Вайна33

Гібель А-50: як УСУ маглі знішчыць расійскі лятаючы радар?

Гібель самалёта А-50 і меркаванае пашкоджанне Іл-22м стануць адной з самых буйных аднамомантавых страт расійскай авіяцыі ў вайне з Украінай. Расіі не хапае такіх самалётаў і яна іх больш не выпускае. Акрамя таго, на борце А-50 маглі быць дасведчаныя спецыялісты, падрыхтаваць якіх няпроста, піша Руская служба Бі-бі-сі.

Пра знішчэнне А-50 увечары 14 студзеня напісалі спачатку ўкраінскія, а затым і расійскія блогеры, а раніцай 15-га пра гэта афіцыйна паведаміў галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны.

Пры гэтым украінскі военачальнік у сваім паведамленні напісаў, што Іл-22м быў таксама знішчаны, хоць пасля ў сеціве з'явіўся здымак самалёта пасля пасадкі ў аэрапорце Анапы. Той факт, што экіпаж Іл-22м змог пасадзіць яго, нягледзячы на моцныя пашкоджанні, пацвердзіў і прэс-сакратар Паветраных сілаў УСУ Юрый Ігнат.

Такім чынам, інфармацыя пра знішчэнне А-50 паходзіць ад афіцыйных украінскіх крыніц і неафіцыйна — ад расійскіх каментатараў, некаторыя з якіх маюць дачыненне да вайсковай авіяцыі.

Расійскае Мінабароны далёка не заўсёды прызнае страты, а калі прызнае, то робіць гэта праз нейкі час. Аднак, улічваючы той факт, што фатаграфія другога самалёта неўзабаве апынулася ў сеціве, можна меркаваць, што калі б у каго-небудзь былі доказы таго, што А-50 прызямліўся, то пра гэта было б ужо вядома.

Хто страляў?

Якім чынам быў знішчаны адзін самалёт і пашкоджаны другі, дакладна невядома. Па адной з версій, якая цыркулявала ў расійскіх сацсетках, Іл-22м мог быць падбіты агнём расійскай СПА, якая абараняе Керчанскі мост. Між тым Валерый Залужны, як і афіцыйны тэлеграм-канал Паветраных сілаў УСУ, называюць гэта «спецаперацыяй у Прыазоўі».

Калі гэта сапраўды праўда і абодва самалёты былі падбітыя ўкраінцамі, то ўсё адно невядомым застаецца спосаб гэтага.

А-50 на авіясалоне МАКС

Мяркуючы па словах Юрыя Ігната, галоўнай цэллю УСУ быў A-50, а Іл-22м «трапіў пад раздачу». Магчыма, гэтым тлумачыцца тое, што ён не быў збіты.

Залужны апублікаваў анімаваную карту з траекторыямі палётаў самалётаў у гэтым раёне. Згодна з картай, самалёты дзяжурылі ў паўночна-заходняй частцы мора ў раёне Прыморска.

Паводле інфармацыі выдання «Суспільне», Іл-22м знаходзіўся ў раёне Стралковага ў Херсонскай вобласці, А-50 — у раёне Кірылаўкі ў Запарожжы. Абодва раёны знаходзяцца прыблізна за 130-140 кіламетраў ад Керчанскага моста і прыблізна за 160 кіламетраў ад лініі фронту.

Расійскія ЗРК далёкага радыусу, такія як С-400, маглі б паразіць цэль на такой адлегласці ад моста, але выказаць здагадку, што аператары зблыталі Іл-22м — і асабліва А-50 — з украінскімі самалётамі, складана.

У тым выпадку, калі гэта сапраўды была аперацыя УСУ, усё адно застаецца невядомым сродак, выкарыстаны для паражэння самалётаў.

Як збілі?

Адразу ж пасля таго, як інфармацыя пра паражэнне двух самалётаў і верагодную гібель аднаго з іх з'явілася ў сеціве, асноўнай версіяй, якую сталі абмяркоўваць украінскія каментатары, быў зенітна-ракетны комплекс Patriot.

Усяго УСУ мае тры батарэі Patriot. Аднак, як лічылася да гэтага часу, ва Украіне гэтыя комплексы выкарыстоўваюць ракеты сямейства PAC-3, паколькі яны лепш спраўляюцца з балістычнымі ракетамі, уключаючы «Кінжал». Аднак радыус дзеяння гэтай ракеты складае ўсяго 40 кіламетраў, а вышыня — 20.

PAC-2 — больш далёкая ракета, якая можа перахопліваць паветраныя цэлі на вышыні да 25 кіламетраў і на адлегласці да 160.

Астатнія наземныя комплексы заходняй альбо савецкай вытворчасці не змаглі б дастаць самалёт на такой адлегласці — далёкасць іх дзеяння меншая, чым адлегласць да лініі фронту. Між тым і для ЗРК Patriot з ракетай PAC-2 такая далёкасць — амаль гранічная. Таму ў любым выпадку ЗРК прыйшлося б размяшчаць паблізу лініі фронту, падвяргаючы каштоўны комплекс небяспецы.

Праўда, ва Украіне засталіся старыя савецкія ЗРК С-200, якія былі знятыя з узбраення больш за 10 гадоў таму. УСУ прыстасавала іх для стральбы па наземных цэлях.

Калі б украінцам удалося аднавіць баяздольнасць такіх ракет для ўдараў па паветраных цэлях, то іх далёкасць — да 600 кіламетраў — дазволіла б паразіць самалёты над Азоўскім морам з глыбокага тылу. Пры гэтым А-50 — не вельмі складаная цэль нават для такіх састарэлых ракет, ён даволі вялікі і не вельмі манеўраны.

Яшчэ адна версія, якую выказвалі некаторыя каментатары — у тым, што Паветраныя сілы УСУ маглі выкарыстоўваць знішчальнікі з авіяцыйнымі ракетамі далёкага радыусу. Аднак для знішчальнікаў МіГ-29 і Су-27 УСУ такіх ракет не мае, а амерыканскія F-16 Украіна дагэтуль не атрымала.

Акрамя таго, палёты знішчальнікаў было б практычна немагчыма схаваць ад самога А-50, а сігнатура F-16 павінна быць добра вядомая расейцам — гэтыя самалёты нават прыляталі на расійскі авіясалон у Жукоўскім. Таму ў выпадку, калі б украінцы вырашылі таемна выкарыстаць такія знішчальнікі, пра гэта, хутчэй за ўсё, пасля ўдару паведамілі б яны ці расейцы.

Расійскія тэлеграм-каналы апублікавалі фатаграфію самалёта Іл-22м пасля пасадкі, на якой відаць, што ў хваставой частцы мноства даволі буйных прабоін. Яны больш падобныя на пашкоджанні ад паражальных элементаў вялікай зенітнай ракеты наземнага комплексу. Авіяцыйная ракета, хутчэй за ўсё, не змагла б нанесці такія страты.

Тактыка

Якую тактыку выкарыстоўвалі Паветраныя сілы УСУ для таго, каб перахапіць расійскія самалёты, невядома, але ёсць набор вядомых абставін, які мог спрыяць поспеху.

УСУ выкарыстоўвае інфармацыю з самалётаў-разведчыкаў краін НАТА, якія адсочваюць актыўнасць у паветранай прасторы на тэрыторыі Крыма і поўдня Расіі.

Іл-22м, як заявіў Юрый Ігнат, быў другаcнай цэллю (на здымку — Іл-22, альбо адна з ваенных мадыфікацый Іл-18). Фота: Getty Image

Адсачыць з'яўленне ў паветры такіх самалётаў, як А-50 або Іл-22, нескладана. Па-першае, гэта вельмі вялікія самалёты, якія добра відаць на экранах радараў. Па-другое, А-50 выкарыстоўвае радар (радыётэхнічны комплекс «Шмель») — круглая «талерка» над фюзеляжам. Гэты радар з'яўляецца крыніцай радыёсігналу і добра бачны на вялікай адлегласці.

Такія самалёты звычайна не лётаюць паблізу лініі фронту менавіта таму, што яны з'яўляюцца вельмі важнай цэллю для праціўніка. Аднак прымяненне А-50 і Іл-22м, верагодна, было даволі шаблонным. Гэта значыць, магчыма, яны лёталі па адным маршруце, патрулявалі ў адных і тых жа раёнах. Не выключана, што гэтыя палёты яны здзяйснялі ў прывязцы да якіх-небудзь падзей — напрыклад, падчас абстрэлаў Украіны крылатымі ракетамі і дронамі. У такой сітуацыі яны маглі б адсочваць актыўнасць украінскай СПА.

Шаблоннасць дзеянняў можа дазволіць праціўніку падрыхтаваць паветраную засаду — размясціць у пэўным месцы ЗРК або накіраваць знішчальнікі.

Наколькі важны А-50?

Пашкоджанні, атрыманыя Іл-22м, наўрад ці дазволяць гэтаму самалёту вярнуцца ў строй у найбліжэйшы час, а магчыма, ён і зусім будзе спісаны. Лёс А-50 застаецца невядомым, але, верагодна, ён таксама згублены, хутчэй за ўсё збіты. У адваротным выпадку ягоныя фатаграфіі таксама з'явіліся б у расійскіх сацсетках.

Гэта вельмі вялікая страта для расійскіх Ваенна-паветраных сілаў, паколькі такіх самалётаў у Расіі не так шмат. Па-першае, баявую каштоўнасць маюць не ўсе А-50, а толькі тыя, якія былі мадэрнізаваныя да ўзроўню А-50У. Базавыя A-50, хутчэй за ўсё, не прымяняюцца ў баявых дзеяннях.

Лічыцца, што ў лётным стане А-50У ў Расіі менш за дзесяць, хоць дакладных даных у адкрытым доступе няма. Згодна з даведнікам Military Balance 2022, перад пачаткам вайны ў Расіі было тры адзінкі А-50 і шэсць А-50У.

Пры гэтым лятаючыя радары дазваляюць адсочваць актыўнасць у паветры і на зямлі, паколькі, у адрозненне ад наземных лакатараў, «бачаць» значна больш з вышыні.

Акрамя таго, сучасныя радары здольныя добра выяўляць цэлі на зямлі, адрозніваючы іх ад перашкод — комплекс «Шмель» адрозніваецца менавіта гэтай уласцівасцю. Таму такія радары дазваляюць расійскаму камандаванню вывучаць размяшчэнне і схему працы ўкраінскай СПА — радараў, пускавых установак. Яны таксама дазваляюць адсочваць палёты ўкраінскай авіяцыі — пры наяўнасці ў паветры над Азоўскім морам А-50 здзейсніць вылет украінскім Су-24 з ракетамі Storm Shadow нашмат складаней, калі наогул магчыма.

А-50 таксама ўдзельнічае ў кіраванні паветраным боем, фактычна выступаючы як камандны пункт, ён каардынуе працу баявых самалётаў і верталётаў. Такі самалёт-камандны пункт забяспечвае дакладную карціну паветранай прасторы ў рэальным часе для каманднага цэнтра паветраных аперацый, без якой кіраваць боем вельмі складана.

У лістападзе 2022 года расійскі вайсковы эксперт Ілья Крамнік напісаў у сваім тэлеграм-канале, што, паводле ягоных падлікаў, расійскія ВКС маюць патрэбу прыкладна ў дваццаці А-50У, каб яны атрымалі паўнавартаснае суправаджэнне ДРЛА. Гэта прыкладна ў тры разы больш, чым ёсць цяпер — да 14 студзеня таго года ў Расіі было шэсць такіх самалётаў.

Падчас вайны адзін А-50 быў моцна пашкоджаны ў выніку дыверсіі. Гэта адбылося 26 лютага на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах у Беларусі. Самалёт быў адпраўлены ў Расію на рамонт. Пра ягоны стан нічога невядома, і ступень пашкоджанняў таксама няясная.

Чым займаўся Іл-22?

Роля Іл-22м у такой сітуацыі да канца не зразумелая. Ён мог быць тым самым камандным пунктам, з якога афіцэры расійскіх Ваенна-касмічных сілаў кіравалі дзеяннямі вайсковай авіяцыі. Але ён таксама мог працаваць як рэтранслятар, перадаючы сігнал у наземны штаб — гэтыя самалёты выкарыстоўваюцца таксама як рэтранслятары.

Па даных даведніка Military Balance 2022, у пачатку вайны ва Украіне ў Расіі было 12 самалётаў Іл-22м і 10 Іл-22 (больш старой мадыфікацыі). Адзін з іх быў збіты ў чэрвені 2023 года падчас бунту ПВК «Вагнер». Яшчэ адзін самалёт пацярпеў падчас баявых дзеянняў у выніку абстрэлу ўкраінскага ЗРК.

Расійская газета «Московский комсомолец» пісала ў кастрычніку 2022 года, што Іл-22 быў абстраляны ўкраінскай СПА і атрымаў пашкоджанні, але змог вярнуцца на базу. Пра ягоны далейшы лёс нічога не вядома. У 2018 годзе сірыйская СПА памылкова збіла расійскі самалёт-выведнік Іл-20, які таксама збудаваны на базе Іл-18.

Каментары3

  • Кусто
    16.01.2024
    А-50 не загінуў, ён ператварыўся ў эхалот і цяпер шукае крэйсер "масква".
  • Беларус
    16.01.2024
    Жыве Беларусь! Слава ЗСУ!
  • ББ
    16.01.2024
    ББ -- Бомж Беларусі.

    Не маю часу дачытаць, але дачытаю абавязкова. Пракруціў артыкул да канца і не пабачыў аніякага знаку пра аўтара. Вывад: страх такі, у аўтараў, што не могуць аніяк сябе абазначыць.

Вось закрытая статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць14

Вось закрытая статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Грузія адмаўляецца ад перамоў аб уступленні ў Еўрасаюз29

«Лукашэнку відавочна цесна і нецікава ў Беларусі». Амбіцыйныя прапановы на рытуальным саміце11

«Размаўляць па-беларуску — гэта стыль». Японец пераехаў у Сухарава і дапамагае рабіць беларускую мову моднай6

Беларус атрымаў прапанову ад польскай Google, але стаў беспрацоўным. Праз візавы скандал беларусам усё часцей адмаўляюць у візах6

Пара пенсіянераў замерзла ў лесе пад Асіповічамі3

Польскі суд адмовіў у экстрадыцыі беларускага актывіста Дзмітрыя Плескачова

Лукашэнка пахваліў «Арэшнік» і прапанаваў размясціць ракеты ў Беларусі12

Лукашэнка панаракаў, што Арменіі няма на саміце АДКБ

У Гомельскай вобласці прайшоў «свінацыд», у некаторых раёнах выжыла толькі кожная 20-я свіння2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось закрытая статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць14

Вось закрытая статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →