Некалькі не звязаных паміж сабой крыніц, якія працуюць на БЕЛАЗе, паведамілі «Люстэрку», што затрыманы генеральны дырэктар прадпрыемства Сяргей Нікіфаровіч. Пазней стала вядома, што на заводзе актыўна абмяркоўваюць гэтую тэму, аднак ніякіх афіцыйных абвестак дагэтуль не было. Вядома, што кіраўніка на працоўным месцы няма — і невядома, калі ён вернецца, піша «Люстэрка».
Як распавялі крыніцы, Сяргея Нікіфаровіча затрымалі ўвечары 15 снежня. Суразмоўцы «Люстэрка» сцвярджаюць, што з таго часу топ-менеджар завода знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Адна з магчымых прычын — карупцыя.
Пры гэтым афіцыйных паведамленняў аб затрыманні дырэктара БЕЛАЗа не было ні ад сілавікоў, ні ад Аляксандра Лукашэнкі, які любіць самастойна паведамляць пра такія рэзанансныя справы.
У панядзелак, 18 снежня, журналіст «Люстэрка» патэлефанаваў у прыёмную Нікіфаровіча. Там заявілі, што яго на працоўным месцы няма.
— Сяргей Алегавіч на нарадзе, — адказала сакратарка.
У сераду, адказваючы на прамое пытанне, ці затрыманы Нікіфіровіч, сакратарка сказала, што ёй нічога пра гэта не вядома:
— На працоўным месцы Сяргея Алегавіча цяпер няма, але пра тое, што яго затрымалі, я нічога не ведаю. Дзякуй, што сказалі.
21 снежня журналісты распачалі апошнюю спробу знайсці Нікіфаровіча: пад выглядам сакратара аднаго з расійскіх партнёраў прадпрыемства журналістка патэлефанавала ў яго прыёмную і паспрабавала прызначыць сустрэчу.
— Да Новага года дакладна няма. Сяргей Алегавіч у адпачынку. Вось пасля і тэлефануйце, калі ласка, — сказала сакратарка генеральнага дырэктара, параіўшы звязацца пасля 8 студзеня, калі БЕЛАЗ выйдзе з вакацый.
З панядзелка па чацвер таксама спрабавалі датэлефанавацца на мабільны тэлефон генеральнага дырэктара, аднак ён не падняў слухаўку.
Сяргей Нікіфаровіч нарадзіўся ў 1979 годзе ў Жодзіне. Працоўную кар'еру пачаў на БЕЛАЗе на пасадзе майстра ўчастка. З 2015 па 2017 гады быў намеснікам старшыні Жодзінскага гарвыканкама, затым перайшоў на працу ў Пінскае ААТ «Кузлітмаш», дзе спачатку працаваў намеснікам дырэктара, а пазней узначаліў прадпрыемства. 21 верасня 2020 года яго прызначалі генеральным дырэктарам ААТ «БЕЛАЗ — кіруючая кампанія холдынгу «БелАЗ-холдынг».
Каментары