Справа СПБ – пытанне прынцыпаў. Заклікаю беларускую інтэлігенцыю быць побач з Анжалікай Борыс, Тарэсай Собаль, Пачобутам. Піша Андрэй Дынько.
Справа СПБ — пытанне прынцыпаў. Заклікаю беларускую інтэлігенцыю быць побач з Анжалікай Борыс, Тарэсай Собаль, Пачобутам. Піша Андрэй Дынько.
У 2006 годзе Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін і «Наша Ніва» узнялі свой голас у абарону актывістаў польскай нацыянальнай меншасці. Калі дайшло да крымінальных справаў супраць усяго кіраўніцтва непрызнанага афіцыйнымі ўладамі Саюзу палякаў, калі лідэрцы палякаў Анжаліцы Борыс падкінулі на мяжы амфетамін, НН апублікавала каментар «Сёння мы ўсе палякі». Тыя крымінальныя справы ўрэшце замялі.
Спроба расправы над Тарэсай Собаль у Івенцы прымушае нас ізноў паўтарыць пастулаты, пра якія пісалі ў2006-м .
Справа СПБ і падобная, і не падобная да ранейшых разгонаў «незарэгістраваных арганізацый».
Прычым
мучаць якраз тых польскіх актывістаў, якія ведаюць беларускую мову, прызнаюць і любяць беларускую культуру, звязваюць сваю будучыню з незалежнай Беларуссю.Ніхто з іх не ставіць пытання пра адрыванне якіхсьці там тэрыторый ці ігнараванне беларускай культуры. Гаворка пра іншае: аўтаномію асобы, супольнасці, культуры ад дзяржавы.
Грамадзянам хочуць паказаць, што ўсе прэтэнзіі на такую аўтаномію будуць спыняцца й карацца. Для паказальнага пакарання выбраныя тыя, хто заведама ў меншасці, — польскія актывісты.
У адносінах з палякамі беларусы мелі ўсякага. Ваявалі, адбіваліся. Было спольшчанне, дзяржаўныя імперыялістычныя памкненні і правінцыйная шавіністычная фанабэрыя, якую мы дагэтуль назіраем у дзеяннях некаторых ксяндзоў на Гарадзеншчыне. Гэта не павінна засланяць ад нас сутнасці справы Собаль. Ідзе гаворка пра абарону слабейшага, права бяспраўнага, асновы стаўлення да нацыянальных і іншых меншасцяў у Беларусі. Выпрабоўваецца не толькі замацаваны ў канстытуцыі прынцып дэмакратыі, свабоды асацыяцыі (яго не раз бралі пад ногі разам з іншымі канстытуцыйнымі асновамі, нам не прывыкаць), але іншы фундаментальны прынцып Рэспублікі — роўнай для грамадзянаў усіх нацыянальнасцяў.
Так, як Собаль, безабаронныя ўсе мы.
Цяпер у Беларусі апраўдальных прысудаў выносіцца меней за долю працэнта. Прымяненне закону зрабілася выбарачным. Закон распаўсюджваецца не на ўсіх і абараняе не ўсіх. Адной асобе, адным суб’ектам гаспадарання дазволена жыць па законе, а другім — няўгодным асобам, меншасцям ці няўгодным СМІ — толькі па адвольна вызначаных паняціях, прыкрытых фігавым лістком «дзяржаўнай неабходнасці» ці «адносінаў суб’ектаў гаспадарання». Жыццё дзяржавы па паняціях падрывае дзяржаўную сістэму, расколвае грамадства з сярэдзіны. Вось чаму змагары за справядлівасць для Собаль, для СПБ змагаюцца таксама за моцную Беларусь.
Нацыянальныя меншасці павінны мець права дзейнічаць без дзяржаўнага кантролю, кантактаваць, з кім хочуць, і ўладжваць свае справы, як хочуць. У такім дазваленні будзе сіла нацыі.Стратэгіяй умацавання грамадства павінна стаць інтэграцыя, а не сегрэгацыя. У адваротным выпадку Беларусь ніколі не выйдзе з моўных, культурных і рэлігійных расколаў, пасеяных у эпоху каланіяльнае залежнасці.
Калісьці ў справе Дрэйфуса ў абарону французскага габрэя рашыўся выступіць Эміль Заля. Гэта дазволіла абараніць нявіннага.
Справа Собаль сёння, як учора была справа Борыс, — пытанне выбару прынцыпаў для будучае Беларусі.Сярод дэмаралізацыі, намаганнямі волі сярод бяссілля яны закладаюцца, і стануць запатрабаваныя праз нейкі час, каб дзейнічаць пасля доўга.
Абвінавачванні супраць польскіх актывістаў — гэта яшчэ зняволенне хлуснёю.
Моўчкі выконваюць заведама незаконныя загады інспектары ДАІ і супрацоўнікі КДБ.
На жаль, памоўкваюць палітыкі — баяцца пераступіць праз забабоны мінулага, пабойваюцца, што іх палічаць прапольскімі, калі яны пачнуць занадта гаварыць пра польскую меншасць.
Хачу нагадаць ім пра Махатму Гандзі, які ішоў да недатыкальных і ганарыўся тым.
Разумеем, што ні «Літаратура і мастацтва», ні БТ не знойдуць спосабу выказаць салідарнасць з палякамі, з сумленнымі, чыстымі жанчынымі, якіх звінававачваюць у крымінале.
Абавязак ачышчэння нацыянальнае душы ад грэху ляжыць на тых дзеячах культуры, грамадскіх дзеячах, якія захавалі здольнасць да дзеяння і смеласць супрацоўнічаць з незалежнымі СМІ.Так, нашы галасы мала хто лічыць і важыць. Істотна, што яны гучаць. Мусім гаварыць пра злачынствы савецкага шавінізму, нават калі наш голас чуюць пакуль толькі некалькі дзесяткаў тысячаў суайчыннікаў. Пакуль хоць адзін чалавек гаворыць аб праўдзе, нічога не страчана.
Заклікаю беларускую інтэлігенцыю быць побач з Анжалікай Борыс, Тарэсай Собаль, Пачобутам. Бачу ў тым абавязак інтэлігента і грамадзяніна.
Каментары