Вагонаважатая ў Мінску прысабечыла грошы пасажыркі: закрыўшы адзежай відэакамеру
Аднойчы пасажыр перадаў кімсьці забытую ў салоне жаночую сумку. Спыніўшыся на святлафоры, вагонаважатая агледзела сумку — у ёй ляжалі дакументы, грошы, банкаўскія і зніжкавыя карты.
На канцавым прыпынку яна зняла з сябе куртку, прыкрыла ёю камеру відэаназірання і выкрала з чужой сумкі 100 рублёў. Пасля нячыстая на руку кіроўца аднесла забытую рэч дыспетчару, пішуць Мінск-навіны.
Аказалася, сумку ў трамваі пакінула мінчанка. Прыехаўшы на дыспетчарскую станцыю, яна ў прысутнасці работнікаў парку праверыла змесціва сумкі і выявіла прапажу грошай. Аб крадзяжы жанчына заявіла ў міліцыю.
Высветлілася, што кіроўца раней да крымінальнай адказнасці не прыцягвалася, але патлумачыла крадзеж цяжкім фінансавым становішчам.
Ёй выстаўленае абвінавачванне ў крадзяжы (ч.1 арт. 205 КК), санкцыя артыкула прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі. Віну жанчына цалкам прызнала, у зробленым раскаялася, шкоду кампенсавала.
Каментары