У памочніка Лукашэнкі па агульных пытаннях знайшлі тры кватэры ў Мінску
Інфармацыю пра маёмасць памочніка Лукашэнкі Мікалая Латышонка разведала «Люстэрка».
Мікалай Латышонак быў прызначаны памочнікам Лукашэнкі ў агульных пытаннях яшчэ ў 2018 годзе. Па стане на сярэдзіну 2021 года чыноўнік, па звестках Belpol, быў прапісаны ў інтэрнаце Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі на Магілёўскай, 39 у Мінску.
Аднак пры гэтым ва ўласнасці Латышонка ёсць тры кватэры ў беларускай сталіцы. Гэта двухпакаёвая кватэра плошчай 56,5 «квадратаў» на Варанянскага, 50. Цагляны дом палепшанай планіроўкі быў пабудаваны ў 1998 годзе. У гэтай кватэры прапісаныя жонка і дачка Латышонка.
Яшчэ адна кватэра памочніка Лукашэнкі размяшчаецца ў самым цэнтры Менска — у доме на Чырвонаармейскай, 22а на беразе Свіслачы. Ацаніць кошт гэтай двухпакаёвай кватэры плошчай 86,4 «квадрата» не ўдалося. Аднак прадпрыемства «Дыпсэрвіс» паведамляе, што здае ў гэтым доме шыкоўныя ўладкаваныя кватэры, якія падыдуць для кіраўнікоў і супрацоўнікаў дыппрадстаўніцтваў, міжнародных арганізацый, консульскіх устаноў, замежных і сумесных прадпрыемстваў. Дом знаходзіцца на закрытай тэрыторыі пад аховай з кругласутачнай дыспетчарскай.
Трэцяя кватэра Латышонка — трохпакаёвыя апартаменты плошчай 75,8 «квадрата» — размяшчаецца ў доме №19 па вуліцы Тышкевічаў у раёне метро «Міхалова». Панэльны дом здалі ў 2014 годзе. Аднапакаёўка на 40 «квадратаў « са сціплым рамонтам тут прадаецца за 59 900 даляраў.
Таксама на Мікалая Латышонка зарэгістраваны аўтамабіль Mazda 6 2014 года выпуску. У жонкі і дачкі нерухомасці і транспарту ў сярэдзіне 2021 года не было.
Латышонак вядомы тым, што пасля заканчэння аднаго з маршаў 30 жніўня 2020 года выйшаў пагаварыць з пратэстоўцамі каля Палаца Незалежнасці. Ён спрабаваў пераканаць людзей, што «большасць у Беларусі за Лукашэнку», а інфармацыю пра катаванні на Акрэсціна ён назваў «памножанай на 100 мінімум».
Каментары