Культура

«Калі ў кінатэатры стаяць чэргі, ні ў каго не будзе пытання, ці ёсць беларускае кіно, ці няма»

Бабруец Максім Буйніцкі атрымаў адукацыю кінарэжысёра ў Кіеве. Пасля вярнуўся ў Бабруйск, каб зняць кіно пра родны горад, але ўжо неўзабаве зноў быў вымушаны пакінуць радзіму. Цяпер Максім жыве ў Варшаве, дзе застаўся пасля навучальнай праграмы для беларусаў Film Bridge Belarus. Максім марыць аднойчы ўсё ж зняць стужку пра Бабруйск, магчыма, экранізацыю апавяданняў Эфраіма Севелы. Выданне «1387» пагутарыла з ім пра навучанне і жыццё ў Польшчы, сучаснае беларускае кіно і імавернае вяртанне дамоў.

Калі аператар папрасіў пасядзець на месцы героя, каб выставіць кадр. Фота: асабісты архіў Максіма Буйніцкага

«У Польшчы зняў першыя два фільмы пасля многіх гадоў перапынку»

— Максім, дзе ты цяпер знаходзішся і чым займаешся?

— Я ў Польшчы, у Варшаве. Калі скончылася праграма для беларускіх кінематаграфістаў Film Bridge Belarus, апошні этап якой праходзіў у Гдыні, я вырашаў, куды мне далей падацца.

Выглядала на тое, што ў Беларусь вяртацца небяспечна. Тады я пачаў шукаць жытло ў Варшаве. Патэлефанаваў па першым нумары, які мне трапіўся. Гаспадыня кватэры запыталася, чым я займаюся. Я адказаў, што я — рэжысёр. «А я акторка», — сказала яна. Што было праўдай. Так я з першай спробы зняў пакой.

Легалізаваўся ў Польшчы. Цяпер спрабую ўладкавацца ў прафесіі. Каб зарабіць грошы, напрыклад, працаваў памочнікам рэжысёра на польскім серыяле «Rolnicy. Podlasie» — «Фермеры. Падляшша», запаўняў мантажныя лісты. Падчас здымак пабываў практычна ля беларускай мяжы. А там жа жывуць нашыя аўтахтонныя беларусы. У іх вельмі цікавая гаворка — недзе бліжэй да беларускай мовы, недзе — да ўкраінскай, часам здаецца, што гэта расейская з моцным акцэнтам. Яны гэта ўсё называюць «размаўляем по-своему». Мне было добра працаваць, як сярод сваіх.

— Раскажы пра свае фільмы, якія ты зняў за гэты час, пасля ад’езду з Беларусі.

— Я зняў два фільмы ў 2022 годзе, а летась, у 2023-м, паказваў іх. Яны сталі першымі за шмат гадоў — у мяне быў вялікі перапынак, калі я нічога не здымаў. Адзін з іх — дакументальны фільм «Беларускі працэс» — паказалі на польскіх тэлеканалах. Цяпер ён даступны на youtube. Другі фільм — «Дзённік Анастасіі» — пра беларускую мастачку Анастасію Рыдлеўскую і яе жыццё ў эміграцыі. Гэтая стужка нядаўна атрымала дзве адзнакі на фестывалях.

Яшчэ я зняў гульнявую сцэну пра спатканне беларуса і ўкраінкі падчас вайны. Згодна з канцэпцыяй праграмы Film Bridge Belarus, гэтая навучальная сцэна-кінапроба распачынае працу над фільмам, якую далей рэжысёр працягвае самастойна. Я напісаў сцэнар да гэтага фільму, хаджу па пітчынгах, каб знайсці прадзюсара. Пабываў ужо на чатырох. Напрыклад, быў на пітчынгу ў такім фармаце, як «хуткія спатканні з прадзюсарамі», калі ў цябе ёсць тры хвіліны, каб падсесці за столік да прадзюсара і расказаць, што ты хочаш здымаць і чаму гэта важна, карацей, зацікавіць. Далей праз тры хвіліны да яго падсаджваецца іншы кандыдат. І такіх на старце каля 100 чалавек.

Напэўна, самым сур’ёзным быў пітчынг Асацыяцыі польскіх кінематаграфістаў. Там мне сказалі, што мой кароткаметражны сцэнар няшмат дадае да сцэны, што лепей развіць яго ў поўны метр, і я гэта сам адчуваю. Напэўна, гэтая кінапроба атрымалася вельмі глыбокай, яна сама па сабе расказвае гісторыю.

«Я ўявіў — а што калі сёння я іду на спатканне з дзяўчынай-украінкай?»

— А пра што гэтая сцэна? Можаш расказаць падрабязней?

— Герой сцэны — беларус, гераіня — украінка. Яны прыйшлі на спатканне пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Гэтая гісторыя грунтуецца на тым, што зараз адбываецца ў Варшаве, дзе пасялілася вельмі шмат украінцаў і беларусаў. Здараюцца паміж намі розныя гісторыі — жыццесцвярджальныя, вясёлыя ці больш драматычныя, складаюцца пары.

Ідэя нарадзілася пасля ўварвання Расіі ва Украіну. Я ўявіў — а што, калі б у мяне на сёння было прызначана спатканне з дзяўчынай-украінкай? Гэты сюжэт ідзе з жыцця і яго трэба расказаць. Пакуль я не бяруся казаць, будзе гэта поўнаметражны фільм ці не, але ў тым ці іншым выглядзе я б хацеў яго дацягнуць. Хочацца раскрыць лёс герояў, іхнія характары, расказаць пра абедзве краіны. Буду яшчэ складаць заяўку і спадзявацца, што гэты праект атрымаецца.

— Што паспрыяла здымкам пасля шматгадовага перапынку? Натхненне, неабходнасць зарабляць?

— Гэта абсалютна канкрэтна звязана з праграмай Film Bridge Belarus. У рамках навучання трэба было здымаць. Гэтая праграма была створаная польскімі кінематаграфістамі са Школы Вайды і Гдыньскай кінашколы як выраз салідарнасці з беларусамі пасля 2020 года.

Я нарэшце атрымаў магчымасць рэалізаваць свае ідэі, а патрэбна для гэтага няшмат. Калісьці ва ўніверсітэце я зняў два фільмы на стужцы. Гэта дарагая, складаная тэхналогія. А цяпер лічбавыя тэхналогіі дазваляюць здымаць кіно адносна невялікім коштам. Тут патрэбны толькі пункт апоры, каб штосьці зрабіць, якім і стала для мяне гэтая праграма. Яна часткова праходзіла дыстанцыйна. Спачатку было ўступнае заданне-«чэлендж», мы мусілі зняць эцюд за пару дзён у свабодным стылі на тэму «Ёсць рызыка — ёсць забава».

Я зняў эцюд у Бабруйску, у тым ліку на плошчы Леніна, рызыкуючы, што мяне «прымуць» супрацоўнікі міліцыі падчас гэтых здымак. Хачу падзякаваць сябрам за дапамогу ў здымках. Па выніках былі адабраныя ўдзельнікі курсу і пачаліся анлайн-заняткі.

Наступным этапам была паездка ў Польшчу — на два месяцы ў Варшаву і яшчэ на два — у Гдыню, каб зняць адпаведна гульнявую частку і дакументальную. Я прыехаў у Польшчу 15 лютага 2022 года, а 24 лютага пачалася расейска-ўкраінская вайна. Гэта змяніла ўсе абставіны.

«Трэба было тлумачыць, што беларускі курс не азначае падтрымку краіны-агрэсара»

— Што змянілася?

— Па-першае, стаўленне да беларускага курсу. Тое, што пачалося як жэст салідарнасці, аказалася нязручным, бо трэба было тлумачыць, што беларускі курс не азначае падтрымку краіны-агрэсара. З таго часу гэта ўвогуле трэба паўсюль тлумачыць. Калі я атрымаў заданне ехаць у Гдыню і зняць дакументальны фільм, я напісаў у суполку ў фэйсбуку, якая аб’ядноўвае жыхароў Гдыні, што я — рэжысёр з Беларусі, збіраюся прыехаць, зняць дакументальную стужку, запытаўся, мо ў іх здарылася нейкая цікавая гісторыя, якая магла б стаць сюжэтам для фільму.

У адказ я прачытаў шмат «цікавага» пра сябе. Некаторыя забілі трывогу — людцы, гэта што ж такое, прыедзе хлопец з Беларусі і будзе здымаць, а ў нас тут, між іншым, вайсковыя аб’екты! І ўсё ў такім духу. Я тады ледзь адбіўся, хоць і тлумачыў, што ў мяне толькі творчыя мэты, але зразумення не знайшоў. Свет змяніўся.

І гэта скіравала да іншых гісторый, якія можна і трэба здымаць падчас вайны.

На прэм’еры фільма «Дзённік Анастасіі». Фота: асабісты архіў Максіма Буйніцкага

У суседнім Гданьску я «па наводцы» каардынатаркі курсу знайшоў нашу суайчынніцу — Анастасію Рыдлеўскую, зорку арт-сцэны, і зняў дакументальны фільм пра яе. Ён атрымаў спецыяльную згадку беларускага конкурсу на кінафестывалі «Паўночнае ззянне», а таксама прыз за найлепшы дакументальны фільм на кінафестывалі Kautik у Індыі.

На «Паўночным ззянні» таксама адбыўся анлайн-паказ, фільм маглі пабачыць гледачы ва ўсім свеце, а галоўнае — у Беларусі. Гэта мой першы дакументальны фільм, і гэта фенаменальны досвед для мяне. Бо перад табой не актор, які грае ролю, а чалавек, які ўпускае цябе ў сваё жыццё. Я раней не здымаў дакументальнае кіно, таму дзейнічаў бессаромным чынам — улез у сямейнае жыццё гераіні фільму. Але ў выніку атрымалася вельмі шчырая і прыгожая гісторыя.

— А ці атрымалася зняць у Беларусі штосьці, акрамя вучэбнага эцюду?

— Толькі трансляцыю ў фэйсбук з бабруйскай плошчы Леніна падчас мітынгу «недармаедаў» у 2017 годзе і «Кадр на 7 дзён арышту», як я яго назваў, у 2020 годзе — калі я на вуліцы ўключыў тэлефон, зняў некалькі секунд цемры і тут жа мяне «прынялі» — я нават не заўважыў, як да мяне падбеглі міліцыянты. Сур’ёзнага я нічога не зняў у Беларусі.

Я вучыўся ва Украіне і там здымаў украінскае кіно. Майстар, рэжысёр Міхаіл Ільенка, нам казаў: калі вы ва Украіне, па-першае, размаўляйце па-ўкраінску, па-другое — мы, для нас, пра сябе — такое было крэда ягонай майстэрні. Гэта значыць, што тут робім кіно мы, а не запрошаныя замежныя зоркі, шчыра распавядаем пра нашу рэчаіснасць, каб гледачы пайшлі ў кінатэатры на сваё, нацыянальнае кіно. Таму гэта былі ўкраінскія фільмы. Канешне, я закладаў у іх свой досвед, але хтосьці яго адчытваў, а хтосьці — не. Таму толькі цяпер у Польшчы я здолеў расказаць штосьці непасрэдна пра Беларусь.

«Дзіўна здымаць кіно пра Беларусь у Польшчы з героямі, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь»

— Раскажы пра фільм «Беларускі працэс». Ты хацеў зняць штосьці пра нашыя падзеі 2020 года?

— Гэты фільм зроблены насуперак усім правілам кінавытворчасці. Калі пасля заканчэння праграмы я прыехаў у Варшаву, да мяне звярнуліся знаёмыя, даволі выпадкова, і запыталіся, ці не было б мне цікава зрабіць фільм на тэму ўніверсальнай юрысдыкцыі. Працоўная назва фільму гучала як «Механізм універсальнай юрысдыкцыі ў дзеянні». Занадта складана, здавалася б, але тым і цікава.

Універсальная юрысдыкцыя — гэта прынцып, паводле якога за некаторыя катэгорыі злачынстваў, як у дадзеным выпадку — катаванні, злачынцу можна прыцягнуць да адказнасці ў любой краіне, не абавязкова ў той, дзе злачынства было здзейснена. Маёй задачай было зрабіць пераклад з юрыдычнай мовы на чалавечую. Здымаў у вельмі хуткім тэмпе і называў сябе тады «выканаўца абавязкаў кінастудыі», бо ў мяне было шмат функцыяў, акрамя сцэнарыста і рэжысёра.

Гэта быў той яшчэ чэлендж. Але фільм атрымаўся, хоць я, магчыма, уяўляў яго крыху інакш. Я ўдзячны за магчымасць зняць гэты фільм, бо такое адчуванне, што гэта тое, што я мусіў сказаць. Дзіўна, што праз гады пасля навучання ў Кіеве, у Польшчы, з героямі, якія мусілі пакінуць Беларусь ты здымаеш кіно пра Беларусь, пра сваю краіну. Але гэта тым больш дае табе адчуванне, што гэты фільм неабходна было зняць.

На здымках фільма «Беларускі працэс». Фота: асабісты архіў Максіма Буйніцкага

— Што ты сказаў у гэтым фільме?

— Стужка адказвае на пытанне «Што рабіць?». Расказвае пра малыя справы, якія людзі пасля свайго жахлівага досведу спрабуюць рабіць. Менавіта ў гэтым адказ, хоць кагосьці ён можа не задаволіць. Што яшчэ важна — героі расказалі свае гісторыі адкрыта. Так, у фільме шмат «гаворачых галоваў», героі шмат гавораць і нібыта нічога не адбываецца. Але практычна гэта паказанні па крымінальнай справе — тое, што яны расказалі.

Разам з тым аповед не пратакольны, а вельмі жывы. За чым заўсёды цікава сачыць у кіно? За тварам чалавека, абліччам, вачыма, як ён рэагуе на штосьці. І гэта тут атрымалася, бо людзі не пабаяліся расказаць сваю гісторыю ад першай асобы.

Фільм складаецца з трох частак: вяртанне да 2020 года, аповед да сённяшняга дня і выснова, куды ісці далей.

Яшчэ ў нас быў польскі герой. Студэнт Варшаўскага ўніверсітэта, які вывучаў Усходнюю Еўропу. Ён трапіў у Менск у час пратэстаў. Гэта таксама погляд на нас збоку, што вельмі цікава — перайсці на іншы бок і паглядзець адтуль на сябе, сваю краіну.

Асабліва важна паказваць гэты фільм тым, хто пра Беларусь нічога не ведае, кажа, як гэта магло быць, такія катаванні — ці не перабольшанне? Хоць, напэўна, не ўсе захочуць глядзець дакументальнае кіно, тым больш пра такія траўматычныя падзеі. Гэта патрабуе ад гледача пэўнага высілку. І, у прынцыпе аўдыторыя ў дакументальнага кіно меншая, чым у мастацкага. Але я шчаслівы, што адкрыў яго для сябе.

Ці існуе беларускае кіно?

— Так, даводзілася чуць меркаванні, што яшчэ занадта мала часу прайшло, каб здымаць кіно пра тыя падзеі, тым больш, мы дагэтуль у іх жывем. Некаторыя кажуць, што не могуць глядзець фільмы на гэтую тэму, бо балюча. Што ты думаеш пра гэта?

— Я не пагаджуся, што занадта рана. Няма такой умовы, што мусіць прайсці нейкі час. Пакуль ёсць магчымасць, трэба здымаць. Але пакуль, відавочна, мастацкае кіно пра 2020 год прайграе дакументальнаму. Бо сілу факта можна перабіць мастацкім вобразам, які не мусіць дубляваць рэчаіснасць.

Мастацкі фільм фармуе ўласны сусвет. Ён, хоць можа не адпавядаць некаторым фактам зусім дакладна, мусіць быць праўдзівым. Альбо атрымаецца стварыць жыццё на экране, альбо не. І калі не, мастацкае кіно будзе саступаць па сіле дакументальнаму, якое прынамсі сумленна зафіксавала пэўныя моманты.

Калі я здымаў гульнявую сцэну, я запытаўся ва ўкраінскай акторкі, ці можам мы цяпер пра гэта здымаць — пра вайну, калі там рэальна падаюць бомбы на горад, а мы тут робім пра гэта кіно. Яна сказала, што гэта вельмі балюча, але разам з тым яна пагадзілася на здымкі. І я не думаю, што трэба чакаць, пакуль раны загояцца.

— Як ты лічыш, ці дастаткова ўжо знята, расказана, паказана? Што б ты дадаў яшчэ пра 2020 год і далейшыя падзеі?

— Ну вось я нашуся са сваёй гісторыяй спаткання беларуса і ўкраінкі. Яна расказвае пра наступны этап — калі было дазволена рабіць злачынствы супраць уласнага народа, то далей дазволілі рабіць іх супраць суседняга народа.

— Цяпер часта вядуцца дыскусіі, ці існуе ўвогуле беларускае кіно. Як ты лічыш?

— Гэта дэжавю для мяне — такую ж спрэчку я некалі пачуў ва Украіне, калі прыехаў туды вучыцца — ці ёсць украінскае кіно? Цяпер, канешне, ужо ніхто не скажа, што няма, бо за апошнія гады ва Украіне здолелі сфармаваць новую нацыянальную кінематаграфію, якая выжывае нават падчас вайны. Нам тое самае трэба рабіць.

Максім Буйніцкі. Фота: Максім Буйніцкі/Facebook

Агулам, здаецца, як можна задаваць такое пытанне, калі ёсць жа фільмы, знятыя беларусамі, якія атрымалі найлепшыя водгукі на фестывалях. Але гаворка пра тое, каб беларускае кіно глядзелі ў Беларусі, каб яно займела ўласную аўдыторыю, і каб глядач, які даўно махнуў на яго рукой, зноў пайшоў у кінатэатр ці ўключыў тэлевізар і глядзеў сваё кіно. Задача — каб сустрэліся нацыянальнае кіно і яго глядач. Калі ў кінатэатры стаяць чэргі, або ўсе абмяркоўваюць, што будзе ў наступнай серыі, ні ў каго не будзе пытання, ці ёсць кіно, ці няма.

«Тыя, хто здымае па-за ідэалагічнымі рамкамі, ужо не ў Беларусі»

— Як вырашыць гэтую задачу — каб сустрэліся нацыянальнае кіно і глядач?

— Патрэбная свабода выказвання. Напрыклад, Украіна, што б ні было, свабодная краіна, і там гэтае выказванне было магчымым. Польскае кіно на ўсіх гістарычных этапах сумленна расказвала пра сваю краіну, нават у часы сацыялістычнай цэнзуры. Калі немагчыма ў прынцыпе пра штосьці расказаць, ці прапануецца нейкі ідэалагічны шаблон, інакш кіно не будзе знятае, тады мы не раскажам пра нас і для нас. Тады пытанне, ці ёсць беларускае кіно, можа гучаць дзесяцігоддзямі.

Другая рэч, акрамя свабоды выказвання — сродкі. Ва Украіне была заснаваная сістэма адкрытых пітчынгаў Дзяржкіно, былі адкрытыя конкурсы, на якіх размяркоўвалася фінансаванне. Так мусіць дзейнічаць кіно як індустрыя, а не як асабісты ўчынак аднаго кіношніка, які аддаў гэтаму гады жыцця і ўласныя сродкі.

— Напэўна, свабода выказвання ўжо ёсць у тых кінематаграфістаў, што выехалі з Беларусі. Застаецца пытанне сродкаў.

— Беларускія кінематаграфісты за мяжой цяпер спрабуюць аб’ядноўвацца. Была заснаваная незалежная кінаакадэмія, адбыўся першы з’езд незалежных кінематаграфістаў у Варшаве ў жніўні 2023 года. Быў створаны аргкамітэт аб’яднання Belarusian filmmakers’ network. Я гэта ўспрымаю як правобраз Нацыянальнага інстытута кінамастацтва — арганізацыі, адказнай за кінагаліну ўвогуле і за размеркаванне сродкаў у прыватнасці.

Але складанасць тут у тым, што мы засталіся без глебы пад нагамі. Украінскія кінематаграфісты нават у часы вайны маюць сваю краіну. У нас жа адбыўся падзел на тых, хто здымае ў Беларусі і за мяжой. Большасць тых, хто спрабуе штосьці рабіць на больш-менш сур’ёзным узроўні і па-за ідэалагічнымі рамкамі, ужо знаходзяцца за мяжой. А тыя, хто ў Беларусі — дакладна ведаюць правілы гульні і рысы, за якія нельга заходзіць, тэмы, пра якія нельга расказваць.

Аднак я не магу сказаць, што да канца свабодныя і тыя, хто здымаюць беларускае кіно па-за межамі Беларусі, бо заўсёды прысутная пэўная палітычная кан’юнктура. Эмігранцкаму кіно цяжэй яшчэ і таму, што калі ты прыходзіш шукаць сродкі на фільм, адно з першых пытанняў — які бюджэт вы ўжо маеце са свайго боку. Мы адказваем — ад Міністэрства культуры, інстытуцый, неяк звязаных з дзяржавай, нічога не маем. Добра, адказваюць нам, бо калі б мелі, мы з вамі і размаўляць бы не сталі, як з прадстаўнікамі краіны-суагрэсара.

Аднак гэта значыць, што трэба прасіць 100% фінансавання за мяжой, а столькі звычайна не даюць, хоць могуць быць выключэнні. Звычайна ж ты павінен ужо мець пэўны адсотак бюджэту фільму, які прадстаўляеш на пітчынгу.

Застаецца пошук прыватных сродкаў. Канешне, у першую чаргу ты расказваеш ідэю, гісторыю, але ад практычнага фінансавага складніка таксама нікуды не дзенешся. І ніхто не будзе клапаціцца пра нашую нацыянальную кінематаграфію, калі мы пра яе не паклапоцімся.

«Складаная задача — здымаць Беларусь не ў Беларусі»

— А як нам пра яе клапаціцца?

— Па-першае, аб’яднанне. Бо за мяжой замест прывітання спачатку трэба патлумачыць, што ты не падтрымліваеш рэжым, агрэсіўную вайну супраць Украіны і толькі потым расказваць пра фільм. Дзеля гэтага патрэбнае аб’яднанне, каб данесці нашу пазіцыю, каб табе не адмовілі толькі праз грамадзянства Беларусі. І гэта праблема не толькі кінематаграфіі цяпер.

Яшчэ трэба аб’ядноўвацца, каб былі творчыя сувязі, каб дзейнічалі беларускія прадакшн-студыі, якія могуць зняць фільм за межамі краіны. Калі здымаць Беларусь не ў Беларусі, кіно можа аказацца кардонным, таму што патрабуе вельмі дакладнай рэканструкцыі прасторы — горада, вёскі, каб гэта ўсё выглядала, як Беларусь. Альбо глядач проста не паверыць. Гэта складаная задача, але выканальная, калі ты здымаеш гісторыю ў межах аднаго пакоя, ці калі распавядаеш пра эміграцыю.

Ну і каб было з чым у выпадку магчымасці вяртацца. Назбіраць нейкі багаж досведу, не згубіць майстэрства. Таму любыя спробы аб’яднання — гэта добра.

— Еўрапейскія фонды, інстытуцыі неяк падтрымліваюць беларускае незалежнае кіно?

— Вытворчасць фільмаў — гэта дорага ў параўнанні з тэатрам, музыкай, літаратурай. Цяпер, калі пытанне проста ў тым, каб захаваць мову, або беларускія выдавецтвы, або магчымасць выступаць для беларускіх музыкаў, кіно выглядае складанаарганізаваным і затратным працэсам, таму фінансуецца ў другую чаргу. Таму вядзецца размова пра фармаванне незалежных кінаінстытуцый, якія маглі б асобна прэтэндаваць на нейкія сродкі.

А яшчэ пытанне пра гледача, ці захоча ён пайсці на беларускае кіно. Ці верне кіно тыя сродкі, якія пайшлі на ягоную вытворчасць і якім чынам? У кінапракаце, не толькі ў кінатэатры, але таксама на vod-платформе, напрыклад.

У прынцыпе складана вярнуць бюджэт беларускага фільма нават выкарыстоўваючы ўсе магчымасці нацыянальнага кінапракату. Чым даражэйшы фільм, тым шырэйшага пракату ён патрабуе, і не ў адной краіне. Усе ведаюць галівудскія фільмы, якія паспяхова пракатваюцца і фармуюць моду, ідэалы, думкі па ўсім свеце. Але гэта не азначае, што ў беларускіх фільмаў няма шанцаў.

«Мы, для нас, пра сябе»

— Кіраўнік Свабоднага беларускага тэатру Мікалай Халезін нядаўна задаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку пытанне беларусам: якое беларускае кіно вы хацелі б паглядзець? Жанр, тэматыка. Што б ты адказаў? Якое кіно сёння трэба здымаць і што табе асабіста хацелася б глядзець?

— Я падобных пытанняў наслухаўся на першым з’ездзе беларускіх незалежных кінематаграфістаў. Яны вельмі абстрактныя. Для мяне асабіста цяпер пытанне, ці я ўвогуле яшчэ штосьці здыму. Ці беларускае кіно ў эміграцыі магчымае, або кінематаграфісты асімілююцца гады праз тры пасля выезду і знойдуць сябе ў польскай або агулам еўрапейскай кінаіндустрыі, якая добра сябе пачувае. Стаіць пытанне выжывання. Ці патрэбная нам нейкая сістэма, або гэта мусіць быць партызанскае кіно. Але ці заўсёды партызанам будзе хапаць іхных гарачых сэрцаў, палымяных ідэяў і зараджанасці на тое, каб прабіцца да гледача са сваім мастацтвам?

Таму чарговае разважанне на тэму, што вам падабаецца…. Лічу, што нам патрэбнае кіно паводле той формулы майго ўкраінскага майстра: мы, для нас, пра сябе.

Як памочнік рэжысёра на здымках серыялу «Фермеры. Падляшша». Фота: асабісты архіў Максіма Буйніцкага

— Ты сумуеш па Бабруйску? Хацеў бы вярнуцца?

— У мяне ў Польшчы хоць трошкі атрымліваецца здымаць, і я б хацеў працягваць. У Бабруйску такой магчымасці не было. Аднак у Бабруйску я правёў большую частку свайго жыцця, ён стаў часткай мяне. А мы заўсёды ўкладаем частку сябе ў тое, што робім, таму Бабруйск, канешне, прысутнічае ў маіх працах. Канешне, я б хацеў калісьці вярнуцца. Хоць Бабруйск быў для мяне вельмі розным — там былі і найлепшыя бестурботныя гады ў дзяцінстве, і самыя змрочныя, пра якія мой сябар казаў, што ты калі з’едзеш нарэшце з бацькоўскага дому, дык толькі хіба ў СІЗА.

Але ў мяне зноў пытанне — што мусіць адбыцца, каб я змог вярнуцца ў Бабруйск, што я магу зрабіць дзеля таго, каб гэтае пытанне не заставалася такім абстрактным? І што я мог бы зрабіць потым у Бабруйску?

Кіно пра Бабруйск — экранізацыя «Легендаў Інваліднай вуліцы»

— А не было спробаў штосьці зняць у Бабруйску, калі ты быў тут?

— Пакуль я быў у Бабруйску, дыстанцыйна супрацоўнічаў з калегамі з Украіны, Польшчы, Расеі, і менш за ўсё з Беларусі. Мяне як бы не было там. На з’ездзе беларускіх незалежных кінематаграфістаў пра мяне сказалі: гэты хлопец з Украіны. Таму я кажу — я ні там, ні тут. Але я заўсёды спрабаваў штосьці зрабіць у Беларусі.

Быў такі анекдатычны выпадак. Неяк сяброўка мамінай сяброўкі, асоба ўплывовая, пагутарыла пра мяне з некім на «Беларусьфільме», пераканала, што ім трэба мяне паслухаць. Мяне запрасілі, я падрыхтаваў рэзюмэ, прынёс свае фільмы на дыску. Мяне слухаюць, слухаюць, а потым пытаюцца — а адкуль вы знаёмыя з гэтай жанчынай — сяброўкай мамінай сяброўкі, — якая папрасіла за вас? Больш іх нічога не цікавіла, толькі хто мяне прыслаў, чый я.

Потым яшчэ я дасылаў туды заяўку на экранізацыю твору Эфраіма Севелы «Чаму няма раю на зямлі». Гэта адна з навелаў «Легендаў Інваліднай вуліцы», якую ён пазней развіў у аповесць. Я нават папрасіў ва ўдавы Эфраіма Севелы папярэдні дазвол, каб напісаць гэтую заяўку. Але ад заяўкі на «Беларусьфільме» проста адмахнуліся, напісалі, што праект патрабуе вялікага бюджэту. Хоць не было яшчэ сцэнару, каб падлічыць бюджэт. Бо калі няма вялікага, зробім і за меншы. Але яны проста адмахнуліся.

Вось такой атрымалася мая спроба вярнуцца ў Бабруйск і зняць фільм пра родны горад. А я лічу, што гэта быў бы іміджавы праект для нацыянальнай кінастудыі. Севела распавядаў пра Бабруйск «на экспарт», як пра ўмоўнае габрэйскае мястэчка недзе ва Усходняй Еўропе, каб больш чытачоў пазналі ў ягоных аповесцях сябе, свае гарады.

Я хацеў у гэтай экранізацыі вярнуць Бабруйску яго канкрэтны вобраз і расказаць пра абарваных ідэалістаў, якія намагаюцца зрабіць свет лепшым паміж савецкім і нацысцкім таталітарызмам — гэта таксама мой адказ на пытанне, якое кіно нам патрэбнае.

«Калі мы не здымем, нашую тэрыторыю выкарыстаюць для чужой гісторыі»

— У Бабруйску апошнім часам здымаюць шмат фільмаў, пераважна гістарычных. Аднак кіно менавіта пра Бабруйск прыгадаць не магу.

— Так. Бабруйск у тых стужках, што тут здымаюць, выступае толькі як дэкарацыя. Напрыклад, фільм пра халакост «Урокі фарсі», што ў нас здымаўся, — ён жа пра Бабруйск нічога не апавядае. Таму нам трэба ствараць сваё. Калі мы не здымем, то прыйдуць прадстаўнікі вялікай кінаіндустрыі і выкарыстаюць нашую тэрыторыю для чужой гісторыі. Але ў нас ёсць свая — навошта нам чужая?

Я не ўпэўнены, што мы калісьці вернемся, але калі надыдзе гэты момант, трэба быць гатовымі да яго. Таму трэба захоўваць беларускасць нават за мяжой, і я перакананы, што гэта магчыма. Кожнаму цяпер варта памятаць, дзеля чаго яго занесла невядома куды і дзеля чаго ён гатовы вярнуцца. Тады можна спадзявацца, што калісьці ў нас усё складзецца і атрымаецца, і мы вернемся і зробім штосьці карыснае на радзіме. Як кажуць — што ты гатовы зрабіць для радзімы? Нават памерці. Але ці гатовы ты жыць дзеля радзімы? Гэта, мо, і складаней будзе.

Я разумею, што ў мяне няма нічога, акрамя некалькіх фільмаў, што я не пабудаваў дом, не нарадзіў сына, і што там яшчэ? Бо я хачу рабіць кіно. Гэта мой ключ да рэчаіснасці. Таму я апынуўся ў Кіеве, потым у Лодзі, потым у Гдыні, і цяпер у Варшаве. Бо хацеў рабіць кіно.

Цяпер для мяне важна не забывацца, навошта я гэта ўсё рабіў і раблю, трымаць перад сабой свае мэты, каб не загубіцца ў палях Падляшша, напрыклад. Я трымаю ў думках свой будучы фільм і паўтараю словы выкладчыка са Школы Вайды: «сталае ў маім жыцці толькі тое, што часовае».

Так і ў мяне — я заўсёды ні там, ні тут. Для ўкраінцаў я беларус, для беларусаў — украінец, для палякаў — нехта з усходу. Але ў кожнага з нас свая гісторыя, і ўсе яны складаюцца разам у супольнасць.

Каментары

Арыштаваны спявак Дзядзя Ваня

Арыштаваны спявак Дзядзя Ваня

Усе навіны →
Усе навіны

Масква паказала амерыканца, які шпіёніў ва Украіне ў інтарэсах расійскай арміі3

Валярына Кустава пра былога мужа: Калі скласці афіцыйныя пералікі ад яго на дзіця, то атрымаецца каля $1 на дзень45

У пойму Заходняй Бярэзіны перасялілі больш за 30 тарпанаў. У іх будзе важная задача4

Лукашэнка прапанаваў расіянам картэльную змову па каліі6

За найпапулярнейшым рускамоўным медыя Варшавы стаяць беларусы57

Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў у «Белнафтахім» і на «Беларуськалій»1

КДБ прызнаў экстрэмісцкім фармаваннем кааліцыю дваровых чатаў2

Праз моцны вецер у больш як 200 населеных пунктах былі праблемы са святлом

Сквер у цэнтры Мінска аблюбавалі бабры, яны ўпарта грызуць дрэвы1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны спявак Дзядзя Ваня

Арыштаваны спявак Дзядзя Ваня

Галоўнае
Усе навіны →