Грамадства11

«Мой дзядзька Павел». Паўлу Севярынцу — 47 гадоў

Сёння свой 47-ы дзень народзінаў сустракае Павел Севярынец. Дзясяты раз за кратамі. Севярынца — палітыка, літаратара ведаюць многія чытачы. А які ён для сваіх, самых блізкіх? «Новы час» публікуе аповед пра Паўла яго пляменніцы — Любы.

У бабулі з дзядулем сцены завешаныя малюнкамі. У дзяцінстве я хадзіла ў прыцемку калідора, задраўшы галаву, і толькі зрэдчас, як дзядуля падымаў на рукі, магла ўвачавідкі паразглядаць цёмна-зялёныя галіны дуба ці цэглу старога касцёла, нарысаваныя каляровымі алоўкамі. Тады я зацікавілася жывапісам. 

Калі дапамога дзядулі перастала быць мне патрэбнай, у вока стаў кідацца іншы рысунак: два цені ў профіль, што сядзяць на муры, адзін схілены да другога і нешта яму паведамляе. У руках таго — дрэўка, а на ім, па-над галовамі, чырванее сцяг. Тады жывапіс цікавіў мяне ўжо пастолькі-паколькі, хваляваў сюжэт.

Я не адразу даведалася, што тыя рысункі — дзядзькавы. 

Для маленькай мяне дзядзька Павел быў ледзь не самай таямнічай фігурай у нашай сям’і, бо бачыла я яго, не дзіва, рэдка. Большасць маіх дзіцячых успамінаў датычная яго толькі пасрэдна, як тыя малюнкі на сценах, як кнігі на палічках у ягоным пакоі, фотаздымкі — у дзядулевым, штодзённыя бабуліны малітвы ці маміны расповеды. Цяпер такіх жа абдзеленых маленькіх дзяўчатак і хлопчыкаў у разы болей, чым было тады. Страшней за паўтары тысячы палітзняволеных толькі мільярды адабраных супольных хвілін і тысячы не створаных разам успамінаў. І ўсё адно, нягледзячы на перыядычны брак магчымасці бачыцца ўжывую, для мяне дзядзька быў і дагэтуль ёсць фігурай важнай і страшэнна ўплывовай.

Кожным разам ва Унорыцы распавядалі пра цудоўныя здольнасці дзядзькі кіраваць лодкай. Я чула тое дзясяткі разоў, але апынуцца ў чоўне пад кіраўніцтвам ягонай загартаванай лесапавалам рукі мне давялося толькі аднойчы.

Тым разам мы ледзь не заблукалі на дзікім рачным востраве, але ніхто не хваляваўся: Павел як нічога ніякага вышукваў пярліны ў кіпе засохлых мідый.

Тады я вельмі захацела навучыцца майстэрству заўсёды ў любой незразумелай сітуацыі шукаць нешта добрае. І, вядома, кіраваць лодкай.

Некалі, відаць, тым самым летам, мы з братам Іллём захапіліся камянямі, а няма лепшага месца на падобнага кшталту захапленні, чым на дзікіх берагах Дняпра. Ну і нешта мы грэбаліся ў пляжным пяску, вялі, мабыць, нейкія сур’ёзныя гутаркі наконт навуковай вартасці таго ці іншага экзэмпляра, і ў нейкі пэўны момант да нас далучыўся дзядзька Павел.

Вось тады ўсё стала сапраўды сур’ёзна: нашыя аскепачкі луны аказаліся белай слюдою, а скамянелая костка дыназаўра — палявым шпатам. Ці знікла нашае дзіцячае захапленне пасля той цвярозай і жорсткай ацэнкі нашай здабычы?

Наадварот, мы ў той жа дзень выправіліся ў экспедыцыю за дубраву, дзе некалі пракладвалі нафтаправод (а значыць, раскапалі зямны скарб), і верхаводзіў працэсам наш абраны галоўны геолаг. Седзячы сёлета на камяністым беразе ў Батумі, я з белай зайздрасцю азіралася на тамашніх мяне з братам — мець пад рукою такую крыніцу інфармацыі! Так, камянямі я заглядаюся і далей.

Асоба дзядзькі Паўла як бясспрэчнага аўтарытэта падмацоўвалася яшчэ і тым, што ён размаўляў на нязвыклай для маленькай пяцігадовай мяне мове.

Маімі першымі беларускімі словамі былі, пэўна, «смачна есці» і «дзякуй вялікі». Хтосьці навучыў, што сядаць за стол з дзядзькам Паўлам без гэтага было як мінімум непрыгожа. І вось я, узброеная ўсяго толькі гэтымі двума выразамі, як ночы баялася заставацца з дзядзькам сам-насам, без мамы на падхопе; бо што я зраблю з такім небагатым арсеналам?

Толькі праз некаторы час мне патлумачылі, што гэта Павел размаўляе па-беларуску, і, паводле бабулі, ён перайшоў на яе ў сваім адзінаццатым класе. Як я тады захапілася! Маленькая я паабяцала сабе таксама да свайго адзінаццатага класа здзейсніць такі подзвіг. Што рабілася ў той дзіцячай галаве? З якое прычыны тое дзяўчо так цвёрда і бескампрамісна паставіла сабе мэту, якую будзе памятаць на працягу столькіх гадоў? 

Ведаю толькі, што дзядзька мяне натхняў і працягвае натхняць, кожны дзень. Ды што там, не мяне адну. Што ён падарыў мне вельмі шмат, нават, здаецца, пра тое не ведаючы. Пра мой невялічкі, зусім непараўнальны да ягоных падарунак — гэтыя словы — ён, пэўна, таксама не адразу даведаецца. Але тое не галоўнае, праўда ж?

Адрас для лістоў: Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Севярынец Павел Канстанцінавіч.

Каментары1

  • Лёха
    31.12.2023
    [Рэд. выдалена]

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Усе навіны →
Усе навіны

Саджалі на кол, білі жалезным ключом па галаве. Жыццё, каханне і турэмныя здзекі з класіка белліта Кузьмы Чорнага5

У мінскай краме прадаюць пасылкі, якія згубіліся ў працэсе дастаўкі. Блогерцы папаўся вібратар20

Кошт біткойна пераадолеў мяжу 99 тысяч даляраў

У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго4

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы2

Сёння Лукашэнка едзе ў МДЛУ2

Падчас удару Storm Shadow пад Курскам быў паранены паўночнакарэйскі генерал — The Wall Street Journal1

Расія можа мець толькі некалькі такіх ракет, якую яна запусціла па Дняпры12

Як у 2020-м віцябчук выліў вядро вады на зборшчыкаў подпісаў за Лукашэнку

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І прапанаваў сваю версію трагічных падзей

Галоўнае
Усе навіны →