Кароль беларускага поп-арту Уладзімір Цэслер заняўся аптычным мастацтвам.
Уладзімір Цэслер, кароль беларускага поп-арту, звёў глянцаваную літару «п» са сваіх штандараў і цяпер займаецца чорна-белым аптычным мастацтвам, оп-артам. Гэта накірунак, пашыраны ў сярэдзіне ХХ ст., які выкарыстоўвае аптычныя ілюзіі, што грунтуюцца на асаблівасцях прымання розных геаметрычных і лінейных фігур. Аднак Цэслер ідзе далей: за стракаценнем геаметрычна вывераных палосаў, наслаеннем фігур з’яўляецца воку гледача іншая прастора.
Гледзячы на манументальныя чорна-белыя плакаты цэслераўскай серыі «Вектарная тэхналогія» наведнікі прызнаюцца, што ў іх часта баляць вочы і нават падступае млосць.
«Мастацтва выратуе свет ад прыгажосці, — адпрэчвае закіды сам Уладзімір Цэслер. — Для таго і зроблены мае працы, каб нешта балела, муляла. Калі ўсё прыгожанька, дык тую карціну наведнікі выставы паглядзяць і пойдуць сабе. А тут я сваімі працамі спрабую прымусіць задумацца: каб з’явілася жаданне уперыў вочы: абгледзеў і убачыў нешта сваё».
Паводле куратаркі праекту, мастацтвазнаўцы Тацяны Бембель, вектарныя кампазіцыі Цэслера — адлюстраванне «адважнага новага света», штучна створанай чалавекам прыроды: урбаністычных пейзажаў, тыповым офісных інтэр’ераў.
«Уладзімір Цеслер — наш лоцман па вектарнай прасторы, — кажа мастацтвазнаўца Тацяна Бембель. — Прасторы гэтыя трохі дзіўнаватыя, але пашыраюць нашую свядомасць, бо дазваляюць сустрэцца твар да твару, не адварочваючыся, са структурай новага свету, а таксама яе асэнсаваць».
Выстава «Вектарная прастора», якая ідзе гэтымі днямі ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасці 37а), працягнецца да 6 лютага.
Каментары