст з просьбай забяспечыць захаванне рэшткаў касцёла, а таксама цягам двух месяцаў падрыхтаваць з прыцягненнем спецыялістаў музеяў і навуковых арганізацый прапанову аб наданні ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

На прамую просьбу, а хутчэй, загад з Мінска ўсё ж адрэагавалі. Прапанова была хутка падрыхтаваная і ўжо ў красавіку разгледжаная Мінскім абласным саветам па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны.

А затым накіравана ў Беларускую рэспубліканскую навукова-метадычную раду па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.

Калоны касцёла яшчэ высяцца сярод хмызу. Фота: Наша Ніва

Пытанне аб наданні статусу каштоўнасці рэшткам касцёла ў вёсцы Дубрава разглядалася на пасяджэнні 15 мая. У Радзе таксама знайшліся тыя, хто не бачыў прычын браць руіны пад ахову.

«Дапусцім, руінам касцёла будзе нададзены статус. А што далей?» — прагучала перад галасаваннем.

Супрацоўнікам міністэрства давялося даказваць, што дастаткова закансерваваць руіны, што дастаткова праграмы супрацьаварыйных работ, якія не патрабуюць значных расходаў. 

«Трэба адыходзіць ад шаблонных падыходаў. Любыя старыя закінутыя будынкі з гісторыяй можна адаптаваць. Яны даюць нам магчымасць жыць у больш разнастайным асяроддзі», — заступіўся за руіны рэстаўратар Зміцер Савельеў, які прапанаваў нават канцэпцыю прыстасавання былога храма.

Урэшце сябры Рады аднагалосна прагаласавалі за наданне рэшткам касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі ахоўнага статусу. Аб’ект са спісу на знос у адзін момант стаў каштоўнасцю, якую трэба берагчы — быццам гэта было незразумела тым, хто такі спіс складаў. 

«Калі б Рада адхіліла прапанову, сказала «не», хутчэй за ўсё, руіны касцёла рана ці позна насамрэч знеслі б, і мы б пазбавіліся сапраўднай культурнай каштоўнасці, якую нельга ацаніць ніякімі грашыма», — патлумачыў пасля пасяджэння Генадзь Ходар. 

Узяцце пад ахову выглядае вельмі складанай працэдурай, але, паводле словаў Генадзя Ходара, прапанову аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці можа падрыхтаваць любы зацікаўлены. У гэтым можа дапамагчы памятка, якая знаходзіцца на сайце Міністэрства культуры.

Таксама можна параіць пільней сачыць за такімі спісамі аб’ектаў на знос у сваіх раёнах і гарадах і своечасова паведамляць у Міністэрства культуры, калі туды трапляе нейкі відавочна каштоўны аб’ект.

Каментары12

  • Хмара
    21.05.2024
    Малайчына!
  • Ігрэк
    21.05.2024
    Усе будынкі, старэйшыя за хрушчоўкі, павінны аўтаматычна станавіцца гісторвка-культурнымі каштоўнасьцямі.
  • Дзякуй вялікі беларусам у Беларусі
    21.05.2024
    Дзякуй беларусам, якія намагаюцца захаваць нашу гістарычную спадчыну для нашых нашчадкаў.

Гарачы вечар у Варшаве — мінскае «Дынама» не вытрымала націску «Легіі». Але самае цікавае адбывалася на трыбунах ФОТАРЭПАРТАЖ5

СпортДАДАЛІСЯ НОВЫЯ ФОТА5

Гарачы вечар у Варшаве — мінскае «Дынама» не вытрымала націску «Легіі». Але самае цікавае адбывалася на трыбунах ФОТАРЭПАРТАЖ

Усе навіны →
Усе навіны

На Пуэрта-Рыка правялі рэферэндум і прагаласавалі за ўваход у склад ЗША

Блогерка наракае на дэфіцыт хлопцаў у Гродне16

Медыцынскую тэхніку заходняй вытворчасці Беларусь замяняе на кітайскую і турэцкую1

Лукашэнка заявіў пра подзвіг Трампа і пажадаў Амерыцы «зноў стаць вялікай»10

Калі Украіна захавае суверэнітэт узамен за нейтральнасць, што гэта будзе значыць для Беларусі?13

У Мінску адкрылі новы вялікі басейн, пабудаваны кітайцамі2

Сацыялагічны аналіз: хто падтрымаў Трампа, а хто — Харыс19

І «Масад», і Ватыкан сачылі за ПВК «Вагнер» і атачэннем Пуціна1

Трамп: «Госпад выратаваў маё жыццё не проста так!» «Гэта будзе залаты век для Амерыкі» ВІДЭА24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гарачы вечар у Варшаве — мінскае «Дынама» не вытрымала націску «Легіі». Але самае цікавае адбывалася на трыбунах ФОТАРЭПАРТАЖ5

СпортДАДАЛІСЯ НОВЫЯ ФОТА5

Гарачы вечар у Варшаве — мінскае «Дынама» не вытрымала націску «Легіі». Але самае цікавае адбывалася на трыбунах ФОТАРЭПАРТАЖ

Галоўнае
Усе навіны →