Знакаміты трэнер крытыкуе курсы самаабароны і кажа, як абараніцца ад гвалту на вуліцы
Віталь Рак — вядомы беларускі трэнер па каратэ, кіраўнік клуба «Волат», які цяпер працуе ў Польшчы. Пасля згвалтавання і забойства беларускі Лізы ў Варшаве Рак выклаў відэа з развагамі пра тое, як можна сябе абараніць ад нападу на вуліцы. Спартовец упэўнены — курсы па самаабароне тут нічым не дапамогуць.
Віталь расказвае, што пасля нападу на Лізу ў яго клуб звяртаецца шмат жанчын з просьбай арганізаваць заняткі па самаабароне. Таксама, кажа ён, у сацсетках цяпер шмат аб’яў, дзе абяцаюць за 5-10 заняткаў навучыць самаабароне.
Але, на думку трэнера, не ўсе разумеюць сутнасць самаабароны:
«5-15 заняткаў не хопіць, каб сфарміраваць належныя навыкі. Таксама для любой актыўнасці, звязанай з супрацьдзеяннем людзям, трэба база з фізічных якасцяў — каардынацыя, моц, трываласць, і яна фарміруецца за годы трэніровак. Тады гэта ўжо не курсы, а паўнавартасны падрыхтоўчы працэс, які патрабуе выдаткаваць высілкі, час і грошы.
Сёння шмат каму з людзей больш падабаецца паслухаць шарлатана, які абяцае хутка навучыць самаабароне, і схадзіць на дзесяць вясёлых заняткаў, чым гадамі пацець у зале тройчы на тыдзень».
Трэнер згадвае відэа з трэніровак па самаабароне, дзе людзей вучылі адбівацца ад нападніка з нажом пакетам грэчкі. Пры такой сітуацыі, кажа ён, алгарытм паводзінаў зусім іншы, а хтосьці пройдзе такі курс, будзе лічыць, што пакетам грэчкі можна эфектыўна абараніцца ад нажа, і можа нават паспрабаваць гэта зрабіць.
Былі выпадкі, расказвае Віталь, калі ахвяры вулічных нападаў губляліся і забывалі выкарыстаць зброю супраць злачынцы, нават прафесійныя спартоўцы часам прайграюць у рэальных паядынках. Калі сітуацыя стрэсавая, дапамогуць толькі тыя веды, якія замацаваныя на падсвядомым узроўні, сапраўдныя навыкі.
З іншага боку, кажа Віталь, не абавязкова валодаць адзінаборствам, каб даць рады злачынцу: «90% поспеху — гэта псіхалагічная стабільнасць пры нападзе, хуткі аператыўны аналіз сітуацыі і прыняцце правільных рашэнняў, для гэтага ўсяго адзінаборствы не абавязковыя.
Але сістэмныя заняткі любым адзінаборствам пры наяўнасці добрага трэнера і методык трэніровак робяць псіхіку больш гнуткай і стабільнай ва ўмовах канфлікту.
Граюць ролю і асабістыя даныя чалавека, на якога напалі, бо калі чалавек разгубіўся і тармазіць, яму не дапамогуць ні адзінаборствы, ні зброя. А развагі, якое адзінаборства лепшае — гэта поўнае глупства».
Нават падрыхтоўка ў адзінаборствах не заўсёды дапаможа супраць грубай фізічнай сілы, тым больш што нападаюць тады, калі злачынец упэўнены ў перавазе. Вынік вулічнага паядынку залежыць і ад абставінаў: напрыклад, злачынец можа мець зброю або ля чалавека, які абараняецца, можа знайсціся падручны сродак самаабароны, бутэлька.
Што насамрэч дапаможа абараніцца? Трэнер раіць проста не хадзіць па вуліцы ў цёмны час сутак і ў цёмных месцах, а калі гэтага не пазбегнуць, быць уважлівым і гатовым у любы момант збегчы ад небяспекі:
«Той навык, які ў нас у кожнага ёсць ад прыроды — гэта здольнасць збегчы. Калі нападаюць на жанчыну, яна не можа фізічна супрацьстаяць мужчыне, але для яе рэальна збегчы ад яго — зрабіць рывок і выбегчы на асветленае месца, паклікаць на дапамогу».
Акрамя гэтага, можна даць рады нападніку, калі маеш пэўныя сродкі абароны — Віталь кажа, што ўсім даступныя электрашокер і газавы балончык, з іх дапамогай можна дэзарыентаваць злачынца на пэўны час, за які вы паспееце паклікаць на дапамогу.
Каб псіхічна падрыхтавацца да нападу, кажа трэнер, важна разумець: любы сучасны еўрапейскі горад — гэта небяспечнае месца, у любым соцыуме ёсць неадэкваты, якія могуць атакаваць. З гэтым разуменнем трэба жыць, а лепш рыхтавацца да нападу. Але гэта не дзесяць урокаў самаабароны, а складаны сістэмны працэс.
Віталь называе інфантыльнай думку пра тое, што можна забыць пра бяспеку, бо вулічны гвалт у прынцыпе недапушчальны: «Можна і льву ў джунглях крыкнуць перад смерцю, што ён не мае права вас есці, але гэта не дапаможа».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЧытайце таксама:
Сведкі распавялі, чаму не выклікалі паліцыю падчас згвалтавання беларускі ў Варшаве
Каментары