Кіраўніца «Вольнага хору»: Адзін з пунктаў для рэпетыцый быў побач з будынкам КДБ
Як зруйнаванае жыццё трэба прымусова будаваць у іншай краіне — Галіна Казіміроўская распавяла «Салідарнасці» пра эміграцыю і новую Беларусь.
— Быў такі смешны момант на допыце ў КДБ: яны спыталі, хто вас навучыў усім гэтым песням? Кажу: «Мне пачынаць з музычнай школы настаўнікаў называць?» — згадвае кіраўніца «Вольнага хору», кампазітарка і выкладчыца вакалу Галіна Казіміроўская.
Шматгадзінныя допыты пасля затрымання ў кастрычніку 2020 года яна дагэтуль памятае ўсе. Наогул усё, што адбываецца апошнія тры гады, Галіна перажывае з вялікім болем.
— Я ўсё чакала, калі яны зробяць «нявольны хор». Яны ж любяць рабіць такія прымітыўныя крокі ў адказ. Але, відаць, аказалася не так проста заахвоціць столькі людзей.
Хоры ў Беларусі ёсць, але іх сапраўды не выкарыстоўваюць для прапаганды ўнутры краіны. А вось на гастролі ў Расію ездзяць. І я не магу гэтага зразумець.
Ведаю некалькі чалавек, хто адмаўляўся, іх звальнялі. Астатнія вандруюць па фестывалях і конкурсах. І гэта тыя людзі, якія выходзілі на пратэсты. Яны кажуць, што без конкурсаў немагчыма, а ў Еўропу іх больш не паклічуць.
Так, не паклічуць. Гэта адказнасць за тое, што адбываецца. І мы павінны ўзяць гэтую адказнасць на сябе, не віну за вайну, а адказнасць.
Бо хочам мы ці не, Беларусь выкарыстоўваюць у вайне супраць Украіны. У Беларусь вывозяць украінскіх дзяцей.
Мы не можам легчы пад танкі, але мы не можам і адмовіцца ад адказнасці.
Зараз сапраўды ніхто ў Еўропе не запросіць на фестываль беларускія калектывы. У 2022 годзе ў Беластоку адбываўся фестываль духоўнай музыкі, і першы раз у ім не прымалі ўдзел хоры з Беларусі. Запрасілі толькі Concordia Choir, якую мы тут аднавілі, таму што яе забаранілі ў нашай краіне і ўнеслі ў чорныя спісы.
І наш калектыў, які цалкам знаходзіцца ў эміграцыі, палічылі магчымым запрасіць як прадстаўнікоў Беларусі. Мы занялі першае месца.
— Вы выступаеце і з «Вольным хорам», і аднавілі Concordia Choir.
— Яшчэ ў мяне ў Варшаве ёсць школа мастацтваў імя Міколы Равенскага, якую мы зрабілі для беларусаў, але, канешне, рады ўсім. Аднойчы, калі ў нас быў летнік, нам патэлефанавала жанчына, сказала, што яны беглі з Расіі, і спытала, ці могуць яе дзеці патрапіць у наш летнік?
Кажу, канешне, могуць. Яны прыйшлі са слязамі на вачах і расказалі, што іх проста выкідаюць адусюль. Іх нацыянальнасць стала як праклён.
Дарэчы, я лічу, што гэта вельмі няправільна. Калі б да ўсіх беларусаў ставіліся аднолькава, нам было б яшчэ горш.
Мне здаецца, што расіян, якія пакідаюць краіну, бо не жадаюць мець нічога агульнага з уладай, трэба падтрымліваць. А калі іх выганяюць адусюль, людзі вымушаны вяртацца, і гэта ўсе на карысць Пуціну.
У мяне ўвогуле падвойнае адчуванне да расійскай сітуацыі, таму што там сапраўды шмат хто жыве, быццам бы нічога не адбываецца.
Нейкім чынам гэта падобна на тое, што назіраецца і ў Беларусі, дзе таксама добрая частка людзей нічога не заўважае. Але ж мы не можам іх выкрасліць, не можам іх сцерці сціркай.
Нам з імі трэба будзе жыць і працаваць над тым, каб яны змяніліся. Часам гэта проста ахвяры неадукаванасці і прапаганды. Колькі зараз беларусаў, якія жывуць расійскім кантэкстам?
— Калі браць апытанні, якія праводзяць сёння, амаль палова беларусаў так ці інакш падтрымлівае расійскія наратывы.
— То-бок гэта мільёны людзей, вельмі падобных ментальна на расіян. Калі іх ненавідзець, можна перайсці тую тонкую грань і самім ператварыцца ў нелюдзяў. Але ж там далёка не ва ўсіх прынцыповая пазіцыя.
— А вы можаце для сябе вызначыць тую грань? Ці ёсць у вас хтосьці, з кім вы перасталі падтрымліваць адносіны пасля 2020 ці 2022 года?
— У маім коле няма такіх людзей. Мне не было з кім ірваць адносіны. Вось мой бацька падтрымлівае «рускі свет», жыве там з Салаўёвым. Але яму 80 гадоў. Гляджу на яго як на ахвяру.
Ці магу я адмовіцца ад бацькі? Бывае, закіпаю і проста пераходжу на крык, таму што не магу сабе ўцяміць, як ён суткамі лыжкай есць гэту кашу, якую яму ўпіхваюць у галаву. Недурны чалавек, але яно дзейнічае.
І там такі вінегрэт у галаве. І што мне з гэтым рабіць? Ненавідзець я яго не магу. І я махнула рукой, бо ён ужо сталы чалавек. Але калі мы кажам пра пакаленне тых, каму 40-50-60 гадоў, мне здаецца, з імі яшчэ можна працаваць.
Беларусь зараз падзелена. Мы ў эміграцыі, не буду казаць за ўсіх, толькі за сябе, жывем з абсалютным пачуццём нейкай віны і адказнасці за сваякоў і іншых людзей, якія засталіся ў краіне. Асабліва за тых, хто знаходзіцца ў турмах.
За тых, хто там застаўся і трывае гэты рэжым, і жыве ў страху кожны дзень. І ты тут робіш нешта, уяўляючы быццам гэтым набліжаеш час, каб вярнуцца дадому і ўсім аб'яднацца.
А калі паглядзець з іншага боку, што робяць яны, каб мы вярнуліся? Ці адчуваюць яны недахоп нас, людзей, якія з'ехалі, ці яны нас проста выплюнулі і забылі?
— А што там зараз можна рабіць, каб заставацца ў бяспецы?
— Зразумейце, я нікога не хачу абразіць, што ён, там, баязлівец. Можна супрацьстаяць у малым, напрыклад, са сваімі дзецьмі ў школах. Хаця б самім не засоўваць іх у той трэш, які адбываецца, уплываць хаця б на ўзроўні настаўніцы, не збіраць тыя ж грошы на тэлевізары.
Не ўдзельнічаць у гэтым падманным жыцці. Кожны на сваім месцы можа нейкім чынам не згубіць сувязі з Беларуссю, нават калі знаходзіцца ў ёй.
Я чалавек творчы, таму гляджу на ўсё па-першае з гэтага пункта гледжання. Працягваць пісаць беларускую музыку, нават запісваць ціхенька нейкія песні.
Напрыклад, у беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане я знайшла цэлы скарб беларускай музычнай спадчыны, якую да мяне 50 гадоў ніхто з музыкаў не чапаў.
І калі людзі даведаліся, да мяне сталі звяртацца з розных краін і прасілі дасылаць ноты, каб выконваць тыя беларускія песні. Таксама да мяне звярнуліся з некалькіх музычных устаноў Беларусі, з адной нават не выкладчыкі, а бацькі. Яны захацелі арганізаваць такі спеўны клуб, папрасілі даслаць ім ноты.
Яны не збіраюцца дзесьці выступаць, проста хочуць спяваць. Разумееце, калі збярэцца дзве-тры сям'і, чалавек дзесяць — гэта ўжо асяроддзе, у якім беларуская культура можа жыць маленькім агеньчыкам.
Такога можа быць шмат у розных праявах: не можаце спяваць, збірайцеся ў літаратурныя клубы, мастацкія.
Не давайце сябе ператварыць у маўклівых жывёлін ці дэпрэсіўных пачакуноў.
Не абавязкова гэта выносіць на публічную прастору — проста для таго, каб захаваць той агеньчык, нават у сваёй сям'і. Наша грамадства складаецца з такіх супольнасцяў.
І калі такіх жывых клетачак будзе больш, у нас рэальна будзе больш шанцаў аднавіць нашу краіну.
Бо перад тым, як мы будзем працаваць з той паловай насельніцтва, якая нас не разумее, нам трэба не згубіць гэтую, якая можа адрозніць чорнае ад белага.
— Як вы ставіцеся да таго, што зараз Беларусь запаланілі на ўсіх узроўнях расійскія «зоркі», і беларусы кажуць, што яны вымушаны хадзіць на тыя канцэрты ды святы, бо больш няма куды, больш няма дзе расслабіцца?
— У 2020 годзе ў нас з'явілася шмат тых, хто прызнаўся, што прачнуўся. Такія абуджаныя беларусы. Але ў іх яшчэ не ўкаранілася, не ўладкавалася гэтая беларускасць. Так, было класна выйсці разам з усімі на вуліцы, і яны насамрэч хацелі перамен.
Але глыбокіх каранёў у іх гэта яшчэ не дало. Таму гэтыя людзі як абудзіліся, так і заснулі ізноў, і пайшлі на расійскі канцэрт, і заплацілі за гэта грошы.
Для мяне гэта ўсё роўна, што аплочваць вайну. Але гэта таксама нашы людзі, з якімі трэба працаваць. Гэта глеба, у якую трэба саджаць і саджаць беларускае зерне, якое будзе прарастаць.
— А як тое зерне саджаць?
— Шмат для каго прычына ў невалоданні інфармацыяй, хтосьці проста жыве з заплюшчанымі вачыма. Ім трэба распавесці на зразумелым для іх узроўні.
Тэлебачанне — гэта інструмент, які на шмат каго ўплывае. Зараз яно працуе на мордар. А калі ў нас будзе магчымасць зрабіць наадварот, зрабіць антыпрапаганду?
Так заўсёды было, кожнае грамадства складаецца з розных пластоў. Ёсць тыя, хто ўплывае на ход жыцця, і тыя, хто падпарадкоўваецца. То-бок адказнасць за тое, куды павесці гэты карабель, на тых, хто разумее.
Не тое, што я стаўлюся да людзей, як да статку — куды загадаеш, туды і пойдуць — проста трэба навучыць людзей думаць, каб яны самі зрабілі выбар.
З дзяцінства яны ходзяць у школу, дзе кажуць толькі рабі, а не думай, дзе не ведаюць, што такое асоба, маё меркаванне, мой погляд. Шмат хто ў сваім жыцці не бачыў нічога апроч той жудаснай школы, нецвярозага бацькі і незадаволенай маці.
Таму растлумачыць усё немагчыма будзе па пстрычцы. Трэба будзе пачынаць з дзіцячага садка, затым пачатковай школы.
Разумею, што праца нас чакае вялікая, уся краіна павінна стаць на перазагрузку. І гэта не будзе хутка, нельга будзе вырашыць так — прыйсці і ўсіх звольніць.
Павінны адбыцца працэсы ва ўсіх напрамках: замена падручнікаў, метадалогіі, курсы па павышэнні кваліфікацыі тых, хто здольны іх прайсці і захоча. Разумею, што не ўсе пойдуць за прагрэсіўнай ідэяй, бо гэта цяжка.
Абавязкова будуць тыя, хто будзе блакаваць, будуць страты. Але гэта шлях. Гэта паступовы працэс. Адразу нельга будзе нават забараніць ужыванне рускай мовы. Павінен быць пераходны перыяд, трэба зрабіць адмысловыя ўмовы, каб не было такога — ці выкладай па-беларуску, ці звальняйся.
Для першакласнікаў усё будзе лягчэй, яны адразу будуць вывучаць расійскую літаратуру ў раздзеле замежнай, разам з французскай, нямецкай і г.д. З малых гадоў працэс будзе гарманічным. Да старэйшых школьнікаў павінен быць іншы падыход.
І на ўсё гэта будуць патрэбныя талковыя настаўнікі.
— А яны засталіся?
— Веру, што і там засталіся, і тут я сустракаю розных людзей, у тым ліку шмат падлеткаў, якім зараз 14-17 гадоў, якія ў Беларусі не размаўлялі па-беларуску, а тут размаўляюць, якія сябе самаідэнтыфікавалі менавіта ў эміграцыі. Веру ў тое, што і яны прынясуць тую асвету ў Беларусь.
Безумоўна, не ўсе, хто з'ехаў, вернуцца. Шмат бытавых пытанняў затрымаюць: школы, універсітэты, добрая праца. Ды і проста сіл можа не хапіць, каб зноў пачынаць усё спачатку.
Я таксама разумею, што калі вярнуся дадому, мне прыйдзецца будаваць сваё жыццё нанава. Гэта зноў стрэс для мяне і маіх дзяцей. Сама не магу ўявіць, што адмоўлюся і не вярнуся, але не ведаю, ці вярнуцца мае дзеці, калі яны паступяць у мясцовыя ўніверсітэты. Дапускаю, што ў нас будзе падзелена сям'я.
— Вы сказалі, што тыя людзі, якія ходзяць на расійскія канцэрты, аплочваюць вайну. Але гэта эмацыйнае асуджэнне. А хто павінен несці сапраўдную адказнасць у культуры за тое, што адбываецца цяпер?
— Усе тыя, чыімі рукамі гэта зроблена. Канешне, глядач — гэта ахвяра ўплыву. Але тыя, хто гэта ўсё запускае, не могуць не разумець, што культура — інструмент. Чалавек, які валодае гэтым інструментам, мае вялікую адказнасць.
На жаль, культуру таксама можна выкарыстоўваць дваяка. Зараз і расійскія артысты, і некаторыя беларусы, хто дарваўся да сцэны, працуюць на зло. Тыя, хто піша гэтыя дурныя песні, хто адкрывае рот і спявае — усе павінны несці за гэта адказнасць.
Нам вядомыя выпадкі, калі кіраўнікі калектываў не толькі пагаджаліся звальняць людзей па нейкіх спісах, а нават самі беглі і даносілі на сваіх артыстаў. Гэта нічым нельга апраўдаць, дзеля чаго б яны гэтага не рабілі.
Наогул людзі ўнутры краіны, якія маюць нейкі ўплыў на іншых і лічаць, што могуць сабе дазволіць нічога не мяняць у сваім жыцці, працаваць, падпяваць, павінны разумець, усё мае свой кошт. І іх маўчанне таксама.
— А яны на гэта адкажуць: добра вам там, у Еўропах, разважаць, а нам трэба дзяцей карміць.
— Слухайце, у нас тут людзі з кансерваторскай адукацыяй прыбіраюць хаты, проста каб выжыць, дырыжоры працуюць на будоўлі.
У кожнага ёсць выбар. Далёка не кожнаму артысту там прыставілі пісталет да скроні і сказалі — спявай ці заб'ем. Для большасці гэта быў усвядомлены выбар. І адны, з дзецьмі, крэдытамі і даўгамі, усё кінулі, а другія не.
Я ўжо не кажу пра тых, хто сам набывае білеты на тыя канцэрты. Ці могуць яны іх не набываць, а паехаць развеяцца і адпачыць, напрыклад, на прыроду?
Колькі я чула ў 2020 годзе: што ты сабе думаеш, у цябе ж дзеці. Амаль няма тых, у каго б не было ніякай адказнасці ў жыцці. Ёсць ці дзеці, ці крэдыты, ці яшчэ штосьці, што можна згубіць.
Але гэтым і адрозніваецца чалавек, які пагаджаецца ўзяць адказнасць за сваё жыццё ў свае рукі. Аднак былі і ёсць тыя, хто чакае, што хтосьці здабудзе перамогу, а яны ёй скарыстаюцца.
— А як мы тут можам змагацца?
— Так, гэта цяжка, таму я і адчуваю ўвесь час гэта пачуццё віны, ведаючы, што зараз у турмах забіваюць людзей. Там кожны дзень не проста абмежаванне волі, а сапраўдны фізічны боль, катаванне, знішчэнне.
І ад гэтага бяссілля проста хочацца ўзяць нейкую арматуру ў рукі ці зброю і пайсці разбіраць гэтае Акрэсціна на цагліны. Напэўна так і адбудзецца аднойчы.
Што мы можам рабіць тут? Распавядаць паўсюль пра тое, што адбываецца ў Беларусі, спрабаваць даносіць гэта да тых, ад каго можа штосьці залежыць.
Я не магу маўчаць, з «Вольным хорам» мы працягваем рабіць не проста канцэрты, а акцыі. Расказваем, што ўтрыманне людзей у беларускіх турмах — гэта давядзенне іх да смерці. Часам мы нават прозвішчы палітвязняў, якім прысвячаем песні, не можам называць, таму што на іх гэта можа адбіцца. І гэта таксама тлумачым.
На канцэртах падыходзяць родныя палітвязняў і дзякуюць. Для іх гэта важна. Падтрымаць кагосьці, паказаць, што мы сапраўды не забудзем і не збіраемся нікому дараваць.
— Ці згодная вы з тым, што мы паўсталі ў 2020 годзе і ў нас нічога не атрымалася?
— Не люблю гэтых размоў пра тое, што «мы не дажалі». Трэба ўлічваць, што намі ўсё ж такі ніхто не кіраваў. Таму атрымалася як ёсць.
Але нельга казаць, што мы нічога не дасягнулі. Гэта няпраўда. Гэта быў гістарычны момант, падобны ўпершыню. Ніколі столькі людзей не былі ўключаны ў барацьбу ў сучаснай гісторыі.
І тыя змены ў грамадстве, якія адбыліся ў 2020 годзе, нікуды не дзенуцца. Памяць нікуды не сыдзе і абавязкова дасць вынікі. Зараз у нас такі этап.
Паглядзіце на Польшчу, якая змагалася за сваю незалежнасць 10 гадоў. Так, страшна думаць, што ўжо хутка наступныя выбары, а мы ўсе ніяк не можам штосьці змяніць. Але я, як і шмат хто, не ўспрымаю людзей, якія зараз абвясцілі сябе ўладай Беларусі, як уладу.
Гэта бандыты. Краіна знаходзіцца ў закладніках. У яе задача — выжыць у гэтым палоне нейкім чынам.
— Хачу, каб вы патлумачылі партрэт беларускага ката, які трымае ў жаху ўсю краіну, але баіцца песень, шкарпэтак, розных колераў і нават думак.
— Для мяне яны слабакі. Абсалютна слабыя, няшчасныя і проста хворыя людзі. Ніякія яны не мужныя.
Глядзіце самі, з кім яны змагаюцца — з безабароннымі жанчынамі, дзецьмі, бяззбройнымі мужчынамі, урываючыся ў іх дамы. Упяцёх на аднаго, нават на жанчыну.
Сам-насам ніхто з іх блізка не падыдзе. Усе баязліўцы. Тут як з хатнім гвалтаўніком. Гэта заўсёды хворы і няўпэўнены ў сабе чалавек, які проста не можа адчуць сваю значнасць, пакуль нікога не прынізіць.
Хто ідзе ў беларускія сілавыя структуры? Людзі з вёскі з разуменнем падлетка, якія ніколі не здужаць нармальную адукацыю.
Дарэчы мяне затрымлівалі шасцёра. Яны ўсе адначасова накінуліся на жанчыну, якая не супраціўлялася і быццам бы не выглядае як рэмба. Я проста выйшла з крамы з торбай, а мяне падхапілі пад рукі і пацягнулі.
Атрымліваецца, што нават мяне спужаліся, бо мог бы падысці адзін і паведаміць: «Гражданка, вы арестованы».
— Вы вельмі напужаліся?
— Страшэнна. У гэты момант я сябе адчула маленькай бездапаможнай дзяўчынкай. Пасля я правяла на Акрэсціна чацвёра сутак, і, хоць гэта было тры гады таму, помню кожную хвіліну і кожны твар. Я б хацела гэта забыць, але помню, быццам бы гэта было ўчора.
Допыты пачаліся прама ў тым бусе пасля затрымання. Увечары я проста малілася, каб мяне ўжо адвезлі ў камеру і адчапіліся.
Было відаць, што яны не зусім разумелі, чым я займаюся, прадстаўлялі мяне «дырыжорам усіх хораў Беларусі».
— Такая моц ішла ад таго, што вы рабілі, што яны прыдалі гэтаму маштаб усёй краіны. Але ж вы сапраўды казалі, каб не пачалі ціснуць, да вас магла б далучыцца ў тыя дні ўся краіна.
— Яны менавіта так і лічылі, што з намі спявала ўся краіна. Задавалі адны і тыя ж пытанні па коле, увесь час мацюкаліся, таму я не адразу магла зразумець сэнс пытанняў. У мяне слых да такога не прызвычаены.
Ад іх зыходзіла моцная агрэсія, сыпаліся пагрозы, што больш ніколі не ўбачу дзяцей. Дзякуй богу, фізічнага гвалту не было.
Але быў такі момант, кіраўнік Савецкага РАУС пацікавіўся, чаму я выйшла на вуліцу. Адказала, што я супраць падману і гвалту. Ён наблізіўся мне да твару, зазірнуў у вочы і так здзекліва спытаў: «А вас что, насиловали?».
Мне стала страшна, бо гэта гучала як пагроза. Я баялася з кімсьці там заставацца сам-насам. Калі казала нешта пра закон, пра 72 гадзіны, адказвалі, што будуць перазатрымліваць па коле.
І на трэці дзень да мяне сапраўды падышлі і сказалі, што мяне перазатрымалі. Гэта мяне трохі падламала, але на наступны дзень пасля двух судоў мяне ўсё ж выпусцілі.
Дарэчы ўвесь час, калі я за імі назірала, мяне не пакідалі думкі, што гэта дарослыя мужыкі, у форме, з кабінетамі, ім што заняцца больш нечым, толькі размаўляць са мной пра музыку?
Распавядала ім, якія песні ведаю, а яны спрабавалі высветліць, якія з іх кепскія, а якія добрыя. Прачытала нават маленькую лекцыю пра сучасную музыку.
І ўсё ж галоўнае ўражанне пра тое, якую пагрозу, па іх разуменні, прадстаўляла песня. Часам нехта адчыняў дзверы і адзначаў: «Глядзіце, гэта тая тэрарыстка», быццам яны затрымалі невядома якога рэцыдывіста.
— Чаго яны ўвогуле ад вас дабіваліся на тых допытах, каб вы прызналіся ў тым, што атрымалі шмат грошай, сабралі хор і пайшлі браць уладу?
— Так, яны хацелі даведацца, хто нам плоціць за тое, што мы спяваем. Калі адказала, што робім гэта бясплатна, не паверылі: «Такога не бывае». Дапытваліся, хто ў мяне жыве за мяжой? А ў мяне палова родных жыве, напрыклад, у Ізраілі. Але іх цікавіла Польшча.
Было цяжка гэта вытрымаць, бо пасля чарговага зусім дурнога допыту адразу пачынаўся наступны. Яны мне паказвалі відэа, дзе я дырыжырую ў дварах. Адмаўляцца было бессэнсоўна, бо ў мяне твар быў адкрыты.
Увесь час патрабавалі назваць хоць нейкія прозвішчы, але казала, што ўсюды побач рандомныя людзі, якіх я не ведаю. Пераконвала іх у тым, што я музыкант, дырыжор, і калі людзі спяваюць, у мяне рука рэфлекторна торгаецца і я пачынаю дырыжыраваць.
Ужо расказвала ў інтэрв’ю пра скарачэнне «ВХ» у запісной кніжцы. Так было пазначана шмат імёнаў, і яны, канешне, прычапіліся, што гэта значыць.
Пакуль я ліхаманкава прыдумляла, як падставіць нешта накшталт «воскрес Христос», раптам у іх з’явілася версія: «Гэта абазначае «Веры Харужай». Кажу, так, гэта «клуб аматараў Веры Харужай».
Спрабавалі шукаць кагосьці ў маім тэлефоне, але ў мяне там некалькі сотняў нумароў, падпісаных прыкладна так «Пеця-бас», «Наташа-сапрана». Калі пыталі, хто гэта, так і адказвала — музыкант ці спявак. Відаць, яны вырашылі, што ім столькі музыкантаў не патрэбна.
Але чаго я сапраўды баялася, гэта пытання пра рэпетыцыі, бо гэта была наша болевая кропка, мы павінны былі збірацца ўсе ў адным месцы, і гэта было вельмі небяспечна. Аднойчы перад рэпетыцыяй на нас нават зрабілі аблаву.
Таму я ўвесь час думала, які б адрас назваць, каб ён быў сапраўдным, і нікога не падставіць. Але яны так і не здагадаліся, што хору трэба репетаваць, відаць, так і ўяўлялі сабе, што я хадзіла па дварах, бачыла тых, хто спяваў, падыходзіла і дырыжыравала.
— Дарэчы вы казалі, што адзін канцэрт запісвалі дзесьці па суседству з жыллём АМАПа.
— У Беларусі мы паспелі зрабіць два канцэрты. Першы запісвалі ў Зялёным бары, дзе жыве шмат сілавікоў. Але іншых варыянтаў не знайшлі, таму каб 70 чалавек дабраліся незаўважна, збіраліся і сыходзілі па чарзе, невялікімі групамі.
Другі канцэрт мы запісвалі побач з ваенным гарадком, на былой ваеннай базе. Гэта быў закінуты ангар без электрычнасці, прыйшлося лавіць сонечныя прамяні, але запіс, які называўся «Муры», усё роўна атрымаўся вельмі цёмным.
Адзін з пунктаў для рэпетыцый быў побач з будынкам КДБ. Калі было горача, мы спрабавалі адчыняць вокны, але на вуліцы збіраліся людзі і пачыналі апладзіраваць.
— Хто прыдумаў назву хору?
— Не я. Гэта было праз два тыдні існавання калектыву, мы абмяркоўвалі варыянт — «Лятучы хор», таму што мы лёталі па Мінску, і тут адзін з арганізатараў (нас было шасцёра) прапанаваў па-руску «Свободный хор», а хтосьці адразу пераклаў — «Вольны хор».
Таксама адзін з арганізатараў прыдумаў вулічныя акцыі і флэшмобы. Я ж шукала рэпертуар, рабіла апрацоўкі, запісы, праводзіла рэпетыцыі, праслухоўвала новых людзей і рыхтавала хор да акцый і канцэртаў.
Калі зараз аналізую аб’ем працы, які я паспявала рабіць у тыя месяцы, не веру, што такое магчыма. Ужо напрыканцы верасня мы запісалі альбом «Годныя песні».
І гэта былі староннія людзі, якія сустрэліся месяц таму. Любы музыка ведае, што патрэбен час, каб пазнаёміцца, спецца, вывучыць партыі і вельмі шмат рэпетаваць. Звычайна, гэта доўгі працэс, тым больш для аматараў.
Таму тое, што мы праз месяц на запісу гучалі, як сапраўдны хор, які ўсё жыццё разам, гэта быў адпаведны ўзровень адрэналіну і проста нейкі цуд.
Дарэчы, мы дагэтуль спяваем бясплатна. «Вольны хор» — цалкам валанцёрскі праект, ён застаецца спосабам змагацца за ўсіх нас.
— Вы не былі з тых, хто прачнуўся ў 2020 годзе. На прыкладзе вашага мужа ведалі, што ў Беларусі могуць быць спісы неблаганадзейных спевакоў, забарона сцэны.
— Так, у мяне асабіста Беларусь і беларускасць былі даўно. Проста ў 2020 годзе так спрацавала, што мая прафесія аказалася вельмі запатрабаванай.
Гэта адбылося раптоўна, калі я ўбачыла выступ спевакоў на прыступках філармоніі. Гэта было бамбічна. У той момант я знаходзілася за 180 км ад Мінску.
Адразу напісала свайму калектыву, што заўтра мы стаім на прыступках філармоніі, ці больш мы не хор. І на наступны дзень я ўжо была там і мы спявалі «Магутны Божа».
Наогул у мяне, як і шмат у каго ў тыя дні, такі настрой быў упершыню. Упершыню я пайшла ў ініцыятыўную групу Бабарыкі.
— Мяркую, што ў тыя насычаныя працай дні вы рэдка былі ў доме.
— Муж усё разумеў, хоць і глядзеў на ўсё вельмі скептычна. Ён ужо шмат разоў гэта праходзіў, таму не верыў, што штосьці можа змяніцца, але бачыў, што я ўлезла па вушы.
Таму ён застаўся на гаспадарцы. У нас двое дзяцей, і ён узяў на сябе тылы.
Але дзецям таксама не было ўсё роўна. Яны ведалі і пра выбары, і пра астатняе. Мы жылі ў Астрашыцкім гарадку, я вазіла іх там у школу. А мянты там стаяць на кожным кроку.
І вось кожны раз вязу дачку, а яна адчыняе акно і паспявае крыкнуць: «Лукашэнку ў аўтазак». Кожны раз баялася.
Калі мяне затрымалі, не маглі знайсці тэлефон. Кажуць, паехалі шукаць дадому. А я згадала, што ў нас у доме ёсць сцяна, на якой дзеці малююць, і там намаляваны вялікі БЧБ-сцяг і яшчэ некалькі яскравых лозунгаў. Думаю, не, дадому нельга, кажу, давайце лепш у машыне пашукаем.
Мы размаўлялі з дзецьмі як з дарослымі, так і казалі: калі да нас будуць грукацца ў дзверы, трэба ціхенька выйсці праз другі ўваход, пералезці праз плот і пайсці да суседа. Усё было дамоўлена, у кожнага была паперка з тэлефонам майго адваката і сяброўкі.
Яны, канешне, вельмі напужаліся, калі мяне затрымалі, але было б яшчэ горш, калі б мы іх ні аб чым не папярэдзілі. Вельмі шмат сяброў падтрымалі нас у той час.
— Вы казалі, што вашы калегі музыканты вымушаны ў эміграцыі працаваць і прыбіральшчыкамі, і на будоўлі.
— Пра сябе магу сказаць, што ўвогуле ў мяне не атрымліваецца ніякім чынам наладзіць тут жыццё. Два з паловай гады я знаходжуся тут, але не будую польскае жыццё, а будую беларускае жыццё. Усё, што я раблю, накіравана на беларускасць.
У мяне няма працы, кожны месяц не ведаю, як мы будзем плаціць за кватэру. Часам стамляешся ад невядомасці, што будзе далей.
У мяне шмат занятасці, актыўнасці, але гэта ўсё не аплочваецца. Нават у музычнай школе я ледзь знаходжу грошы, каб заплаціць настаўнікам. Бывае, атрымліваем нейкія гранты, але гэта часова і хапае толькі каб некалькі месяцаў пратрымаць школу. Я прыватна выкладаю вакал і гэта адзіны больш-менш сталы даход.
Галоўная праблема за мяжой, асабліва для людзей творчых напрамкаў, якія больш нічога не ўмеюць, у тым, што яны вымушаны сыходзіць з прафесіі.
Патрапіць у музычны польскі свет могуць не ўсе. Таму оперныя спевакі працуюць у рэстаранах афіцыянтамі і памочнікамі повару, мужчыны ўладкоўваюцца на будоўлю ці ахоўнікамі. Для мяне гэта вельмі цяжкая страта. Хтосьці сумяшчае, выкладае музыку для беларускага асяроддзя. Але сумных гісторый шмат.
І да ўсяго гэтага яшчэ эмацыйныя праблемы, якія проста комам валяцца. Тое адчуванне бездапаможнасці, калі ты не можаш нічога змяніць, жаданне вярнуцца дадому.
Для шмат каго з нас Вільня ці Варшава — цалкам рандомны выбар, насамрэч ты не хочаш тут заставацца, ты хочаш дамоў.
Аб чым я мару? Апынуцца на нашым хутары, у нашым месцы сілы хаця б на колькі дзён.
Можа таму зараз у нас няма ні ялінкі ў кватэры, бо столькі ўсяго адбываецца, што свята не лезе ў хату.
— На чым трымацца?
— Я не дам рэцэпту. Проста трэба жыць, бо я ж не магу не жыць, у мяне ёсць абавязкі. Яшчэ калі трапляеш у святло музыкі, пачынаеш спяваць, хаця б на нейкі час цябе быццам уздымае.
Наогул мне цяжка сабе ўявіць, як людзі выжываюць без музыкі, спевы насамрэч вельмі дапамагаюць.
Трымае тое, што паспяваю штосьці зрабіць для нашай будучай Беларусі, магчыма, гэта мая місія.
Так, маё жыццё ў Беларусі зруйнавана, я пачала будаваць яго ў іншай краіне, прымусова, нейкім чынам тут барохтаюся, але ўвесь час гляджу ў бок Радзімы, увесь час гляджу на гадзіннік — калі я змагу вярнуцца. І ўсё ж гэта не канец…
«Мы пераканаліся, што творцы не апусцілі рук». У Варшаве завяршыўся Першы кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі
«Я як Аліса — патрапіла ў краіну цудаў». Стваральніца «Вольнага хору» расказала, якія музычныя скарбы знайшла ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане
«Замест «Лукашэнку ў аўтазак!» заспяваць «Магутны Божа». Кіраўніца «Вольнага хору» расказала пра допыты, «Калінку-малінку» і нацыянальную ідэю
Каментары