Кіно

«Пакінь свет у мінулым»: Джулія Робертс у актуальным трылеры пра страхі сучаснага свету

«Пакінь свет у мінулым» — прэм’ера Netflix, сярод выканаўчых прадзюсараў якой Барак і Мішэль Абама, — гэта правакацыйны баявік з цудоўнай акцёрскай гульнёй, які спалучае відовішчнасць з дастатковай колькасцю гумару, каб змякчыць сцэнар краху цывілізацыі.

Leave the world behind
8 снежня на Netflix выходзіць напружаны і адначасова захапляльны трылер «Пакінь свет у мінулым» з зорным складам — Джулія Робертс, Ітан Хоук, Махершала Алі. Гэта экранізацыя аднайменнага апакаліптычнага рамана Румаана Алама. Фота: Netflix

Пагрозы, якія навіслі над трывожным апакаліптычным фільмам Сэма Эсмэйла «Пакінь свет у мінулым», — гэта кібератакі, махлярскі штучны інтэлект, ядзернае знішчэнне і змяненне клімату, а таксама простае старамоднае чалавечае зло. Варыянты гучаць змрочна, але напружаны драматычны сюжэт зробіць іх цікавымі, піша Кэрын Джэймс у аглядзе для BBC.

Кінаадаптацыя рамана 2020 года Румаана Алама — амерыканскага пісьменніка, чые бацькі імігравалі ў ЗША з Бангладэш — прыўносіць гуллівае хічкокаўскае адценне і дадае зорны склад у выглядзе Джуліі Робертс, Ітана Хоўка і Махершалы Алі. У выніку атрымліваецца псіхалагічны трылер пра сям'ю, тэхналогіі і жыццё ў XXI стагоддзі.

Робертс і Хоўк граюць Аманду і Клея Сэндфардаў — пару сярэдняга класа, якая жыве ў кватэры ў Брукліне са сваім 16-гадовым сынам, 13-гадовай дачкой і вялікай расколінай на сцяне спальні. У іранічнай прамове Аманда абвяшчае, што ненавідзіць людзей у цэлым і што яна зняла раскошны дом, акружаны лесам, на Лонг-Айлендзе, каб правесці выхадныя ўсёй сям'ёй. Дрэвы там такія ярка-зялёныя, што фільм з самага пачатку мае крыху гіперрэалістычную аўру.

У іх першую ноч гучыць злавесны грукат у дзверы. Джордж (Махершала Алі) прыязджае са сваёй дачкой Рут, тлумачыць, што дом належыць яму, што ў Нью-Ёрку адбылося сур'ёзнае адключэнне электраэнергіі і што яны хацелі б застацца на ноч.

Хоць роля Джуліі Робертс уключае занадта вялікую колькасць нязграбных радкоў пра змрочнасць чалавечай натуры, актрыса робіць гэтыя маналогі пераканаўчымі, і ёй наогул вельмі пасуе вобраз цынічнага і недаверлівага сямейніка. Яна тонка дадае пласт несвядомай расавай прадузятасці, калі пытаецца ў Джорджа: «Гэта твой дом?». Аманда не можа паверыць, што гэты чарнаскуры мужчына, хоць ён добра апрануты і толькі што вярнуўся з оперы, — уладальнік прыгожа аформленага дома, які відавочна належыць багатаму чалавеку. Але раптам знікае Wi-Fi і тэлефонная сувязь, і яна не можа праверыць яго асобу. Хоўк лёгка ўжываецца ў свайго персанажа, прафесара. Больш даверлівы, чым жонка, ён пераконвае яе дазволіць нечаканым гасцям застацца.

Адной са змен, прыўнесеных рэжысёрам у фільм, было ператварэнне Рут, жонкі Джорджа ў рамане, у яго дачку, маладую жанчыну гадоў дваццаці. Яна ўлоўлівае расавыя прадузятасці і адразу ж робіцца варожа настроенай у адносінах да Аманды, што дадае напружанасці ў гісторыю. Аманда ж лічыць, што Рут — грубая і тыповая прадстаўніца свайго пакалення, і ў нечым яна не памыляецца. Аднак рэжысёр выносіць на першы план хутчэй інтрыгу, чым сацыяльныя пасланні, а таму расавыя і класавыя затоеныя пачуцці адступаюць на другі план — а потым і наогул знікаюць, калі сем'і пачынаюць разам хавацца ад невядомых пагроз.

У фільме змешваюцца тэхналогіі, тэорыі змовы і псіхалагічная напружанасць. Многія страхі персанажаў цалкам зразумелыя — яны ёсць вынікам трывожнай адрэзанасці ад камунікацыі. Без суседзяў паблізу персанажы не маюць уяўлення, ці ёсць адключэнне электраэнергіі чымсьці горшым, чым проста збой электрасеткі. Але злавесныя сігналы хутка назапашваюцца.

Дачка Сэндфардаў Роўз апантаная праглядам серыяла «Сябры», які скончыўся яшчэ да яе нараджэння. Паколькі яе iPad не працуе, яна выходзіць на вуліцу і бачыць на заднім двары аленя. Затым з'яўляюцца яшчэ дзясяткі, амаль празрыстыя. У яе галюцынацыі ці ў прыродзе таксама пачаліся анамаліі? Адсылкі да «Птушак» Хічкока з'яўляюцца ў фільме не аднойчы, як і да фільма «На поўнач праз паўночны захад». Гэтыя штрыхі робяць стужку больш дражлівай і не дазваляюць ёй успрымацца выключна як змрочная пагроза рэальнаму жыццю.

Самыя жудасныя эпізоды занадта спойлерныя, каб іх раскрываць. Рэдка калі корак узнікае з такой пакутлівай прычыны, — яшчэ адно рэжысёрскае дапаўненне рэжысёра да арыгінальнага твора. У адной са сцэн разгортваецца вар’яцкая параноя чалавека, які змагаецца за выжыванне, – і яго пачуцці цяжка пакінуць без увагі.

«Пакінуць свет у мінулым» не асабліва арыгінальны; для гэтага існуе занадта шмат іншых апакаліптычных фільмаў. Аднак гэтае кіно, сярод выканаўчых прадзюсараў якога Мішэль і Барак Абама, можна назваць вельмі своечасовым. Улёткі, скінутыя з дрона, з надпісам «Смерць Амерыцы» — ці то падман, ці то папярэджанне — нагадваюць пра нядаўняе з'яўленне і выдаленне паведамлення Усамы бэн Ладэна ў тыктоку. Прыхільнасць Роўз да «Сяброў» — самая значная сувязь у яе жыцці — пераклікаецца з інтуітыўнай рэакцыяй многіх прыхільнікаў на смерць Мэцью Пэры ў мінулым месяцы. Рэжысёр Сэм Эсмэйл не мог прадбачыць гэтых сувязяў, але яны сведчаць пра тое, як шмат у гэтым фільме момантаў, што нагадваюць пра актуальныя падзеі.

У нейкім сэнсе рэжысёр спадзяецца, што тэрор, паказаны ў фільме, закліча гледачоў да размовы. «Для мяне гэта было пачаткам размовы, — сказаў ён у адным з інтэрв'ю. — Трэба заглыбіцца ў свой розум і разблакаваць страхі, якія ў нас могуць быць наконт нашага свету, — і няхай гэта ўсхвалюе нас настолькі, каб мы захацелі пагаварыць з кім-небудзь пра гэта».

Больш пра кіно:

Бітвы, сэкс і Барадзіно. Расказваем, ці варта глядзець новы «Напалеон»

Нікалас Кейдж у найлепшай форме ў дзіка смешнай камедыі «Сцэнар мары»

Дзесяць новых серыялаў: вось што можна паглядзець

Каментары

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?3

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Усе навіны →
Усе навіны

Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з кірмашу ў Польшчы42

Трамп паабяцаў «жорсткую расплату» ХАМАС, калі ізраільскія закладнікі не будуць адпушчаныя да ўступлення яго на пасаду2

Абвінавачанне ў атручванні чацвярых дзяцей у Краснаярскім краі выставілі іх бацьку2

Устанавілі тарыфы на платны прыём дактарамі3

«Будзе двоеўладдзе: Зурабішвілі паспрабуе перападпарадкаваць сабе дзяржапарат». Якія перспектывы пратэстаў у Грузіі3

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

Чым цяпер жыве доктар Мартаў?6

Зяленскі адмовіўся назваць лічбу ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі з пачатку вайны 3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?3

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Галоўнае
Усе навіны →