«Я веру ў сілу напісанага». Як беларуска дапамагае лістам трапіць у Беларусь да палітвязняў
«Чакай мяне, чакай столькі, колькі будзе патрэбна», — спявае ў альбоме «Лісты палітвязням» Лявон Вольскі. Лісты — гэта форма чакання, кажа нам беларуска Кацярына, якая ў Варшаве робіць працу ледзь не цэлага аддзялення «Белпошты» — знаходзіць лістаношаў, якія перавозяць карэспандэнцыю ў Беларусь. Гэта вельмі важнае звяно на доўгай дарозе лістоў і паштовак да людзей у няволі, піша Белсат.
«Ідэя не новая, але мне падказала яе актывістка і былая палітзняволеная Іна Шырокая. Раней, яшчэ ў 2021 годзе, жывыя — папяровыя — лісты даходзілі з Польшчы і праз міжнародную пошту. Мы нават атрымлівалі адказы з Беларусі. Але час змяняецца, умовы становяцца больш жорсткімі. Каб павялічыць імавернасць таго, што ліст трапіць да адрасата, беластоцкія актывісты пачалі іх перапраўляць у Беларусь уручную — праз кур’ераў. Мы ў Варшаве таксама пачалі так рабіць», — распавядае Кацярына.
Больш шанцаў, больш надзеі
Дарога такая: аўтар ліста перадае яго Кацярыне, яна — актывістам у Беласток, далей пасланне трапляе да людзей, якія выконваюць ролю свайго кшталту паштовых галубоў (ці анёлаў) — перавозяць лісты ў Беларусь. Там купляюць ды наклейваюць на канверты маркі і апускаюць іх у паштовыя скрыні. Далейшы шлях — па-за кантролем.
Трохі ўжо нагадвае сюжэт з антыўтопіі Віктара Марціновіча «Мова», што праўда, лісты і паштоўкі ў Беларусі не прызнаныя, дзякуй Богу, наркатычным рэчывам (як беларуская мова ў сюжэце згаданага раману) ці кантрабандай.
Але ў сённяшняй сітуацыі нават транспартаванне віншавальных паштовак не гарантуе поўнай бяспекі. Таму прафесійных курʼераў не існуе. У ролі лістаношаў — звычайныя людзі, якія з гледзішча бяспекі бяруць з сабой толькі некалькі лістоў ці нават адзін. Стосаў ніхто не перавозіць. Гэта было б вельмі рызыкоўна, зазначае Кацярына.
«Зразумела, што гэта толькі адзін са спосабаў даставіць ліст у Беларусь.
Зазначу, што гэтак выходзіць танней, чым перасылаць адсюль поштай. Бо тут толькі на марку трэба аддаць 8 злотых. У Беларусі ж яна будзе каштаваць усяго 80 капеек. Але пытанне, вядома, не ў грошах, а ў тым, што падвышаюцца шанцы таго, што ліст дойдзе куды трэба. Я б сказала, такі спосаб дае больш надзеі», — адзначае нашая суразмоўца.
Ліст за краты — больш чым ліст
Праз рукі Кацярыны цягам года прайшлі сотні лістоў, адрасаваных за краты ў Беларусь. І лісты да сваякоў, якія застаюцца ў зняволенні, і лісты салідарнасці — да незнаёмых палітвязняў. Шмат якія без зваротнага адрасу ці з так званым дзяжурным адрасам для вяртання. Звычайныя і заказныя. Лісты і паштоўкі. У перадкалядны перыяд іх было вельмі шмат, зазначае Кацярына.
Яна ўдакладняе, што не заўсёды перадае карэспандэнцыю праз Беласток. Калі знаходзяцца лістаношы, лісты ляцяць проста з Варшавы («І ўзляціць над зямлёй белы птах», — пяе Лявон Вольскі).
«У паштоўках усе зычаць здароўя і найхутчэйшага вызвалення. А яшчэ — сілаў вытрымаць гэта ўсё», — гаворыць Кацярына.
Яна сама піша лісты палітвязням ад рукі. Часцей за ўсё выбірае на сайце «Dissidentby» у якасці адрасатаў тых людзей, якім мала хто піша. Распавядае ім пра нейкія простыя рэчы, якія адбываюцца вакол яе. Распавядае пра сябе. Але вельмі асцярожна, бо паміж ёй і патэнцыйным атрымальнікам стаіць прывід турэмнага цэнзара.
«Таму, вядома, гэта цяжка — пісаць такія лісты. Яны не вельмі змястоўныя, у іх зашмат агульных фразаў. Але я лічу, што тут важны не змест, а сам факт. Гэта як з падарункам на святы: ён можа быць недарагім, але як знак увагі не мае цаны для чалавека», — гаворыць жанчына.
«Зважаючы на тое, у якіх умовах сацыяльнай дэпрывацыі ўтрымліваюцца цяпер палітвязні, кожны такі знак звонку мае велізарнае значэнне. Гэта тут, на волі, мы ўспрымаем ліст як спісаны лісток паперы, а там гэта нешта куды большае. Штосьці, што вызначае нават чалавечыя лёсы», — дадае Кацярына.
Напісаныя ад рукі словы мацнейшыя за прамоўленыя
У Беларусі Кацярына працавала масажысткай і, як прызнаецца, да 2020 года жыла звычайным жыццём — сямʼя ды прафесія. У 2020-м гэтага было ўжо мала. «Жыццё запатрабавала ад мяне большага», — кажа жанчына.
Яна актыўна падтрымлівала палітвязняў яшчэ ў Беларусі. Але ў 2021 годзе вымушаная была выехаць з краіны. У Польшчы Кацярына супрацоўнічала з рознымі ініцыятывамі, а цяпер сама спрабуе рабіць важную грамадскую справу.
«У побытавым разуменні ліст — гэта заўжды нешта цёплае, бо лістамі зазвычай абменьваліся блізкія людзі. У дачыненні ж палітвязняў гэта, мне здаецца, адзін з найважнейшых спосабаў выказвання нашай салідарнасці.
Я веру ў сілу напісанага. Гэта мацней за проста падуманае ці прамоўленае. Напісаць — гэта ж патрабуе энергіі душы. Шмат хто аддае гэтую сілу і энергію на сацсеткі, марнуе на бульбаспрэчкі. Калі б укладалі ў лісты — было б нашмат прадуктыўней», — лічыць Кацярына.
Папяровыя лісты патрабуюць іншага ўзроўню культуры, заўважае беларуска.
Кінутая ў мора бутэлька?
Яна ўпэўненая: інфармацыя пра тое, што нашыя лісты не даходзяць да палітвязняў, не павінна нас знеахвочваць.
«Трэба ўсё адно пісаць! Дарэмна? Той, хто цярпіць катастрофу, кідае бутэльку з цыдулкай у мора. А дзеці пішуць лісты да Бога. Таксама дарэмна, скажаце? Не! У нас тое ж самае цяпер. Хай гэта будзе адзін ліст на тыдзень. Ці нават на месяц. Бо тады атрымаецца аж 12 за год. Ага, як у Лявона Вольскага! Гэта ўжо нямала», — пераконвае Кацярына.
Нават калі з гэтых лістоў наглядчыкі распальваюць вогнішчы ва ўнутраных турэмных дворыках — усё адно трэба пісаць, перакананая Кацярына. Спаліць усё не здолеюць. Штосьці прабʼецца.
Шмат якія беларусы ў Варшаве ўжо ведаюць, што лісты ў Беларусь можна перасылаць праз Кацярыну (у рэдакцыі ёсць ейны кантакт). Лісты палітвязням можна таксама пакідаць для Кацярыны ў адмысловай скрыні ў прасторы «Робім разам» на плошчы Канстытуцыі, 6 у Варшаве. А ў Беластоку — звязвацца з прадстаўнікамі Асацыяцыі палітвязняў Беларусі.
«Дык адшукай мяне — і паляцім над шэрай зямлёй. У гэтай камеры, сыходзячы, пагасім святло…» — пяе Вольскі ў сваім лісце-песні, што называецца «Надзея».
Як яшчэ можна павіншаваць палітвязняў са святамі?
- Напісаць ліст на сайце «Dissidentby». Зразумела, што ініцыятыва, з увагі на цяперашнія ўмовы і ўзровень рэпрэсіяў, не гарантуе ўручэння ліста паводле прызначэння. Але дасланы ліст будзе захоўвацца на сайце да запатрабавання адрасатам (ліст, напісаны ад рукі, можна заладаваць і ў банк лістоў на сайце). То бок вашае пасланне рана ці позна прачытаюць. Яго таксама можна апублікаваць на сайце.
- Скарыстацца формай Майстэрні паштовак салідарнасці. Ваш ліст ці паштоўка будуць перапісаныя ад рукі валанцёрамі гэтай ініцыятывы і дасланыя на пазначаны адрас.
- Даслаць палітвязню ліст праз праект politzek.me. Ліст універсальнага характару можна адправіць з сэрвісу адразу некалькім палітзняволеным.
- Адправіць паштоўку ці напісаць ліст пры дапамозе праекту Письмо.бел. На сайце шмат прыгожых паштовак, палітвязню можна даслаць таксама пусты канверт для ліста ў адказ. Напісаць, выбраць паштоўку і аплаціць дастаўку. Лісты адпраўляюцца ў раздрукаваным выглядзе праз «Белпошту».
- Яшчэ адзін спосаб, які рэкамендуюць праваабаронцы, — дасылаць палітвязням віншавальныя тэлеграмы. Але з-за мяжы гэтага не зробіш. Толькі з аддзялення «Белпошты» ці праз тэлефон 166.
Грашовы перавод у калонію могуць зрабіць толькі сваякі палітвязня. У СІЗА — любы чалавек, але толькі з тэрыторыі Беларусі.
У гэты час, калі святло пачынае нарастаць, а цемрадзь — курчыцца, вельмі важна падтрымаць людзей у няволі. Даць ім знак надзеі і сілы. Даць ім знаць, што мы іх чакаем (бо «лісты — гэта форма чакання») і што святло абавязкова пераможа. Яно ўжо перамагае…
Каментары