У Беларусі дазваляюць рэкламу алкаголю на тэлебачанні, але забараняюць рэкламу адукацыі і працы за мяжою
Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, якім уносяцца папраўкі ў заканадаўства аб рэкламе — закон аб зменах афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Закон змяшчае некаторыя паслабленні ў рэкламе. Так, павялічаны на гадзіну час для рэкламы піва, слабаалкагольных напіткаў, ігральных устаноў і азартных гульняў. Калі раней такія рэкламныя ролікі можна было трансляваць з 22 гадзіны, то цяпер з 21 гадзіны і, па-ранейшаму, да 7 гадзіны.
Закон цяпер дазваляе рэкламу алкаголю — у начны час, з 22 да 7 гадзіны.
Разам з гэтым уводзіцца забарона на размяшчэнне рэкламы аб працаўладкаванні і навучанні па-за межамі Беларусі. За адным выключэннем — такую рэкламу можна будзе пабачыць на сайтах арганізацый і ІП, якія займаюцца дзейнасцю, звязанай з працаўладкаваннем па-за межамі Беларусі і аказваюць паслугі на накіраванні на навучанне за межамі краіны.
З заўважнага таксама тое, што дакумент адмяняе забарону на размяшчэнне рэкламы на шкле цягнікоў метрапалітэна.
Большасць палажэнняў гэтага закона набудуць моц праз паўгода пасля афіцыйнага апублікавання.
Каментары